Віталь Сабалеўскі: Музыка з Жабінкаўскай зямлі, які заваёўвае свет

Ва ўсе вякі таленты мелі карані ў жабінкаўскай зямлі. На пачатку снежня сваё 35-годдзе адзначыў Віталь Сабалеўскі, які нарадзіўся ў Азятах і паспеў ужо велічным голасам духоўнай музыкі пакарыць Свет.

Сёння ў яго асабістай скарбонцы безліч узнагарод і нямала рэгалій. Віталь Іванавіч – заснавальнік і мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор і рэгент Мінскага Мітрапаліцкага хору. Выступленням калектыву, які ён узначальвае, дарылі свае апладысменты шматлікія захопленыя слухачы, а нараджэнец Азят, як у дзяцінстве, застаецца адначасова мэтанакіраваным і сціплым. Бо здаўна выбраў свой шлях і стараецца часцей гаварыць пра іншых, Божае наканаванне і малую радзіму.

Ужо мінула амаль дваццаць гадоў, як азяцкая настаўніца Ніна Міхалюк звярнулася да мяне па дапамогу. Ніна Паўлаўна патлумачыла: ёсць у яе выдатны вучань, які захапляецца мінулым і збірае матэрыялы для навуковага рэферата “Мой храм і яго гісторыя”. Настаўнік і вучань прасілі парады. Як было адмовіць у дапамозе, калі адчувалася, што юнак у захапленні ад краязнаўства?! Такое захапленне, памножанае на працавітасць, гарантавана прыносіць плён. Таму зусім не здзівала Віталева перамога ў конкурсе. Яго запрасілі ў сталіцу, дзе азятчук сустрэўся з тагачаснымі Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам і Міністрам адукацыі Беларусі Аляксандрам Радзьковым. Мо гэтая падзея стала вырашальнай. Хоць жаданне пайсці па духоўнай дарозе ўсё ж узнікла значна раней. Яно было закладзена бацькамі Іванам Мікалаевічам і Ганнай Сілаўнай, якія не абміналі храм. Вельмі шмат у жыцці Віталя Сабалеўскага займала музыка, якую выкладалі Аляксандр і Галіна Таргонскія.

Яшчэ ў школьныя гады Віталь Сабалеўскі стварыў дзіцячы хор пры Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царкве. Некалі яна дала пуцёўку ў жыццё Юльяну Крачкоўскаму. Прыйшоў час, і шляхам духоўнай адукацыі, пракладзеным у ХІХ стагоддзі вядомым вучоным, праз век пайшоў іншы азятчук. У 2007 годзе Віталь Сабалеўскі паступіў на багаслоўскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ужо ў студэнцкія гады ён станавіўся пераможцам многіх конкурсаў, стварыўшы хор БДУ. У 2012-м ён быў абвешчаны лепшым выпускніком года, а неўзабаве стаў дырыжорам зводнага хору на патрыяршым набажэнстве, прысвечаным 1025-м угодкам Хрышчэння Русі.

Роўна дзесяць гадоў таму з блаславення Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла быў заснаваны Мітрапаліцкі хор Свята-Духава кафедральнага сабора, галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком якога стаў Віталь Сабалеўскі. Пад кіраўніцтвам Віталя Іванавіча калектыў перамагаў у дзясятках міжнародных конкурсаў у Беларусі і Расіі, Польшчы і Літве, Сербіі і Украіне. Паўсюль слухачы былі ў захапленні ад велічнага голасу музыкі, падараванай Свету дырыжорам і яго хорам.

Аднак, бадай, самыя цёплыя апладысменты яны чулі летам 2016 года, калі азятчукі святкавалі 500-я ўгодкі родных Азят. Усё паўтарылася 14 студзеня 2022-га ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца, дзе ладзіўся XVII міжпрыходскі вечар калядных песнапенняў Жабінкаўскага дабрачыння “Зорка Віфлеема”.

Віталь Сабалеўскі займаецца справай, якая прыносіць асалоду яму і людзям. Яго творчая дарога перакрыжоўваецца з многімі адметнымі выканаўцамі і калектывамі, сярод іх – “Песняры”, “Беларусы”, “Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы”, “Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь”, хор Вялікага тэатра оперы і балета, Акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі.

Зроблена ўжо нямала, але гарызонты, якія адкрываюцца перад кожным натхнёным чалавекам, неабсяжныя. Верым, што яшчэ не раз пачуем пра дасягненні выдатнага калектыву і яго кіраўніка. Бо паходзіць ён з Азятаў, дзе заўсёды талентаў багата.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з адкрытых крыніц

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.