І рабіць гэта ўсім неабходна штодня! Такое перакананне мае дзесяцікласніца Ганна Канючка. Жыве яна актыўна, з агеньчыкам і цікавасцю да ўсяго, што адбываецца наўкола. У апошні час у дзяўчыны з’явілася запаветная мара – пабачыць свет і яго дзівосы ў падарожжы на “Поездзе Памяці”.

У сямейнай цеплыні
– Хочаце – праверце, а лепш адразу паверце: я ўпершыню ў навуковых конкурсах ды спаборніцтвах удзельнічала яшчэ ў… дзіцячым садзе! – з усмешкаю гаворыць Аня. – Хоць, па шчырасці, кола маіх захапленняў заўсёды было вельмі шырокім – ад фізікі да лірыкі.
Правяраць мы не сталі, бо выдатна зналі: цяпер, бывае, сустракаюцца такія дзеткі, што ледзь не з пялёнак усімі сіламі і з максімальнай энергіяй імкнуцца сябе паказаць ды на іншых паглядзець… Так ці інакш, але маленькая Анечка з дапамогаю выхавальніц і бацькоў яшчэ ў дзетсадаўскую пару стала сур’ёзна вывучаць ваду і яе фізічныя ўласцівасці. Ужо ў такім маленькім узросце сапраўдная чамучка па імені Аня ведала формулу Н2О і спрабавала рабіць пад наглядам дарослых першыя навуковыя вопыты і эксперыменты.
Наступнай цікавасцю, на якую падштурхнуў дачку тата Ігар Мікалаевіч, стала гісторыя. Мінулае захапіла дзяўчынку сваёй таямнічасцю зноў жа ў юным узросце. Бацька збіраў закамянеласці ды манеткі розных краін і эпох. Анечка магла доўга разглядаць іх, паклаўшы на далоньку, а затым прыдумляць невялічкія расповеды пра тое, што здарылася з тым ці іншым каменьчыкам або старажытным грошыкам.

Тата з мамай гадавалі трох дачушак – Дашу, Аню і Ксюшу. Як бачыце, наша юная гераіня – у залатой сярэдзіне, таму ў роўнай меры атрымоўвала любоў і ласку ад бацькоў ды сясцёр. З адчуваннем гэтай сямейнай цеплыні жыве яна і зараз. Хоць дом прыкметна апусцеў, калі раптоўна пакінула гэты свет матулечка…
– Я вельмі на яе падобная… і характарам, і знешне… Тыя, хто яе бачыў раней, часам блытаюць і называюць мяне, бы маму, Жэняй, – зноў усміхаецца дзяўчынка. – Я добра яе памятаю і часта адчуваю матуліну падтрымку, калі іду па гэтай зямлі.
Яўгенія Віктараўна вельмі любіла вершы. Не толькі чытала, але і сама спрабавала пісаць. Рыфмаваныя прызнанні нават дасылала свайму выбранніку Ігару перад тым, як той стаў мужам, і пазней, калі жылі ў прыгожай пары ды гадавалі трох дзяўчынак-сонейкаў. Вось і Анечцы перадалося ад матулі адчуванне прыгожага, што дорыць паэзія, а з ёй і прыхільнасць да літаратуры. Памяць пра самага дарагога чалавека была падтрымкай для дзяўчыны і ў час мінулагодняга раённага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства. Разумніца і прыгажуня з гонарам прымерала карону пераможцы.
Бурлівая школьная пара
Увогуле, школьнае жыццё штодня пашырыла кругагляд. Жыццё стала надзвычай бурлівым, напоўненым вадаспадам спраў. У першы клас першай гарадской школы яна ішла, быццам запраграмаваная: вучыцца буду толькі на выдатна! Так яно і атрымалася. Спачатку за маленькую руку ў свет ведаў дзяўчынку вяла першая настаўніца Святлана Галавенка. Як заўважыла Святлана Аляксееўна, дзяўчынцы проста вучыцца заўсёды было мала. Ды і сама Аня, колькі сябе памятае, заўсёды ўдзельнічала ў нейкіх конкурсах, спаборніцтвах, віктарынах.
Як крыху падрасла, зноў адчула прыхільнасць да гісторыі. У школу прыйшла маладая настаўніца Анастасія Баган. З яе ўдзелам адбылася рэканструкцыя музейнага пакоя ў школе, якая неўзабаве атрымала імя вядомага абаронцы Брэсцкай крэпасці Івана Зубачова. Калі адбывалася ўрачыстае адкрыццё пакоя, Анечка была сярод юных экскурсаводаў, распавядала ўсім, у тым ліку вельмі высокім гасцям, пра мінулае роднай школы, Жабінкі і нашага раёна, асабліва пра грозныя часы Вялікай Айчыннай вайны. Наколькі прыемна было чуць у той урачысты дзень словы падзякі ў свой адрас! Дзяўчына і зараз працягвае весці экскурсіі, вучыць гэтаму меншых школьнікаў, рыхтуючы новых знаўцаў гісторыі роднага краю. Да слова, у музейным пакоі бываюць нават замежныя прадстаўнічыя дэлегацыі, напрыклад, з Башкартастана.
– Мы сталі прызёрамі маладзёжнага творчага конкурсу “Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць”, які праводзіла ў 2023 годзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, – з гонарам гаворыць суразмоўца. – Наш калектыў аўтараў аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” пад кіраўніцтвам Анастасіі Баган і Ірыны Созінавай перамог у намінацыі “Лепшае даследаванне”.
Што асабліва прыемна, такую высокую і надзвычай прэстыжную ўзнагароду Ганна Канючка, Аляксей Петрусевіч, Дарына Філіманюк і іх настаўніца Анастасія Баган атрымалі непасрэдна з рук тагачаснага генеральнага пракурора краіны Андрэя Шведа.
За адным поспехам – другі цягнецца. Жыццё ў Ганны Канючкі па-ранейшаму бурліць. Адразу нават не зразумееш, ці сапраўды усяго 24 гадзіны ў сутках у гэтай дзяўчыны! Паспявае і вучыцца найлепшым чынам, і вершы чытае выразна, і на канферэнцыях па фізіцы ды матэматыцы выступае… Усяго адразу і не пералічыш.
Тут вельмі хочацца выказаць падзяку настаўнікам. І Аня робіць гэта з ахвотаю:
– Раней, прызнаюся, я баялася сцэны, цяпер жа адчуваю лёгкасць падчас выступленняў. Паверыць у сябе мне дапамаглі мае цудоўныя настаўнікі. Дзякуй ім за гэта.
Зараз ў дзяўчыны з’явіўся новы адказны клопат. Аня марыць праехаць па Беларусі і Расіі на “Поездзе Памяці”. Раённы этап ужо за плячыма, наперадзе – спаборніцтвы ў горадзе над Бугам, дзе патрэбна выступіць годна.
Ганна Канючка разам са сваім кіраўніком – педагогам-арганізатарам Юліяй Касцючык – вырашылі даслаць лісты ў мінулае, каб падзяліцца з тымі, хто жыў сярод вайны і бяды, расказамі пра сённяшняе наша мірнае жыццё ў роднай незалежнай Беларусі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з асабістага архіва Ганны КАНЮЧКІ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
