Вёска Нагараны: калі цягнік на гары свіснуў

Гартаючы падшыўкі раёнкі, раптам злавіў сябе на думцы: за 80 гадоў карэспандэнты жабінкаўскай газеты ніколі асобна не пісалі пра Нагараны і ў фокус іх фотакамер амаль не траплялі нагаранцы. Пагэтаму сённяшні праект “Взгляд” – лічыце, першае падарожжа журналіста, каб расказаць пра жыццё-быццё ў вёсцы, змешчанай на ўзвышшы (“на гары”).

Ад Жабінкі да Нагаран – рукой падаць. Ведаюць пра гэты населены пункт вельмі многія, хто рухаюцца па чыгунцы з Брэста ці ў адваротны бок (прыпынак “Нагараны” існуе яшчэ з ХІХ стагоддзя). А вось у самім сяле бываў далёка не кожны.

Сваю пісьмовую гісторыю Нагараны адлічваюць з перапісу 1816 – 1817 гадоў, калі побач існавалі два аднайменныя маёнткі – уласнасць Ляскоўскіх і Андрайковічаў. Аднак сапраўды шпаркае развіццё вёскі пачалося з восені 1871-га, калі праз гэтыя мясціны прайшла чыгунка. Сённяшнія нагаранцы таксама нярэдка звязаны лёсам са сталёвай магістраллю.

Карэнныя нагаранцы

Першую “карэнную нагаранку” бачыў кожны, хто карыстаецца чыгункай. Стаіць ля прыпынку “Нагараны” бетонная скульптура. Ужо не адно дзесяцігоддзе дзяўчынка ў школьнай форме з партфельчыкам у руцэ “сустракае” цягнікі, а затым “спяшаецца” па веды ў накірунку сярэдняй школы №2.

А вось Алену Сваткову можна назваць карэннай нагаранкай без усялякіх двухкоссяў. Яна сапраўды некалі скончыла другую гарадскую школу. Цяпер жанчына прыгадвае, як аднойчы яе будучыя бацькі Уладзімір Пятровіч і Лідзія Паўлаўна пазнаёміліся па перапісцы, а затым і распісаліся ў Жабінкаўскім загсе. Як час прыйшоў, там жа і дзяцей зарэгістравалі: спачатку дачку Леначку, а потым і сына Віцю – карэнных нагаранцаў.

Алена Сваткова — карэнная нагаранка.

Брат з сястрою былі працаўнікамі ў агратаварыстве “Жабінкаўскі”. Прычым, Віктар Уладзіміравіч амаль трыццаць гадоў прысвяціў гаспадарцы, дзе ўвішна шчыраваў трактарыстам-машыністам. Цяпер нагаранец звязаў свой лёс з чыгункай. У гэтым ён працягвае сямейную дынастыю, якую пачала маці, што працавала пуцейцам. Па прыкладзе матулі і Алена Уладзіміраўна хацела прысвяціць жыццё сталёвай магістралі. Ды не склалася: яе рукі і клопат былі патрэбныя дома, вось і вярнулася ў родныя Нагараны.

Драўляная бацькоўская хата, у якой сустрэлі Сватковых, суседнічае з прыкметным, зробленым з чырвонай цэглы домам. Бачна, што будынак стары, узведзены яшчэ да рэвалюцыі.

– Так, – пацвярджае Алена. – Калісь тут паны жылі, затым чыгуначнікі, у тым ліку ў вайну – нямецкія, што абслугоўвалі пуці. Дом пабудаваны на вякі! А цяпер у ім новыя гаспадары з Брэста. Яны купілі будынак пад лецішча, часам прыязджаюць, асабліва ўлетку, даглядаюць як належна.

Насамрэч у Нагаранах вельмі адчувальная блізкасць да раённага і абласнога цэнтраў. Такіх выпадкаў, калі гараджане набываюць жытло ў вёсцы або будуюцца на гэтай зямлі, нямала. Прываблівае, вядома, зручнасць і магчымасць мець домік у вёсцы.

Праз крок – новы гасцінны парог

Нагараны маюць суседа – вёску Пшанаі. Абодва паселішчы ўжо два стагоддзі жывуць не разлей вадой: паміж імі лічаныя крокі, фактычна мяжу вызначаюць толькі шыльды. І вось нас чакае новы парог – гасціннай хаты Федасюкоў. На падворку сустракае гаспадар Уладзімір Яўгенавіч. Ён нарадзіўся далёка ад гэтага парога, у Казахстане, дзе яго бацькі Яўген Ануфрыевіч ды Афанасія Кірылаўна падымалі цаліну. Валодзя таксама лічыць сябе цаліннікам. Працаваў на трактары, не ленаваўся, хвалілі, як стварыў сям’ю са сваёй Галінай, мясцовы саўгас добраму работніку дом абяцаў. Аднак раптоўна пацягнула на зямлю продкаў, з’ездзіў на Жабінкаўшчыну, прайшоўся вясковай вуліцай, схіліў галаву на могілках перад помнікамі дзядоў-прадзедаў, а як вярнуўся дамоў, сказаў родным:

– Паедзем жыць у Беларусь. Ну, цягне мяне туды…

У лютым 1986 года Уладзімір Федасюк прыехаў у Пшанаі, а затым і маму з чатырма братамі перавёз. Усе працавалі ў ААТ “Жабінкаўскі”.

Ёсць парадак у гаспадарцы і сям’і Федасюкоў.

– Вельмі ўдзячны дырэктару Уладзіміру Анатольевічу Варановічу і партаргу Алене Аляксееўне Навіцкай. Усіх добрых людзей добра памятаю. Бо спачатку на новым месцы было няпроста, аднак з людзьмі пашанцавала. І ад суседзяў, і ад калег з першых дзён адчуў падтрымку. Гадоў 35 адпрацаваў у “Жабінкаўскім”, усіх работ і не палічыш, якімі займаўся, найчасцей – хімапрацоўкай глебы. Дваццаць гадоў таму па прэзідэнцкай праграме атрымалі дом, які цяпер у нашай уласнасці.

Разам з Галінай Мяфодзьеўнай, якая прысвяціла жыццё школе, наш герой стварыў выдатную сям’ю. Дзеці выраслі працавітыя: сын Саша – каваль на “Гефесце”, дочкі Оля і Наташа – швачкі.

А як лета прыходзіць, вясковую хату напаўняюць галасы ўнукаў. Іх ужо шасцёра. Самы старэйшы Раман, як некалі сам Федасюк, працуе ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Жабінкаўскі”. Унук заўсёды без ваганняў прыязджае на дапамогу дзеду з бабуляй. Толькі пакліч-пазаві – і ўнукі тут як тут!..

Да працы ахвочая

Наталія Баган таксама моцна прыжылася на жабінкаўскай зямлі. Яе малая радзіма – Століншчына, вёска Вялікае Малешава, размешчанае на мяжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Дзяўчына скончыла ў Магілёве бібліятэчны тэхнікум, пабралася шлюбам з Мікалаем Міхайлавічам з вядомага сяла Альшаны. Жыццё ў яе памянялася кардынальна, а вось пашпарт мяняць не давялося: муж і жонка аказаліся аднафамільцамі.

Наталія Баган: праца ў радасць, каб не ведаць старасць.

Сорак гадоў таму яны пераехалі ў Жабінку. У дарозе – так сталася! – Наталія Сцяпанаўна нарадзіла першынца. Шчаслівы муж сына назваў Міхаілам –у гонар свайго бацькі. За Мішкам нарадзілася і дачка Ірына.

Мікалай Міхайлавіч уладкаваўся на працу ў “Жабінкаўскі”. Як дзеці падраслі, і Наталія Баган стала даяркай у мясцовай гаспадарцы, нават ферму ўзначальвала. Працавала сумленна, што называецца, з агеньчыкам. Ёй і цяпер на месцы не сядзіцца. Калі зайшлі на падворак, адразу адчулі: тут сапраўдная гаспадыня жыве. Мужа, на жаль, ужо няма на гэтым свеце, таму найчасцей Наталія Сцяпанаўна можа разлічваць на ўласныя сілы. Хоць і нялёгкая гэта справа – самой трымаць парадак, ды ўвесь час жанчына клапоціцца, каб паўсюды панавала хараство. Можна бясконца любавацца справамі рук, ахвочых да працы. Пажадалі ўсмешлівай гаспадыні мець паболей усмешак ад лета, якое нарэшце прыйшло і цяпло прынясло.

Прыгадалі таксама Яўгена Завулічнага – самага знакамітага выхадца з гэтага сяла. Прафесар Яўген Рыгоравіч – чалавек вядомы ў навуковым свеце, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, чые даследаванні выкарыстоўваюцца на зямлі і ў космасе. Вось якіх людзей нараджае жабінкаўскі край!

А наш журналісцкі праект працягваецца. Яшчэ шмат дзе чакаюць “Взгляд”. Таму наступным разам рэдакцыйны “жыгулёнак” завітае ў вёску Дзяглі.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.