
Раёнка ў маім жыцці
Напэўна, не памылюся, калі скажу, што я расла разам з “Сельскай праўдай”. З раёнкай была знаёма з дзяцінства. Бацькі выпісвалі, і я калі-нікалі чытала яе. А ў дзясятым класе наш настаўнік гісторыі Мікалай Сямёнавіч Міцковіч прапанаваў мне напісаць заметку ў “Сельскую праўду” і расказаць пра клуб “Алый факел”. У ім вучні Ракітніцкай школы займаліся краязнаўчай і пошукавай работай. Я згадзілася, напісала. Пасля першай публікацыі з лёгкай рукі настаўніка з’явіліся наступныя: пра сустрэчу з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, пра механізатара-перадавіка з вёскі Ракітніца, пра буслоў, якія вяртаюцца ў роднае гняздо, і многія іншыя. Мае нататкі нават падпісваць сталі “вучаніца 10 класа, селькор”. Гэта настолькі захапіла мяне, што я перадумала паступаць на філфак (пра што даўно марыла) і вырашыла ісці вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі.
Рэдактар Віталь Іосіфавіч Канавалюк прапанаваў мне, студэнтцы-завочніцы, папрацаваць да сесіі ў “Сельскай праўдзе”. Сказаў, каб на пастаяннае месца не разлічвала, бо ў штаце раёнкі завочнікаў і так хапае. Так, у 1975 годзе ў мяне з’явіўся першы запіс у працоўнай кніжцы.
Потым я сем гадоў працавала на радыё ў Брэсце. А калі наша маладая сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Жабінку, я зноў вярнулася ў “Сельскую праўду”. Была старшым карэспандэнтам, потым загадчыкам аддзела прамысловасці, будаўніцтва і транспарту, затым загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, намеснікам рэдактара, а з 2006 па 2015 год – галоўным рэдактарам.

Безумоўна, на працягу гэтых чатырох дзясяткаў гадоў мянялася і наша раённая газета “Сельская праўда”. Спачатку яна выходзіла тройчы на тыдзень, друкавалася ў мясцовай друкарні. Потым, у канцы 90-х, у нас з’явіўся камп’ютарны выдавецкі комплекс, што, вядома, палегчыла работу. Ва ўсякім разе адпала неабходнасць дакладна падлічваць радкі, прабелы паміж калонкамі і лінейкамі. Дый фотаздымкі можна было зрабіць хутчэй, не трэба было праяўляць плёнку, адліваць у друкарні клішэ.
Але аднойчы здарыўся казус. Амаль усе газетныя палосы былі зроблены, і раптам – збой у праграме. Пад пагрозай выпуск чарговага нумара. Давялося ехаць у Брэст, звяртацца па дапамогу ў адну з камп’ютарных фірм, каб аднавіць матэрыялы, якія зніклі з праграмы.
Мянялася газета і знешне: стала выходзіць у двух колерах – чорным і блакітным. Іншы раз да святаў і на выставу СМІ ў Мінск раёнка друкавалася ў каляровым варыянце. Тады зрабіць так, каб “Сельская праўда” пастаянна выходзіла ў колеры, як зараз, не дазвалялі фінансы. Даводзілася лічыць кожную капейку, каб акупіць выдаткі, і да канца 2015 года па ўзроўні пакрыцця выдаткаў уласнымі даходамі мы мала што не дацягвалі да 100 працэнтаў. Нядрэнны быў і паказчык па падпісцы: на 1000 чалавек насельніцтва – 114 экзэмляраў раёнкі.
Працаваць было цікава. Жылі адной дружнай сям’ёй, стараліся, каб чытачы заўжды атрымлівалі аб’ектыўную, праўдзівую і цікавую інфармацыю. Шмат друкавалася нарысаў і замалёвак пра жабінкаўцаў-рупліўцаў, якія паказалі сябе лепшымі ў той ці іншай сферы.
Цяпер раёнка выходзіць пад новай назвай “Жабінка актуальна”. Для мяне яна па-ранейшаму застаецца “Сельскай праўдай”. Лічу, што галоўнае не ў назве, а ў змесце газеты, у цікавых матэрыялах на яе старонках. Таму сённяшнім журналістам жадаю творчых удач і натхнення.
З павагай, Святлана ВІШНЕЎСКАЯ
Фота з архіва аўтара

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
