Быў тут калісьці сад…

Застаюцца лічаныя дні да сумнага юбілею, які кранае памяць вельмі многіх. Сорак гадоў таму, 26 красавіка 1986-га, нашу зямлю сваім чорным крылом накрыла моцная тэхнагенная катастрофа. Чарнобыльская аварыя пакінула глыбокія зарубкі на сэрцах жыхароў, што пазбавіліся сваіх дамоў, і тых, хто ратаваў родны край ад злыбяды, працуючы ліквідатарамі.

Там, дзе знік чалавечы след

Колькі б часу не мінула, але ва ўспамінах нараджэнца вёскі Рагозна Сяргея Дубіны назаўсёды застанецца той месяц, калі ён непасрэдна сутыкнуўся з вынікамі аварыі на ЧАЭС, адчуў на сабе іх моцнае дыханне.

Юнаку ішоў дваццаць пяты год. Ён служыў памочнікам дзяжурнага па раённым аддзеле ўнутраных спраў.

– Праз дзень-другі пасля падзеі на планёрцы ў Жабінкаўскім РАУС даведаўся пра аварыю, – успамінае Сяргей Лявонцьевіч. – Аднак сапраўдны маштаб трагедыі ніхто тады і блізка ўявіць не мог. Толькі значна пазней, калі стала вядома, як адважныя пажарныя, праваахоўнікі ды ваенныя тушылі крыніцу той аварыі – рэактар, стала зразумела, наколькі вялікая бяда да нас прыйшла.

Актыўна пачалі адсяляць людзей, што жылі за 10 і 30 кіламетраў ад Чарнобыльскай станцыі. Хутка стала зразумела: для ліквідацыі вынікаў аварыі патрабаваліся ўсё новыя сілы.

Сяргей Дубіна выехаў на месца ліквідацыі ў трэцяй ці чацвёртай групе. Яна выправілася на Гомельшчыну ў лістападзе 1986-га, да Новага года вярнуліся дамоў. Аднак гэты месяц, праведзены на атручанай зямлі, на ўсё жыццё запомніўся кожнаму ліквідатару, стаў значнаю часткаю іх лёсаў.

Разам з Сяргеем Лявонцьевічам у той групе былі землякі – супрацоўнікі пазаведамаснай аховы з Жабінкі Сямён Васілюк (на вялікі жаль, яго ўжо няма на гэтым свеце) і Юрый Нітчанка, якому хочацца пажадаць здароўя на доўгія гады.

Калі Сяргей Дубіна выпраўляўся ў сваю камандзіроўку, з хваляваннем развітваўся з жонкай Галінай. Па яе вачах бачыў: маладая жанчына ўсё цудоўна разумее, моцна перажывае і ўсім сэрцам бласлаўляе ў няпростую дарогу. Радасці, вядома, і блізка не было. Аднак існавала разуменне: ты – чалавек у пагонах, а таму загад для цябе святы і выкананне яго абавязковае.

Атрад, у які трапіў Сяргей Лявонцьевіч, размясціўся ў вёсцы Цішкавічы Нараўлянскага раёна, кіламетраў за дваццаць ад атамнай станцыі, у адселенай зоне – у месцах, дзе ўжо знік чалавечы след.

– Звычайна праваахоўнікам даводзілася парамі патруляваць зону, назіраць за парадкам у адселеных вёсках у 30-кіламетровай зоне, – зноў прыгадвае наш суразмоўца.

Уражвала непаўторная прыгажосць тых мясцін. Нават неяк незвычайна і балюча было ўсведамляць, чаму наваколлі назаўжды раптоўна апусцелі. Людзі зніклі, а гаспадарамі стала дзікая жывёла. Нярэдка на снезе можна было пабачыць мноства ваўчыных слядоў, а таксама цэлыя статкі дзікоў адчувалі сябе вельмі вольна ў чарнобыльскіх ваколіцах.

А якія рыбныя месцы аказаліся забруджанымі! Пра гэта суразмоўца гаворыць з асаблівай засмучанасцю. Тутэйшы люд спрадвеку меў рыбныя промыслы на Прыпяці, а цяпер, лічы, ля кожнай пакінутай хаты можна было пабачыць сіратлівыя лодкі-пласкадонкі… Не плыць ім больш па хвалях гожай ракі…

Сяргей Лявонцьевіч прамаўляе далей задуменна, быццам зноў у думках вяртаецца на сорак гадоў назад. Ён цудоўна разумее адчуванні тых людзей, што пакаленнямі жылі на рачных і азёрных берагах, а цяпер раптоўна апынуліся на жыццёвым скрыжаванні. Вельмі няпроста ім далося расставанне.

– Яны ж, мабыць, думалі, што ехалі на час… аказалася, назаўсёды… Бывала такое: заходзіш у апусцелую вёску, а там усё засталося некранутым. Здаецца, вось-вось чалавек вернецца дамоў, а пакуль паехаў з хаты… ну, на дзень або на пару дзён, а потым зноў вернецца гаспадар. Хоць цудоўна ведаеш: не, не вернецца ён і іншыя не прыедуць…вымерла вёска, Чарнобылем атручаная.

Чорны быль прынёс Чарнобыль

Васіль Дзюбанаў нарадзіўся і вырас у той зоне. Ён прыйшоў на свет у Нароўлі. У падлеткавым узросце нават і не думаў, што родныя мясціны будуць аднойчы атручаны, стануць непрыгоднымі для жыцця, а таму давядзецца ехаць у іншы край, шукаць новую радзіму. Аднак так, на жаль, атрымалася пасля выбуху на Чарнобыльскай станцыі.

– Памятаю той дзень, быццам усё было зусім нядаўна, – згадвае Васіль Віктаравіч. – Я тады вучыўся ў Мазырскім політэхнічным тэхнікуме, прыехаў на выхадныя дамоў. І мы з хлопцамі пайшлі ў нядзелю на рыбалку. Стаяла моцная спёка. А ўжо ішлі паціху чуткі, што ў Чарнобылі здарылася нешта небяспечнае. Аднак ніхто тады і прыкладна не ведаў, што такое радыяцыя, як яна выглядае, якімі сродкамі супраць яе змагацца. Людзі адзін аднаму казалі: трэба шчыльна фортачкі зачыняць, каб радыяцыя ў хату не трапіла. Такое было ўсведамленне ў многіх. Ды і гэтых прапаноў мала хто слухаўся. Жылі далей, як раней, старым укладам, хоць трэба было ўжо ратавацца самім і дзяцей сваіх ратаваць.

Аднак у Нароўлі сталі заўважаць: па гарадку ад украінскай мяжы пацягнуліся доўгія калоны аўтобусаў і аўтамабіляў з кіеўскімі нумарамі. Ехалі яны ў глыб Беларусі. Тады ў нараўлянцаў пасяліўся сапраўдны неспакой, усё мацней загучалі размовы пра Чарнобыль, які прынёс чорны быль.

Адразу, як толькі здарылася бяда, аўтобусамі з 30-кіламетровай зоны вывозілі дзяцей. А ў Нароўлі на галоўнай плошчы, залітай яркім сонцам, яшчэ сустракалі з маршамі і кветкамі Першамай. Быццам нічога не здарылася…

Толькі ў канцы мая – пачатку чэрвеня тутэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак сталі нарэшце накіроўваць у лагеры на летні адпачынак. Абяцалі, што дзеці хутка вернуцца, ды бацькі моцна перажывалі. Слёз выплакалі мора пры расстанні.

– Ведаеце, жудасна было ад таго, што горад нібыта вымер, анямеў без дзіцячых галасоў, – скрушна ўздыхае Васіль Віктаравіч, успамінаючы мінулыя неспакойныя дні. – Не праводзіліся масавыя мерапрыемствы, змоўклі дыскатэкі, усё было ахінута цішынёй. Ад гэтага адчувалася сапраўдная жудасць. Горад абязлюдзеў.

Вось нашы дрэвы пладовыя

Праз год, пасля завяршэння тэхнікума, Васіль Дзюбанаў размеркаваўся ў родную Нароўлю ў сельгастэхніку. Выконваючы свае абавязкі, яму даводзілася нярэдка бываць ў зоне адсялення. Акрамя таго, Васіль Віктаравіч быў на той час і дружыннікам па лініі ДАІ. Ужо тады ён атрымаў пасведчанне ліквідатара.

Сумесна з міліцыянерамі і паляўчнічымі даводзілася адстрэльваць бадзяжных сабак. Змагаліся разам і супраць марадзёраў, якія хацелі нажыцца на чужой бядзе. Наш суразмоўца і зараз прыгадвае выпадак, калі затрымалі мясцовага жыхара, што не аднойчы рабіў злачынныя “рэйды” ў забруджаную зону, адкуль вывозіў рэчы, пакінутыя былымі гаспадарамі.

Аднак не ўсе паехалі. У вёсцы Грыдні афіцыйна не павінна было застацца ніводнага жыхара. Ды некалькі старых людзей самастойна вярнуліся на родны падворак.

– Тут нельга жыць. Тут радыяцыя, – папярэджвалі іх.

Але старажылы ўпарта не пагаджаліся:

– У Грыднях мы нарадзіліся, тут і паміраць збіраемся, – і засталіся на сваёй зямлі.

Улады спачатку настойліва прапаноўвалі людзям выехаць з вёскі, а затым дазволілі застацца. Чым маглі, тым іх і падтрымлівалі.

А Васіль Дзюбанаў пасля арміі звязаў свой лёс з праваахоўнымі органамі. Зноў, цяпер ужо па загадзе міліцэйскай службы, ён шмат разоў бываў у зоне. Год ад году бачыў, як усё больш зарастаюць тыя месцы без людскога нагляду. Прырода бярэ сваё, як толькі сыходзіць чалавек. А ён сыходзіў сам і разам з цэлымі паселішчамі.

Вось існавала стагоддзямі на карце вёска з мілагучнай назвай Карпавічы. Знаходзілася паселішча зусім недалёка ад раённага цэнтра Нароўля. Аднак не пашчасціла яму апынуцца паблізу яшчэ і каля “мірнага атама”, што вырваўся на волю.

Васіль Віктаравіч скрушна прыгадвае, як зусім знікла вёска Карпавічы з гэтай зямлі. Была яна цалкам знесена. Вырылі вялізныя катлаваны ля кожнай хаціны, а затым трактары пахавалі былое сяло. Нібыта магілы ўзніклі на месцы Карпавічаў. Людзі разышліся-раз’ехаліся ў суседнія вёскі ды ў іншыя мясціны.

Толькі ў дзень памяці, на Радуніцу, вяртаюцца яны, як птушкі з выраю, на месца, дзе калісь жылі. Кожная сям’я сядае на сваім былым падворку, хоць ад яго ўжо даўно ніякага следу няма. А спытаешся ў іх:

– Адкуль ведаеце, што гэта ваша сяліба?

Адкажуць колішнія жыхары ўпэўнена:

– Вунь, зірніце, прараслі дрэвы пладовыя – нашы яблынькі, грушы, сліўкі жывыя… Быў тут калісьці сад… А цяпер толькі пустка, белы пясочак ды вецер вее…

Летам 1992 года ўсё ж і Дзюбанавым давялося пакінуць родны нараўлянскі край. Для гэтага існавалі важкія прычыны. Жонка Алёна была цяжарнаю, і, каб уратаваць здароўе дзіцяці, яны ўсе разам пераехалі ў Жабінку.

Сям’я атрымала кватэру і дасюль жыве ў горадзе-спадарожніку. Аднак штогод, як прыходзіць вясна, вяртаюцца Алёна і Васіль Дзюбанавы туды, адкуль іх карані, дзе магілы продкаў, дзе захоўваецца памяць пра шчаслівыя імгненні і бяду, што прыйшла нечакана.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.