
Жыве ў горадзе-спадарожніку грамадзянін П., які мае, як у народзе кажуць, даўгоў, бы шаўкоў. Толькі за апошнія паўгода ён назапасіў пазык, ад якіх не можа ніяк пазбавіцца, на вельмі салідную суму ў 80 тысяч рублёў. Мужчына завінаваціўся ў асноўным дзяржаве, бо не плаціць падаткі. Акрамя таго, самы вялікі доўг ён мае ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка (27 тысяч рублёў павінен вярнуць у бюджэт паводле рашэння эканамічнага суда, што засядаў у горадзе над Бугам). У адносінах да даўжніка былі прыняты ўсе належныя меры з боку супрацоўнікаў аддзела прымусовага выканання, у тым ліку накладзена забарона на яго транспартныя сродкі. Яны аб’яўлены да затрымання. Дзве машыны ўжо затрыманы прадстаўнікамі ДАІ. У выніку гэтыя аўтамабілі перададзены для продажу, і пасля рэалізацыі грошы будуць пералічаны асобе, у якой дадзеныя транспартныя сродкі знаходзяцца ў залогу.
Не трэба рукі апускаць, лепей за розум узяцца
Акрамя выпадкаў з сумным заканчэннем, калі даўжнікі з году ў год не могуць выбрацца з павуціны сваіх пазык ды штрафаў, на шчасце, бываюць і сітуацыі, што завяршаюцца пазітыўна. Гэтак на працягу 2025 года многія даўжнікі, у тым ліку і абавязаныя асобы, выплацілі свае даўгі. Да іх адносіцца, напрыклад, грамадзянін Т., што амаль дзесяць гадоў не вяртаў грошы дзяржаве за выхаванне свайго дзіцяці. А вось цяпер мужчына нарэшце ўзяўся за розум, уладкаваўся на працу і выплаціў патрэбную суму. Пагэтаму не трэба апускаць рукі, а неабходна старацца выплочваць даўгі, калі яны раптам накапіліся.
Могуць быць прыняты больш адказныя меры
Жабінкавец М. упарта не жадае працаваць, а паколькі мае даўгі, дык і пагасіць іх ніяк не можа. Мужчыну не раз выклікалі на пастаянную камісію па каардынацыі работы ў садзеянні занятасці насельніцтва пры райвыканкаме. На гэтую камісію грамадзяніна накіроўвалі аддзел прымусовага выканання і крымінальна-выканаўчая інспекцыя Жабінкаўскага РАУС. Даўжнік М. кожны раз з’яўляўся на пасяджэнні камісіі, аднак катэгарычна заяўляў, што працуе, хоць і неафіыйна, а вось афіцыйна працаўладкоўвацца не жадае. Пры такіх адносінах мужчыну чакаюць больш адказныя меры, бо час угавораў, бадай, ужо мінуў. Напрыклад, будуць сабраныя матэрыялы, і грамадзянін можа быць накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе давядзецца і ад алкагалізму лячыцца, і працаваць прымусова.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела прымусовага выканання; Анатоль РОСТАЎ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
