Яны – брэнд Жабінкаўшчыны, калектыў, які праслаўляе наш раён далёка за межамі Беларусі. Яны – лаўрэаты і дыпламанты многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, шматкратныя ўладальнікі Гран-пры. Упэўнена, усе здагадаліся, размова пра “Каруначкі” – узорны ансамбль народнага танца пад кіраўніцтвам Ірыны Румко.
У суботу, 7 снежня, любімы многімі калектыў даваў справаздачны канцэрт, што меў сімвалічную назву “Мы сваё прызванне не забудзем”. Атрымаць асалоду ад народных танцаў і падтрымаць юных артыстаў прыйшлі родныя, блізкія, сябры. Прысутнічалі ў зале і былыя выпускнікі Ірыны Феафанаўны, іх бацькі.




Канцэрт “Каруначкаў”, як заўжды, атрымаўся яркім, цікавым, чароўным і эмацыянальным. Сімвалічна-патрыятычна распачынала канцэртную праграму кампазіцыя “Наш край”. Акрамя даўно знаёмых і любімых танцавальных нумароў: “Лявоніха”, “Кросны”, “Самавар”, “Лета”, “На пажары”, парадавалі гледачоў самабытны “Бабулін куфэрак”, “Святочная” ды “Вясковая” кампазіцыі.







Бурнымі апладысментамі былі сустрэты новыя харэаграфічныя замалёўкі “Шукала” і “Страла”. Хуткая змена танцаў, прыгожыя касцюмы, адточаныя рухі захаплялі прысутных.






Запамінальна, ярка выступілі з сольнымі нумарамі Ксенія Бакун, Паліна Федарук і Ксенія Шырокава. Танцавальныя нумары межаваліся з вакальнымі выступленнямі артыстаў брэсцкай студыі “7 нот” Маргарыты Філіпавай і Юрыя Цітовіча.

Вёў канцэртную праграму Вячаслаў Фядотаў. Ён заўважыў, што юныя танцоры з адкрытымі ўсмешкамі і раскрытаю душой паўсюль нясуць нашу непаўторную беларускую культуру.

Кожнае выступленне нашых “Каруначак” лішні раз пацвярджае, што кіраўнік ансамбля Ірына Румко сабрала вакол сябе працавітых, мэтанакіраваных і самае галоўнае таленавітых выхаванцаў. Колькі пакаленняў змянілася ва ўзорным калектыве народнага танца за дзесяцігоддзі яго існавання, а “Каруначкі” заўжды на вышыні!


Так напрыклад, на канцэрце прысутнічала сям’я Федарукоў з Жабінкі. Сёння ў “Каруначках” выступае Паліна Федарук, якая прыйшла ў калектыў следам за сястрой Ангелінай, што атрымала сертыфікат выпускніцы ансамбля тры гады назад. А распачаў гэтую танцавальную дынастыю тата Сяргей. Ён папоўніў калектыў яшчэ ў 1980-я гады і быў сведкам прысуджэння ансамблю звання “ўзорны”.
– Я ўдзячна тату, які калісьці прывёў мяне ў “Каруначкі”, – сказала Ангеліна Федарук. – Мне вельмі прыемна, што калектыў развіваецца, майстэрства расце, “Каруначкі” нясуць у народ беларускую культуру. Кожны раз, як прыходжу на канцэрт, мне складана ўседзець на месцы, хочацца далучыцца да танцораў.

Мікіта Кандрацюк займаецца ў “Каруначках” з пяці гадоў, зараз яму 13. Палюбавацца выступленнямі сына прыйшлі тата і мама, якія з гонарам расказалі, што Мікіта двойчы пабываў з “Каруначкамі” ў “Артэку” і для яго танцавальны калектыў сапраўды другая сям’я.
Аксана Актысюк прыйшла падтрымаць дзвюх дачушак Паліну і Сафію, якія танцуюць у сярэдняй і старэйшай групах “Каруначак”. Матуля не прапускае ніводнага выступлення і кожнае выклікае захапленне ды гонар за нашых дзяцей – усіх, не толькі сваіх.
Ужо цэлых дзесяць гадоў танцавальны калектыў “Каруначкі” родны для Яўгена Назаранкі, дзесяцікласніка гарадскога ліцэя. Жэня падзяліўся, што заняткі танцамі даюць добрую фізічную падрыхтоўку, загартоўваюць волю і вынослівасць, дораць незабыўныя эмоцыі. У складзе ансамбля Яўген шмат разоў выступаў не толькі ў Беларусі, але ў Расіі і Польшчы. Шкадуе, што хутка давядзецца расстацца з калектывам – у наступным годзе выпускны.

Дарэчы, выпускнікоў – і сёлетніх, і былых – чакалі хвіліна славы і шквал апладысментаў ад удзячных гледачоў. Ірына Феафанаўна ўручыла выпускнікам сертыфікаты з пажаданнямі і далей горда несці беларускую культуру, прадаўжаць традыцыі.


З захапленнем глядзела на вопытных танцораў маленькая Сафія Ляхінка, якая толькі пачынае свой шлях у чароўнае танцавальнае мастацтва. У суботу было першае выступленне дзяўчынкі на вялікай сцэне, як і ў двух дзясяткаў іншых хлопчыкаў і дзяўчынак.



Ірына Феафанаўна прывітала ўсіх маленькіх танцораў, якія выйшлі на сцэну на фінальную кампазіцыю “Мы сваё прызванне не забудзем” пад музыку са знакамітых “Брэменскіх музыкантаў”. Нязменны кіраўнік “Каруначкаў” пажадала будучым юным артыстам не палохацца цяжкасцяў на цярністым шляху да высокага мастацтва.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
