Нездарма яе імя перакладаецца як “сонечная”. Воляй-няволяй у словах Алены Кавальчук адчуваюцца цеплыня ды святло. Гэта нешта нагадвае? Як наша Сонца стала цудоўнай зоркай-стваральніцай жыцця на гэтай непаўторнай планеце, так і Алена Міхайлаўна для сваіх родных, блізкіх і знаёмых таксама сонейка, але вельмі зямное. Бо найперш яна ласкавая матуля і бабуля, здольная зразумець, паспачуваць, а затым сагрэць у любыя, нават цяжкія хвіліны.

У доме ля буслянкі
– Як трапіце ў Арэпічы, дык хутка пабачыце катэдж з буслянкай. У гэтым доме я і жыву, – падказала свой адрас Алена Міхайлаўна. – Мяне проста адшукаць.
Сапраўды лёгка адшукалі. Па буслянцы. Белакрылых птушак пакуль няма, але, як вясна надыдзе, абавязкова вернуцца ў абжытое месца, дзе ім радуецца добразычлівая гаспадыня. Нездарма ж гавораць, што буслы дабрыню адчуваюць ды свае крылы распраўляюць над хатамі, пабудаванымі добрымі людзьмі, а затым уюць побач з імі гнёзды, каб дзяцей прыносіць, гадаваць ды песціць маленькіх сваім гучным клёкатам. У гэтым доме сапраўды гучалі дзіцячыя галасы: спачатку сыноў, а зараз і іх дзяцей, калі тыя наведваюцца да бабулі ў госці.
З мужам Міхаілам Аляксеевічам Алена Міхайлаўна пражыла больш за чатыры дзясяткі гадоў. Залетась яго жыццё, на жаль, спынілася. Затое засталіся па родным чалавеку ўдзячная памяць ды выдатныя сыны-нашчадкі, якіх выгадавалі разам… Міжволі Алена Міхайлаўна, быццам па нябачных прыступках сваіх успамінаў, спускаецца ў маладыя гады, калі толькі стваралася яе сям’я.
Пачалося ўсё з выпадковага знаёмства ў Замошанах. Дзяўчыну запрасіла на сваё вяселле лепшая сяброўка. Бяседы ў тыя часы спраўлялі некалькі дзён, але Алена магла застацца толькі на суботу, бо ў нядзелю патрэбна было неадкладна ехаць у камандзіроўку. І трэба было такому здарыцца, што менавіта ў той дзень у вёску завітаў і Міхаіл, які вучыўся ў Горках у сельгасакадэміі. Было лета. На календары – 1979 год, а ў душы – рамантычны настрой, а яшчэ – цудоўная пара, адпачынак пасля экзаменаў і першае спатканне, як аказалася, лёсавырашальнае. Яны спадабаліся адзін аднаму.
Маладыя раз’ехаліся, аднак сувязь не страцілі. Вядома, ніякіх мабільных тады яшчэ не было, ды і простыя хатнія тэлефоны на вёсцы можна было палічыць па пальцах рук. Выручалі пісьмы. Яны былі простыя і шчырыя. Ён і яна дзяліліся навінамі і быццам дакраналіся праз ласкавыя словы адзін да аднаго. Сустракаліся рэдка, а таму кожнае спатканне вельмі цанілі. Нарэшце праз два з паловаю гады Міхаіл Аляксеевіч атрымаў дыплом агранома і ўладкаваўся на працу ў саўгас “Беларусь” (цэнтрам яго былі тады Пятровічы). Маладыя вырашылі стварыць свой сямейны саюз, калі аднойчы Міхаіл аб’явіў рашуча:
– Хопіць проста так сустракацца, давай пададзім дакументы ў загс, – і дзяўчына згадзілася.
Гэтак 17 студзеня 1981 года нарадзілася новая сям’я. Вяселле было вялікае, вясёлае. На яго прыйшлі больш за сотню родных і блізкіх. Святкавалі ў Жабінцы, а затым у Замошанах, на малой радзіме жаніха. А праз пару месяцаў Міхаіла Аляксеевіча перавялі ў Арэпічы галоўным аграномам. З таго часу гэтая вёска стала любай “буслянкай” для сям’і Кавальчукоў.
“Ганаруся сваімі сыночкамі”
Усё ж нездарма жанчыну паэтычна завуць захавальніцай хатняга агменю. Яна ўсім дае жыццё. Без яе не было б на зямлі ні хлебароба, ні настаўніка, ні касманаўта…
Алене Міхайлаўне таксама было падаравана шчасце двойчы спазнаць мацярынства. Яна нарадзіла цудоўных дзяцей, пра якіх расказвае з большай ахвотай, чым пра сябе.
– Ганаруся сваімі сыночкамі, – гаворыць наша гераіня і ласкава пазірае на змешчаныя ў шафе фотаздымкі з выявамі родных людзей.
Старэйшы Аляксей нарадзіўся праз год пасля шлюбу бацькоў. З дзяцінства ён радаваў усіх сваімі моцнымі ведамі. Нездарма скончыў Крыўлянскую сярэднюю школу з залатым медалём. У выніку атрымаў ажно тры вышэйшыя адукацыі! Спачатку, як адвучыўся ў Беларускім тэхнічным універсітэце па спецыяльнасці “Інжынер-энергаменеджар”, Аляксей Міхайлавіч быў размеркаваны ў Полацк на вядомы завод “Палімір”. Пачынаючы з 2021 года, ён – галоўны энергетык на прадпрыемстве. Спецыяліст такога ўзроўню надзвычай запатрабаваны, і Аляксей Кавальчук заўсёды апраўдвае надзеі, ускладзеныя на яго. Прынамсі, мае вялікую колькасць рацыяналізатарскіх прапаноў. За гэта яму і пашана, і ўзнагароды. Аднак з часам стала зразумела, што патрэбна пашыраць адукацыю. Неўзабаве Аляксей Міхайлавіч зноў рушыў па веды, на гэты раз у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе атрымаў дыплом юрыста. А летась вывучыўся ў той жа вышэйшай навучальнай установе яшчэ на адну, ужо трэцюю, спецыяльнасць – інжынера хіміка-тэхнолага.
Зусім нядаўна ўся краіна, асабліва прыгожая яе палова, віншавала мужчын з 23 лютым – Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Алене Міхайлаўне таксама было каго павіншаваць з гэтым цудоўным святам: акрамя двух сыноў, у яе яшчэ і тры ўнукі. Старэйшы з іх, 16-гадовы Данііл, вырашыў выбраць вайсковую дарогу. Ён цяпер навучэнец Полацкага кадэцкага вучылішча. Прыйдзе час, і па прыкладзе свайго дзядзькі Дзмітрыя юнак апране афіцэрскія пагоны.
Другі сын Алены Міхайлаўны Дзмітрый Кавальчук надзвычай падобны на матулю тварам. Ён нарадзіўся вясной 1985 года ў родных Арэпічах. Паспяхова скончыў Крыўлянскую школу, а ў 2007-м і Ваенную акадэмію па спецыяльнасці “Тэлекамунікацыйныя сістэмы”. Зараз Дзмітрый Міхайлавіч – ваенны камісар Бярозаўскага раёна.
Узнагароды і цёплыя словы
Вядома, такімі сынамі кожная маці можа ганарыцца. Аднак і сама Алена Міхайлаўна не раз была адзначана ў сваім жыцці. Узнагарод у яе – цэлы стос, і кожная – цалкам заслужаная, паколькі Алена Кавальчук мае за спінай выдатны працоўны шлях. 20 гадоў яна была бухгалтарам у арэпіцкай гаспадарцы, якая называлася тады “Перамога”. Пазней перайшла на працу ў Жабінку ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання спецыялістам па сацыяльнай рабоце, а неўзабаве і ўзначаліла аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. Усё, што патрабавалася, рабіла акуратна і з душой, таму заўсёды была на добрым рахунку. У выніку ёсць у вялікай скарбонцы ўганараванняў Алены Кавальчук граматы абласнога выканаўчага камітэта і райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і абласных прафсаюзаў. Можна пабачыць у яе і царкоўную ўзнагароду, уласнаручна падпісаную архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам, паколькі Алена Міхайлаўна ўжо не адно дзесяцігоддзе супрацоўнічае з Арэпіцкім Свята-Пакроўскім храмам.
Наша суразмоўніца, ад якой быццам выпраменьваецца сонечная дабрыня, у Год беларускай жанчыны жадае ўсім здароўя, шчасця, закаханасці, каб мужчыны абавязкова дапамагалі жанчынам.
– Жыцця ўсім пад мірным небам, – гаворыць Алена Кавальчук, – каб мець найбольшае шчасце: не губляць сваіх родных.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
