У першы снежаньскі дзень Жабінка развіталася з былым кіраўніком раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандрам Яўстратавым.

Аляксандр Веціслававіч нарадзіўся ў Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту, 23 лютага 1964 года. Яго дзяды, палкоўнік Пётр Юрасаў і капітан Сямён Яўстратаў, прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта паўплывала на выбар жыццёвай дарогі выпускніка СШ №1, які пасля школы паступіў ва Ульянаўскае вышэйшае ваенна-тэхнічнае вучылішча імя Б. Хмяльніцкага. У 1985 годзе юнак змяніў курсанцкія пагоны на лейтэнанцкія і быў накіраваны ў Забайкальскую ваенную акругу.
Паміж 1986-м і 1988 гадамі Аляксандр Яўстратаў у складзе 56-й дэсантна-штурмавой брыгады выконваў інтэрнацыянальны доўг на афганскай зямлі, браў удзел у буйной вайсковай аперацыі “Магістраль”. У выніку ў 1988 годзе Аляксандр Веціслававіч быў узанагароджаны медалямі “За баявыя заслугі” і “Воіну- інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета СССР.
У пачатку 1990-х, каб дапамагаць былым воінам-інтэрнацыяналістам і іх сем’ям, была створана раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, якую Аляксандр Яўстратаў узначальваў з 2008 года. Разам з былымі сябрамі па зброі ён клапаціўся аб памяці пра падзеі Афганскай вайны і былых воінах, што прайшлі яе агнявымі дарогамі. У іх гонар быў створаны мемарыял у Жабінцы.
30 лістапада 2024 года спынілася сэрца Аляксандра Яўстратава. Перадольваючы болі цяжкай хваробы, Аляксандр Веціслававіч заставаўся воінам да самага канца. Цяпер яго імя – частка памяці, што павінна заставацца з намі.
Антон БЕРАСТОК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
