Нам як спажыўцам дадзена права свабоднага выбару тавараў і паслуг, гарантыі іх якасці і бяспекі. У пятніцу, 20 сакавіка (а гэтыя дні зараз праходзяць пад дэвізам “Кожная пятніца – роднае сваё!”), пацікавіліся ў жабінкаўцаў, якім айчынным таварам яны аддаюць перавагу, адзенне, абутак і харчовыя прадукты якіх вытворцаў купляюць, ці задаволены іх якасцю.

Ніла ЯРМОЛІК:

– Зараз паўсюль можна бачыць прадукцыю пад брэндам “Сваё” з надпісам “Якасць па-беларуску”. Купляла малочныя і мясныя вырабы, крупы, гаспадарчыя тавары гэтага брэнда – якасцю сапраўды засталася задаволеная. Яшчэ вельмі падабаецца прадукцыя ААТ “Белавежскі” (магазін “Мясніцкі”) і Кобрынскага масладзельна-сырадзельнага завода: вельмі смачныя сыры, маянэз, марожанае. Калі браць адзенне, давяраю “Світанку”: напярэдадні 8 Сакавіка набыла ў фірменным гандлёвым павільёне ў Жабінцы некалькі рэчаў з прыемнай зніжкай у 35 працэнтаў. А вось якасць абутку гарантуе “Марко”: туфлі, чаравікі і боты верна служаць мне па некалькі гадоў. Наша беларуская прадукцыя карыстаецца попытам і за мяжой, і гэта выклікае гонар за нашых вытворцаў.
Вольга САВАСЦЯНЧЫК:

– Я падтрымліваю слоган “Купляйце беларускае!”, таму што гэта сваё, роднае, народнае. Мне падабаецца верхняе адзенне ад брэнда “Элема”: можна падабраць мадэлі на любую фігуру, вопратка якасная, выдатна носіцца. Акрамя таго, “Элема” даволі часта прапануе зніжкі на сваю прадукцыю. Абутак купляю фірм “Марко” і “Белвест”: выбар мадэляў шырокі, якасць высокая, правераная часам – ужо больш за дваццаць пяць гадоў з’яўляюся прыхільніцай гэтых абутковых фірм і не маю нараканняў.
Што тычыцца харчовых тавараў беларускай вытворчасці, то люблю ёгурт “Тэос” ад “Савушкіна прадукта”: у ім шмат бялку, што вельмі важна. А вось смятана і малако больш падабаюцца пад гандлёвай маркай “Астрамечаўскія прасторы”.
Наталля ЯКІМАВЕЦ:

– Ежа на нашым сямейным стале беларуская, сярод вытворцаў харчовых тавараў мае любімыя “Савушкін прадукт” і Брэсцкі мясакамбінат. Калі браць адзенне, абутак і аксесуары, то мой выбар – абутковая фірма “Марко”, беларускі гадзіннікавы брэнд “Хвіліна”, вырабы ручной работы з натуральнай скуры “Макей”: сумкі, кашалькі, партманэ, рамяні. З задавальненнем радую сябе пакупкамі ў магазінах ювелірных упрыгажэнняў і гадзіннікаў Ziko. Нашы беларускія тавары – гэта якасць і арыгінальнасць.
Ірына ЮХІМУК:
– У нашым гандлёвым павільёне “Жабіначка” амаль усе тавары беларускіх вытворцаў: і харчовыя, і нехарчовыя. Пакупнікі хваляць нашу беларускую малочную прадукцыю, хлебабулачныя вырабы, мясную прадукцыю.
А родзічы мужа, якія жывуць у Германіі, расказваюць, што там ёсць магазіны з прадукцыяй беларускіх вытворцаў, якая карыстаецца вялікім попытам. Прыязджаючы сюды, нашы замежныя госці здзіўляюцца багаццю асартыменту і прыемным коштам у нашых крамах на харчовую прадукцыю. Задаволены яны і якасцю беларускіх тавараў.
Кацярына БУЯН:

– З задавальненнем купляю прадукцыю Брэсцкага мясакамбіната, “Санта Брэмар”, “Савушкіна прадукта”, цукар Жабінкаўскага цукровага завода, цукеркі – ад “Камунаркі” і “Спартака”, пячэнне – ад “Слодыча”. Для хатніх жывёл набываю прадукцыю нашага камбікормавага завода пад гандлёвай маркай “Белкорм”. Мае любімыя брэнды сярод нехарчовых тавараў – “Беліта-Вітэкс”, “Мілавіца”, “Элема”, “Світанак”, Брэсцкі панчошны камбінат.
Выбіраю беларускія тавары, таму што гэта знак якасці, якому я давяраю. Натуральна, стыльна і па-сапраўднаму сваё. Лічу, што падтрымліваць нашых вытворцаў – гэта правільна і патрыятычна. Купляйце беларускае!
Меркаванні выслухала Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара і з архіваў герояў публікацыяй
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
