Гран-пры з “Крынiцы натхнення”

У восьмы раз конкурс ансамблевага і аркестравага выканальніцтва “Крынiца натхнення” сабраў сяброў з усёй Беларусі. Надзвычай прыемна, што найвышэйшую ацэнку творчага прызнання на гэтым музычным спаборніцтве атрымалі жабінкаўцы, якія вярнуліся дамоў са сталіцы з Гран-пры.

Як гэта нярэдка бывае ў сучасным жыцці, педагогі Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў праз інтэрнэт даведаліся пра конкурс, які здаўна мае высокую рэпутацыю ў культурным жыцці краіны пад белымі крыламі. Гэткім чынам у адзін сапраўды шчаслівы дзень у школу прыйшло палажэнне аб правядзенні VIII Адкрытага конкурсу ансамблевага і аркестравага выканальніцтва “Крынiца натхнення”. Першы, адборачны, яго этап праходзіў дыстанцыйна напрадвесні. Для таго, каб прадэманстраваць сваё майстэрства, народнаму аркестру народных інструментаў настаўнікаў дзяржаўнай установы адукацыі “Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў”, які ўзначальвае дырыжор Святлана Зотава, было неабходна выканаць адзін твор і даслаць яго відэазапіс у сталіцу. Жабінкаўскія музыканты і іх кіраўнік, мабыць, здолелі зачараваць і прывабіць патрабавальнае журы мілагучнымі японскімі мелодыямі, калі выканалі твор “Сакура”.

Па выніку першага этапу жабінкаўскія артысты былі запрошаны ў другі, заключны, тур. Ён праводзіўся напрыканцы сакавіка ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Цяпер ужо патрабавалася паказаць свае ўменні і таленты ў жывым фармаце. Члены журы адзначылі высокі выканальніцкі ўзровень, індывідуальны стыль і разнапланавы рэпертуар калектываў – удзельнікаў творчага спаборніцтва. Асаблівы штрых у насычаную атмасферу конкурснай праграмы ўнеслі выступленні педагагічных ансамбляў, сярод якіх былі калектывы са званнем “Народны”. У іх ліку – і нашы землякі, што паказалі сябе з найлепшага боку.

Кіраўнік аркестра Святлана Зотава прыгадала, як 28 сакавіка аркестр дзіцячай школы мастацтваў, што паспяхова працуе ў Жабінцы, выправіўся ў сталіцу. Ён складаўся з дваццаці ўдзельнікаў і салісткі Ганны Макавецкай. Ехалі з надзеяй на добрае выступленне. Аднак, па словах Святланы Іванаўны, нават у самых смелых надзеях не было ўпэўненасці, што паездка акажацца настолькі паспяховай, сапраўды пераможнай.

На гэты раз патрабалася ў вочнай форме прадэманстраваць сваё майстэрства перад журы, якое ўзначальвала лаўрэат шматлікіх прэстыжных, у тым ліку міжнародных, конкурсаў, айчынны кампазітар і старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аліна Безянсон. Калектыў, дзе кожны верыў у свае сілы, выдатна выканаў тры творы. А далей – самае няпростае: чаканне вынікаў.

– У намінацыі “Педагагічная катэгорыя”, у якой нам давялося выступаць, – згадвае Святлана Зотава, – свае ўменні паказалі адзінаццаць калектываў, а ўсяго на сталічных падмостках у той дзень сабраліся каля шасцідзесяці ансамбляў і аркестраў з усёй Беларусі. У такой сітуацыі вельмі каштоўнай была падтрымка з боку тых, хто верыў у нас і дапамагаў. Хочацца за тое выказаць падзяку аддзелу культуры райвыканкама, што забяспечыў калектыў транспартам, а гэта дазволіла нам паспяхова з’ездзіць у сталіцу і вярнуцца дамоў з узнагародамі.

А яны сапраўды радуюць. Нашы землякі атрымалі дыплом за актыўны ўдзел. І, што найбольш цешыць ды выклікае гонар: на VIII Адкрытым конкурсе ансамблевага і аркестравага выканальніцтва “Крынiца натхнення” быў усяго адзін Гран-пры, які заслужана дастаўся сапраўдным прафесіяналам з горада-спадарожніка. Яны з гонарам узняліся на самую высокую музычную арбіту. Акрамя таго, народны аркестр народных інструментаў настаўнікаў Жабінкаўскай ДШМ атрымаў грашовы сертыфікат на набыццё музычнага абсталявання.

– А яшчэ хочацца зазначыць у Год беларускай жанчыны, што прафесія дырыжора ва ўсім свеце прызнана мужчынскай, – выказала сваё меркаванне дырэктар установы Вольга Абрамчук. – А ў нашай школе, так склалася, у гэтай прафесіі, так бы мовіць, жаночы прывабны і вельмі таленавіты твар.

Сапраўды, акрамя Святланы Зотавай, дырыжорамі ў школе мастацтваў з’яўляюцца і кіраўнік установы Вольга Абрамчук, і кіраўнік узорнага аркестра народных інструментаў Наталля Грэцкая.

З нагоды перамогі ў “Крыніцы натхнення” народнага аркестра народных інструментаў настаўнікаў Жабінкаўскай ДШМ, які ўзначальвае Святлана Зотава, прагучалі віншаванні ад калег, што пажадалі далейшых помпехаў калектыву. Мы таксама дзякуем кіраўніку аркестра за натхненне, салістцы – за яркасць, усяму калектыву – за выдатны вынік. Віншуем і жадаем дасягаць новых вышыняў!

Анатоль РОСТАЎ

Фота з архіва Святланы ЗОТАВАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.