
Ад сябе ды даўгоў і за мяжу не збяжыш
Жабінкавец Г., хоць яшчэ і малады чалавек, ды ўжо з вялікім багажом даўгоў. А гэта не можа заставацца па-за ўвагай судовых выканаўцаў. Яны сочаць за такімі грамадзянамі і стараюцца ў час прыняць меры, каб парушальнікі закону адказвалі за свае супрацьпраўныя ўчынкі.
У дадзеным выпадку Г. набраў пазык у розных арганізацыях і банкаўскіх установах, а затым, каб не плаціць, з’ехаў у Расію. Прычым маці ён сказаў, што накіраваўся ў суседнюю краіну на заработкі, ды нічога, як аказалася, не набыў, акрамя непрыемнасцяў. Спрацавала так званае правіла бумеранга: лёс склаўся так, што грамадзянін замест таго, каб жыць заможна ды прыпяваючы, стаў бяздомным і вядзе надзвычай бедны стан жыцця. У такім выпадку адзіны сродак паспрабаваць вярнуць даўгі, якім скарыстаюцца супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання, – гэта перадаць выканаўчую вытворчасць у Расійскую Федэрацыю.
Больш не паедуць за рулём аўтамабіляў…
У большасці даўжнікоў у ХХІ стагоддзі, як правіла, маецца ва ўласнасці нейкі механічны тэхнічны сродак, найчасцей – аўтамабіль. Ім бы берагчы гэтую каштоўную ды зручную рэч на колах… Аднак па сваім недаглядзе ды супрацьпраўных паводзінах грамадзяне нярэдка пазбаўляюцца машын. Чаму, спытаецеся? Не апошняя з прычын – сядаюць за руль у нецвярозым стане, а затым трапляюць на вочы інспектарам Дзяржаўтаінспекцыі. Калі ў даўжніка ёсць пазыкі, першым, на што звычайна накладваецца арышт, і становяцца транспартныя сродкі. Гэта прыносіць станоўчыя вынікі ў працы раённага аддзела прымусовага выканання. Так, толькі за апошні месяц судовыя выканаўцы праз спецыяльны электронны сайт рэалізавалі дзеля пагашэння даўгоў тры машыны даўжнікоў.
Не заўсёды спадчына радуе
Законы трэба ведаць і выконваць – гэта аксіёма. Яе неабходна прытрымлівацца, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, як гэта аднойчы адбылося з адным з жыхароў горада-спадарожніка. Здаецца, звычайная справа: мужчына ўступіў у спадчыну пасля смерці родзіча. Той жыў у суседняй краіне, а ў нашым райцэнтры меў жыллё. Прычым меў не толькі прыватны дом, але і ўласныя даўгі, назапашаныя за гады. Чалавек, што з’ехаў за мяжу, быў адносна маладым, таму нішто не прадказвала яго раптоўнай смерці. Так ці інакш, аднак сваяк уступіў у правы спадчыны. Тут – нібыта гром сярод яснага неба! – і высветлілася, што разам са спадчынай на новага ўласніка перайшлі і даўгі ад былога гаспадара… Такім чынам, яму давядзецца пагашаць пазыкі дзесяцігадовай даўніны, да якіх грамадзянін і блізка не меў ніякага дачынення.
У гэтым выпадку хочацца звярнуцца да чытачоў: калі давядзецца ўступаць у спадчыну, уважліва вывучыце ўсе дакументы і абставіны, каб не трапіць у падобную сітуацыю, што цягне ў даўгавую яму.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела прымусовага выканання; Анатоль РОСТАЎ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
