Дакранаюцца разам да роднага краю

Патрэбна вельмі любіць справу, якой займаешся, каб кожны дзень працягваць руку дапамогі дзецям з абмежаванымі магчымасцямі. У гэтым можна ўпэўніцца пры размове з настаўніцай цэнтра карэкцыйна-развіваючага і рэабілітацыйнага навучання Анастасіяй Андраюк (на здымку).

Ёй заўсёды падабалася вучыцца і вучыць. Сярэднюю адукацыю Анастасія Мікалаеўна атрымала ў аграгарадку Лагішын, што на Піншчыне. А першую вышэйшую – у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, дзе займела кваліфікацыі “Настаўнік пачатковых класаў” і “Настаўнік музыкі”. Паралельна з гэтым у філіяле БНТУ вывучылася па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прамысловасці”.

– Аднак нягледзячы на эканамічную адукацыю, я заўсёды адчувала прызванне да педагогікі і ў 2013 годзе прыняла ўсвядомленае рашэнне звязаць сваю дзейнасць менавіта з адукацыяй і працай з дзецьмі, – разважліва гаворыць Анастасія Андраюк. – А праз год, калі стала працаваць у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, зразумела, што гэта сапраўды мой прафесійны шлях. Пагэтаму атрымала яшчэ і спецыяльнасць “Настаўнік-дэфектолаг”. Гэтае рашэнне дазволіла мне звязаць сябе з сапраўды любімай справай – працай з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

На вялікі жаль, за апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі значна ўзрасла колькасць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта стала сур’ёзным выклікам для грамадства, бо сацыялізацыя такіх хлопчыкаў і дзяўчынак – задача вельмі важная і складаная. Большасць з іх рэдка бываюць у грамадскіх месцах: як правіла, яны знаходзяцца ў спецыялізаваных установах або вучацца дома.

Тады на дапамогу прыходзіць інклюзія – сапраўднае ўменне заставацца жыццярадасным і прымаць свет такім, якім ён ёсць. Існуюць прынцыпы інклюзіўнай адукацыі. Яны сцвярджаюць, між іншым, што каштоўнасць чалавека не залежыць ад яго здольнасцяў і дасягненняў. Кожны можа адчуваць і думаць, мае права на зносіны і на тое, каб быць пачутым. Увогуле, у людзей існуе патрэба аднаго ў адным, неабходнасць у падтрымцы і сяброўстве з боку равеснікаў ды настаўнікаў.

Аднак наша грамадства, на жаль, яшчэ недастаткова добра разумее, наколькі бацькам бывае цяжка вывесці асаблівае дзіця ў парк, краму ці адправіцца проста на прагулку або ў вандроўку.

У такіх умовах спецыялісты цэнтра карэкцыйна-развіваючага і рэабілітацыйнага навучання вырашылі дзейнічаць. Прынамсі, у пачатку 2023 года Анастасія Андраюк стала ініцыятарам праекта “Падарожнічаем па малой радзіме”, які дапамагае дзецям з абмежаванымі магчымасцямі ўдзельнічаць у інклюзіўных маршрутах па маляўнічых кутках Жабінкаўшчыны. Гэтак, крок за крокам, перад юнымі жабінкаўцамі, якім патрэбна асаблівая дапамога, клапатлівыя дарослыя раскрываюць вялікі і няпросты свет, пры гэтым падкрэсліваюць, наколькі ён цікавы і рознабаковы.

– Паступова і далікатна ўводзячы дзяцей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі ў новыя ўмовы, педагогі дазваляюць ім вучыцца правілам паводзін у грамадскіх месцах, – заўважае Анастасія Андраюк, – а таксама дапамагаюць прывыкаць да новых уражанняў і адчуваць сябе паўнавартаснай часткаю грамадства.

Нездарма галоўная мэта праекта – пазнаёміць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі з асаблівасцямі і культурай нашай Жабінкаўшчыны праз разнастайныя формы дзейнасці, адаптаваныя пад іх псіхафізічныя магчымасці.

Родны край міжволі становіцца падобным на гаючыя лекі, а паездкі, арганізаваныя Анастасіяй Андраюк сумесна з іншымі супрацоўнікамі цэнтра, пашыраюць далягляд дзяцей ды ўмацоўваюць іх развіццё. Дзеці пачынаюць адчуваць сябе часцінкай зямлі, што дала ім жыццё. Як жа прыемна чытаць удзячнасць у вачах хлопчыкаў і дзяўчынак падчас змястоўных і вельмі цікавых экскурсій!

Удзельнікі займальнага праекта хутка ўпэўніліся: наша Жабінкаўшчына мае багатую прыроду, гісторыю і ўнікальную культуру. Усё гэта, як адзначае Анастасія Мікалаеўна, дапамагае дзецям, з якімі даводзіцца займацца ёй і іншым педагогам цэнтра карэкцыйна-развіваючага і рэабілітацыйнага навучання, не толькі знаёміцца з рознабаковым навакольным светам, але й адчуваць сувязь з роднымі мясцінамі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо пабывалі ў цікавых населеных пунктах Жабінкаўскага раёна, дзе адчуваецца моцная повязь паміж гістарычным мінулым і сённяшнім днём. Падчас падарожжаў дзеці разам з дарослымі, якія суправаджаюць іх у займальных вандроўках, наведвалі мясцовыя славутасці ў Сцяпанках, Малых Сяхновічах і Мацеевічах, Чыжэўшчыне, Ленінскім і Ракітніцы… Увогуле, за тры гады, што існуе праект, яго ўдзельнікі аб’ездзілі практычна весь Жабінкаўскі раён, наведалі ўсе памятныя мясціны, музеі і храмы, прайшлі па большасці вуліц горада-спадарожніка. Акрамя таго, юныя жабінкаўцы знаёміліся з побытам жыхароў нашага краю, а таксама падарожнічалі па прыродных сцяжынках, што асабліва карысна для развіцця сэнсарнага ўспрымання.

– Арганізоўваліся таксама цікавыя сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, – працягвае расказ Анастасія Мікалаеўна. – Тыя распавядалі пра гісторыю і традыцыі, знаёмілі з элементамі народнай творчасці і рамёстваў, дый проста дарылі дзецям сяброўскія зносіны і свае ўсмешкі. Хочацца зазначыць: усе маршруты старанна адаптаваны пад псіхафізічныя асаблівасці нашых хлопчыкаў і дзяўчынак, што забяспечвае ім камфорт ды бяспеку.

Настаўніца пераканана: для асаблівых дзяцей такія інклюзіўныя падарожжы – не проста экскурсіі, а сапраўдная школа жыцця, якая дапамагае ім пераадольваць бар’еры зносін, развіваць эмацыйныя навыкі і ўмацоўваць пачуццё сваёй значнасці ў грамадстве. Гэта матывуе хлопчыкаў і дзяўчынак спазнаваць навакольны свет, раскрываць свае магчымасці і ўмацоўваць упэўненасць у сваёй важнасці.

Наша суразмоўніца пераканана, што праца настаўніка спецыяльнага класа – гэта сапраўднае прызванне, а таму дадае:

– Кожны дзень я бачу, як мае вучні робяць унікальныя крокі да развіцця і адаптацыі ў грамадстве. Гэта патрабуе вялікага цярпення, творчага падыходу і сталага пошуку індывідуальных метадаў навучання. Праца ў такім цэнтры дае адчуванне важнасці і значнасці кожнага маленькага поспеху. Акрамя таго, атмасфера падтрымкі і прафесіяналізму калегаў дапамагае мне ўвесь час расці і ўдасканальвацца. З упэўненасцю магу сказаць, што мае справы, прыносіць мне радасць і сэнс далейшага педагагічнага росту, а таксама даюць магчымасць дапамагаць асаблівым дзецям раскрываць свае здольнасці і пераадольваць цяжкасці.

А праект “Падарожнічаем па малой радзіме” працягвае развівацца. І ёсць упэўненасць, як падкрэслівае Анастасія Андраюк, што ён стане неад’емнай часткай інклюзіўнай адукацыі, грамадзянска-патрыятычнага выхавання і сацыялізацыі дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ў нашым раёне. Кожнае дзіця мае права адчуць сваю значнасць і клопат, стаць неад’емнай часцінкай цёплага і прыязнага акружэння.

Анатоль РОСТАЎ

Фота з асабістага архіва Анастасіі АНДРАЮК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.