Па традыцыі ў гэтую веснавую пару ў Мінску ладзіцца прэстыжны фальклорны танцавальны фестываль “Рухі”. На яго завітаў узорны калектыў з Хмелева “Дараносіца”. І не проста завітаў, а выдатна выступаў. У выніку нашы землякі вярнуліся дамоў з узнагародаю і бязмежнымі добрымі ўражаннямі.

Цяпер інтэрнэт пашырае свет. Аднойчы напрадвесні ў Хмелеве пабачылі ў “сусветнай павуціне” аб’яву, што ў горадзе-героі Мінску чакаюць таленты з усёй Беларусі, у тым ліку з горада-спадарожніка ды яго наваколляў.
Для хмэляўцоў (як па-народнаму клічуць сябе жыхары старадаўняга сяла) выступаць перад удзячнымі слухачамі з фальклорнымі нумарамі заўсёды ў асалоду. Не раз народныя песні ды танцы прыносілі ім узнагароду. Назва веснавога фестывалю “Рухі” гучала стыльна ды прывабна, а ўмовы яго правядзення прыйшліся даспадобы. Хутка высветлілася: “Рухі” – гэта не проста творчае спаборніцтва, якое аб’ядноўвае ў сабе мноства народных танцавальных стыляў, – гэта важная культурная падзея для ўсіх аматараў фальклору. Нездарма арганізатары бадзёра абвяшчалі: “Кожнага, хто далучыцца да нашага фестывалю, чакаюць сапраўдныя рухі насустрач традыцыям!”
Вельмі крэатыўныя юныя артысты з Хмелева са сваімі кіраўнікамі Таццянай Грыцук і Аленай Войнаш параіліся з бацькамі ды вырашылі неадкладна выпраўляцца ў дарогу з надзеяй на перамогу. Хлопчыкам і дзяўчынкам пашчасціла далучыцца да сапраўднага народнага свята. Іх чакала выступленне на сталічнай сцэне, каб і там ведалі ды з павагай прамаўлялі гучную назву роднага старадаўняга сяла і выдатнага калектыву “Дараносіца”.
Трэба сказаць, сцэна, на якой давялося выступаць, аказалася надзвычай шыкоўнай. Размяшчалася яна ў вядомым культурным духоўна-асветніцкім цэнтры “Каўчэг” – непаўторным маштабным месцы пры Свята-Елісавецінскім манастыры, створаным з любоўю для дарослых і дзяцей. Сюды прыехалі хмелеўцы, каб паказаць свае ўменні ды перадаць прывітанне ад зямлі, якая ўжо тры стагоддзі знаходзіцца пад аховай абраза “Маці Божай Чанстахоўскай”, размешчанага ў Спаса-Праабражэнскім храме.
– Дух захоплівала ад той прыгажосці, на якую багаты велічны будынак “Каўчэгу”, дзе сабраліся 21 сакавіка таленты з усёй краіны, – у захапленні дзяліліся сваімі ўражаннямі ўдзельнікі відовішчнага мерапрыемства. – Выступаць на такіх падмостках – сапраўднае свята і добрая памяць на ўсё жыццё, асабліва для вясковых дзетак.
Суддзі (а гэта сапраўдныя прафесіяналы, што валодаюць глыбокімі ведамі і разуменнем асаблівасцяў народнага танца) з цікавасцю і ўдзячнасцю пазнаёміліся з творчасцю нашых землякоў, паставіліся да іх прыхільна. Гэта таксама было падтрымкай на шляху да прыемнага поспеху.
Як стаў магчымым той поспех, расказвае з вясёлым залівістым смехам Таццяна Грыцук:
– Нашу групу я жартаўліва назвала “Ад 6 да 60”, бо сапраўды самая маленькая Ірачка Хомік толькі ў гэтым верасні пойдзе першы раз у першы клас, а найстарэйшай Танечцы Грыцук у сёлетнім лютым споўнілася ажно шэсцьдзесят!
Усяго ў той баявой хмелеўскай дружыне, улюбёнай ва ўсё роднае і спрадвеку народнае, у сталіцу выправіліся двое дарослых і дзесяць дзяцей з “Дараносіцы”.
– Прычым усе яны былі настолькі апантаныя ды прыхільныя да народнага танца, – згадвае Таццяна Дзмітрыеўна, – што, напрыклад, наша студэнтачка Ліза Галоўчык, якая вучыцца ў Мінску на медыка, нават выязджала на МКАД, каб да нас далучыцца. Усім-усім хочацца сказаць дзякуй за агульны выдатны вынік, у тым ліку нашаму аддзелу культуры райвыканкама. Ён дапамог з транспартам, каб мы маглі і сябе паказаць, і на іншых паглядзець.
На вялікай і прэстыжнай сцэне сабраліся калектывы з усёй Беларусі. Што прыемна, панаваў дух сяброўства і падтрымкі.
Кожны калектыў імкнуўся да перамогі, і нашы землякі не сталі выключэннем. Дзеля добрага выступлення яны прыхапілі з сабою натхненне і працавітасць. Была ў скарбонцы ўзорнага калектыву і “таямнічая зброя”, супраць якой не магло б устаяць ніводнае журы. Можа, спытаецеся, у чым сіла хмелеўцаў? Канечне, у мясцовых традыцыях. У намінацыі “Фольк-шоу” нашы землякі прадставілі сваю “Хмелеўскую Сёмуху”. Яна ёсць толькі на жабінкаўскай зямлі, але цікавая і гасцям з далёкіх краёў, асабліва ў выкананні таленавітых юных артыстаў. Гэткім чынам хмелеўцы сталі лаўрэатамі ІІІ ступені, а кіраўнікі выдатнага калектыву атрымалі асабістыя падзякі ад арганізатараў фестывалю. Гэта проста выдатны пачатак года для “Дараносіцы”. Года не простага, а юбілярнага, бо сёлета выдатны і ў поўнай меры ўзорны гурт адзначыць сваё 20-годдзе.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва ўзорнага ансамбля “Дараносіца”
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
