Баранцы: вёска, што Маскву здзівіла

Праект “Взгляд” прыглядваецца не толькі да вялікіх паселішчаў, але і да вёсак, дзе налічваецца менш за дзесяць жыхароў. Бо кожны чалавек непаўторны і можа парадаваць цікавым расказам або справамі працавітых рук. Гэта цалкам пацвярджае гісторыя Баранцоў. Яны былі заснаваны 14 сем’ямі, переселенымі з суседніх Бараноў азяцкім памешчыкам Міхалам Верашчакам. Спачатку вёска паблізу балота Гатча звалася Забалацце-Гайкоўка, пазней – Забалацце-Баранцы. Паводле інвентара 1846 года, тут было 10 дамоў, дзе жылі 95 чалавек. Праз 180 гадоў у Баранцах засталося ўсяго 9 жыхароў і 8 хатніх гаспадарак. Аднак і раней, і зараз баранцы (жыхары) – людзі таленавітыя, пагэтаму назву вёскі Баранцы з павагай прамаўлялі і прамаўляюць у далёкіх краях і ў высокіх кабінетах.

Хараство бабулі Зосі

У 2007 годзе да абласных “Дажынках” у Жабінцы свет пабачыла кніга “Сорак дарог”, прысвечаная выдатным нараджэнцам нашай зямлі. І пачынаўся гэты летапіс краю не біяграфіямі вучоных, святароў ці генералаў, а нарысам “Хата – на дабрыню багата” пра Соф’ю Карась, або бабулю Зосю, як хораша звалі яе вяскоўцы.

Баранцоўская стараста Соф’я Рыгораўна Карась (1934 – 2014) атрымала шырокую вядомасць як каравайніца, дэпутат Азяцкага сельсавета, дыпламант І-га рэспубліканскага фестывалю мастацтваў “Беларусь – мая песня” і “Чалавек года – 2002” на Брэстчыне.

Запрошаная ў горад над Бугам на ўрачыстасць з нагоды Міжнароднага жаночага дня майстрыха здзівіла ўсіх сваім адметным караваем. А яшчэ больш любіла Соф’я Рыгораўна выпякаць свае кулінарныя шэдэўры на вяселлі – з “салодзенькімі” маладымі, перапаясаным ручніком дружкам, з заручальнымі пярсцёнкамі ды абавязковымі казачнымі лебедзямі і яркімі кветкамі.

– Выпякаць іх трэба з любоўю, – неяк дзялілася Соф’я Карась, – з пажаданнем маладой сям’і шчасця і кахання на многія гады.

Яе караваі займалі пачэснае месца на многіх вясельных сталах не толькі ў Баранцах. Было такое: сабралася ў Маскву на вяселле Вера Сушко, завітала да Карась:

– Я падумала, што лепшага падарунка пляменніцы на бяседу мне і не знайсці. Спячы, Рыгораўна, здзіві Маскву!

І, далібог, здзівіла. Вярнуўшыся, Вера доўга хвалілася суседкам, як масквічы ахалі ды охалі, гледзячы на хараство, зробленае рукамі бабулі Зосі. А яна ўсё жыццё памятала бацькаў запавет. Рыгор Хоміч – чалавек з залатымі рукамі – казаў дзецям: “Не спяшайцеся ў працы, але рабіце ўсё як трэба. Аднойчы зробіце абы-як, дык і ў другі раз захочацца”. “Абы-як” – гэта не пра Соф’ю Карась. Да ўсялякай працы яна была ўвішнаю – калі шчыравала ў калгасе “Беларусь”, узначальвала камсамольскую арганізацыю, загадвала хатай-чытальняй і клубам, арганізавала фальклорны калектыў і этнаграфічны музей. Кожнай справе жанчына аддавала шмат сіл і энергіі. За гэта мела пашану пры жыцці і мае памяць пасля смерці.

“Быў чытач, стаў пісач”

Кніг у Баранцоўскай бібліятэцы было нямнога. Лічыце, кожную з іх прачыў у маладосці Толік Брытун. Гэта цяпер Анатоль Арцёмавіч – вядомы пісьменнік, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка за раман “Пах мускусу”, а калісь быў удзячным чытачом, які прыслухоўваўся да парад Соф’і Карась. Тая прасіла не абмінаць чытальню, і хлопчык ахвотна наведваў вясковую бібліятэку. Ён рос летуценнікам, любіў прыгодніцкія кнігі. Мабыць, у нечым гэта вызначыла далейшы лёс. Анатоль Брытун атрымаў два дыпломы аб вышэйшай адукацыі ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і Брэсцкім педінстытуце імя А.С. Пушкіна. Працаваў, між іншым, у знакамітых турыстычных фірмах Беларусі і Расіі “Спадарожнік”, “Інтурыст”, “Інтурбюро”, пабываў у якасці гіда-перакладчыка ў многіх кутках Савецкага Саюза. Пасля распаду СССР Анатоль Арцёмавіч уладкаваўся на Брэсцкую мытню, дзе працаваў да выхаду на пенсію.

У гэты перыяд у нараджэнца Баранцоў узнікла прага да прыгожага пісьменства. Неяк на сустрэчы з чытачамі ён сказаў з гумарком: “Кожны можа паспытаць пісьменніцкі хлеб, прыкладна, як у мяне атрымалася: быў чытач, стаў пісач”. На той час Анатоль Брытун выдаў свой першы раман “Пах мускусу”, які чытачы прынялі з вялікай цікавасцю. Не меншую славу аўтару прынеслі наступныя кнігі: аповесць “Сяліба” і “Трылогія прыгод тысячагоддзя”, прысвечаная вялікаму юбілею Брэста. Гэтае выданне прынесла прэстыжную ўзнагароду: у 2023 годзе наш зямляк перамог на абласным конкурсе “Духоўная веліч” у намінацыі “Літаратура для дзяцей і юнацтва”.

Нездарма ў народзе кажуць: “Высока птушка лятае, ды ўсё адно на зямлю сядае”. Шмат разоў Анатоль Арцёмавіч выступаў перад юнымі і дарослымі жабінкаўцамі, у тым ліку на свяце дзіцячай кнігі ў горадзе-спадарожніку і абласным літаратурным фестывалі “Берасцейскае шматгалоссе”, што ладзіўся ў Жабінцы і наваколлях 27 кастрычніка 2022 года. Не забывае Брытун і невялічкую вёску, скуль выйшаў у вялікі свет. Зацяты рыбак, ён любіць прыехаць у мясціны, знаёмыя з дзяцінства, закінуць вуду ў ваду і злавіць рыбку, а з ёю – і натхненне для будучых твораў.

Доўгі век Марыі Савіч

Анатоль Брытун не адзіны носьбіт гэтага прозвішча ў Баранцах. Завіталі на падворак да Надзеі і Віктара Брытуноў. Надзея Васільеўна і Віктар Паўлавіч большую частку жыцця пражылі ў горадзе (яна працавала ў адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Брэста, ён – на “Газаапараце”), а як прыйшла пенсійная пара, Брытуны вярнуліся да вясковага жыцця. Хату, дзе адбылася наша сустрэча, будаваў яшчэ тата Надзеі – з надзеяй, што будуць у ёй яшчэ доўга жыць нашчадкі. І вось яны ўладкоўваюць двор, ствараюць навокал прыгажосць – усё як марылі былыя пакаленні.

– Тут добра, ціха, як у дзяцінстве, – гаворыць Надзея Васільеўна. – Не думайце: мы ад роднага кутка не адрываліся. Ехалі сюды ў выхадныя, на святы. Прыйдзе водпуск – зноў да бацькоў, каб ім дапамагчы. А як таты і мамы не стала, канчаткова сюды перабраліся. Прывыклі ўжо. Муж у грыбы, на рыбалку ходзіць. Трымаем парадак і душой адпачываем. Пра адно шкадую, што людзей становіцца ўсё менш. Са старажылаў – тых, хто памятае, якімі былі Баранцы раней, – назаву 95-гадовую Лідзію Макараўну Ануфрыюк, Агапу Іванаўну Савіч, Марыю Міхайлаўну Букач, Марыю Сафронаўну Савіч.

Праз некалькі хвілін нас ужо сустракала на шырокім падворку Сафронаўна, як па-вясковаму завуць гаспадыню дома №3. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было чатыры гады, а таму пра ліхалецце, акупацыю жанчына ведае не толькі з расказаў бацькоў, але нешта захавала і ўласная памяць.

– У вайну мадзяры стаялі, мы цікалі ў ліс, ховалыся там, у Лісках, – гаворыць бабуля, згадваючы хутар Ліскі, дзе была стаянка партызанскіх атрадаў імя Чарнака і Фрунзэ. – Тую стоянку трымалі мой батько Сафрон Хоміч і яго родыч Андрэй Хоміч. У мэнэ і брат Мікалай Сафронавіч погіб на войні. А я скончыла ў Сычові чотыры класы, і ўсё – у калгас пайшлі робыты, снопы носыть. Замуж у Ліскі пайшла, там і діткі родылысь: Іван і Вова, воны погіблі, а дочка Оля засталась.

Міжволі кінулася ў вочы, наколькі чыста прыбраны вялізны двор. Аказалася, што ў бабулі ёсць памочнікі: пляменнік Анатоль і зяць Жэня. Жывуць яны амаль побач, на Кобрыншчыне. Заўважым: да мяжы Жабінкаўскага раёна з Кобрынскім – рукой падаць.

– Жызнь харошая, – сказала на развітанне Марыя Сафронаўна, – вот толькі болезні… Доктар кажа: “Тэрпі, бабо, от тваіх болячак ужо лекаў нэма”. І тэрплю, сама собі абслугоўваю, з кіёчком. А так жызнь харошая: аўталаўка прыходыть, пенсію прыносять. Во, і вы прыіхалы.

Аднак прыйшоў час ад’язджаць: прыспешвалі новыя журналісцкія справы. Развіталіся з вёсачкай, якая ўмее здзіўляць, і рушылі да вытокаў Баранцоў – у вёску Бараны, адкуль пан Верашчака некалі перасяліў продкаў сённяшніх баранцоў.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.