КРЫМІНАЛЬНАЯ ХРОНІКА

За чужы рахунак

У вядомай казцы пра “Лёгкі хлеб” усё дрэнна скончылася для таго, хто жадаў пажыць за чужы кошт. Аднак такія выпадкі і ў сапраўднасці бываюць. Вось прыклад, як пра выкананне сваіх патрэб марыў вясковы жыхар Мітрафан (імёны тут і далей змененыя), калі ў яго рукі незаконна трапіла банкаўская плацежная картка Дзям’яна. За суткі зламыснік, выкарыстаўшы функцыю бескантактнага плацяжу, тройчы набыў па чужой картцы тавары ў аўталаўцы, “Еўраопце” ды “Родным куце” на агульную суму больш за сто рублёў. Так, за чужы рахунак меў Мітрафан пачастунак, ды хутка для яго казка “Лёгкі хлеб” скончылася.

Трэба сказаць, што гэта не адзіны падобны выпадак. Яшчэ больш змагла “пабаляваць” (на трыста з гакам рублёў) з дапамогай чужой карткі грамадзянка М. Аднак і для яе “казачнае” жыццё спынілася ўзбуджэннем справы. Цяпер давядзецца адказваць паводле часткі 1 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса нашай краіны.

Бак “пераблытаў”?

У гэтым вельмі сумняваюцца следчыя органы, што ўзбудзілі крымінальную справу ў адносінах да трактарыста аднаго з сельгаставарыстваў раёна. У вясенне-летні перыяд механізатар скраў з бензабака свайго пагрузчыка “Амкадор” дзвесце літраў дызельнага паліва на суму ў 470 рублёў, чым і прычыніў гаспадарцы маёмасную шкоду на гэтую суму. Па факце ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Злодзей са стажам зноў не стрымаўся

Сцяпан В. ужо чуў у адносінах да сябе абвінавачванні ў судзе Столінскага раёна. За парушэнні закону (у тым ліку за крадзеж) мужчына раней адбываў пакаранне. Ён меў нязнятую і непагашаную судзімасць. І пры тым Сцяпан усё ж на шлях выпраўлення не стаў і зноў здзейсніў наўмыснае злачынства, цяпер ужо ў Жабінкаўскім раёне. Адбылося гэта на цукровым заводзе, дзе зламыснік скраў мабільны тэлефон коштам у 800 рублёў, які быў пакінуты на лаўцы ўладальнікам. Цяпер зламысніка зноў чакае суд, паколькі яго супрацьпраўныя дзеянні цалкам падпадаюць пад частку 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса нашай дзяржавы.

Калі ігнаруеш закон

Як вядома, у любым узросце самы лепшы для дзіцяці чалавек – гэта маці. Аднак, на жаль, часам сустракаюцца жанчыны, якія цалкам перакладаюць абавязкі па выхаванні на дзяржаву, а затым гэтыя абавязаныя адмаўляюцца вяртаць сродкі. За тое не раз Караліна Л. прыцягвалася да адказнасці ў судзе. Грамадзянка, напрыклад, была пазбаўлена мацярынскіх правоў на дачку яшчэ 13 гадоў таму, і за гэты час шмат разоў дапускала ўхіленне ад вяртання расходаў на ўтрыманне запазычанасці, што ўтварылася перад аддзелам па адукацыі Жабінкаўскага райвыканкама і Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна. Час ляціць, аднак мяняць свой лад жыцця жанчына не спяшаецца. Пасля вяртання летам з месцаў пазбаўлення волі яна была працаўладкаваная, ды восенню дапусціла 30 дзён прагулаў, яшчэ і парушала правілы прэвентыўнага нагляду.

Інтэрнэт-махляры не ведаюць адпачынку

Тое, што ў наша жыццё смела ўвайшла камп’ютарная тэхніка, а карыстацца рознымі гаджэтамі ўмее, лічыце, кожны, мае, на жаль, і адваротны, крымінальны бок. Трэба быць надзвычай пільнымі, бо інтэрнэт-махляры не ведаюць адпачынку. Напрыклад, нейкая невядомая асоба скарысталася паведамленнем, якое размясціла на “Куфары” жабінкаўчанка А. Зламыснік нібыта хацеў набыць тавар, прапанаваны для продажу жанчынай, а насамрэч жадаў завалодаць яе грашыма і выманіў рэквізіты банкаўскай карткі ў А., а затым і грошы яе скраў з рахунку. Ужо не ўпершыню папярэджваем: не верце “добразычліўцам”, якія гатовы прамовіць безліч ліслівых слоў, каб толькі “пазнаёміцца” з рэквізітамі вашых плацежных картак.

Крымінальныя справы – за абразу

Дзве падобныя паміж сабой крымінальныя справы былі ўзбуджаны ў снежні 2025 года следчымі Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта. Яны тычацца абразы гонару і годнасці дзеючага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У абодвух выпадках для супрацьпраўных дзеянняў быў выкарастаны інтэрнэт. Парушальнікі закону выяўлены, супраць іх узбуджаны справы паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Калі кулак ідзе ў справу

Гэтая справа адбылася сярод белага дня. Аднак ад таго яна не становіцца менш брыдкай і ў чарговы раз сведчыць, наколькі лёгка бывае грамадзяніну пераступіць мяжу дазволенага, калі той аказваецца нападпітку. Менавіта ў стане алкагольнага ап’янення жыхар горада-спадарожніка О. пачаў груба парушаць грамадскі парадак. У выніку без дай прычыны ён ударыў у галаву жабінкаўца, якому прычыніў фізічны боль. Такія дзеянні не маглі апынуцца па-за ўвагай праваахоўных органаў. За “кулачныя справы” следчым у адносінах да О. узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 339 КК.

З жыцця камандзіраваных

Мала хто ўсё жыццё праводзіць выключна ў адным месцы. Такі ўжо бурлівы век. Усім нам даводзіцца рухацца, нярэдка бываць па справах у іншых гарадах і селішчах. Вось і вадзіцелі М. і Д., працаўнікі аднаго з прадпрыемстваў горада-спадарожніка, на працягу апошніх гадоў не аднойчы прыязджалі ў Мінск. Усё б добра, ды потым, як вярталіся са сталіцы, яны нярэдка прадастаўлялі ў бухгалтэрыю для аплаты падложныя дакументы. Тыя паперы нібыта сведчылі пра тое, што вадзіцелі падчас сваіх камандзіровак займаліся наймам жылога памяшкання. За гэта на працягу некалькіх гадоў яны атрымлівалі грошы, прычым М. гэткім незаконным чынам стаў уладальнікам больш за паўтысячы рублёў, ну а сума, атрыманая Д., увогуле перавысіла тры тысячы. У выніку супраць іх у снежні 2025 года былі ўзбуджаны справы паводле часткі 1 артыкула 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Па інфармацыі начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыял да друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.