Сёлетні год адметны для адкрытага акцыянернага таварыства “Рагазнянскі”, можна сказаць, абрадавы і ўзнагародны. Вясной у гаспадарцы правялі прыгожы народны абрад “Засеўкі”, а летам з абрада “Зажынкі” ААТ “Рагазнянскі” першым у раёне пачало ўборку зерневых і зернебабовых культур. Абедзве гэтыя святочныя дзеі суправаджаліся песнямі, былі ўпрыгожаны духмянымі караваямі ды снапамі мінулагодняга ўраджаю.


Фота Наталлі Валошкі
Прыгожа адзначылі ў сельгаспрадпрыемстве і мясцовыя “Дажынкі”, якія папярэднічалі раённым. А на фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі, які наш раён святкаваў у аграгарадку Ракітніца, дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Ганна Плытнік не раз падымалася на сцэну, каб прымаць узнагароды за адданую працу і вернасць роднай матухне-зямельцы. Сельгасарганізацыя, якую ўзначальвае Ганна Іванаўна, сёлета заняла першае месца ў раённым конкурсе на самы арыгінальна і прыгожа аформлены сноп ураджаю 2024 года. Акрамя таго, яе саму і агранома па ахове раслін ААТ “Рагазнянскі” Сяргея Сабалеўскага на раённых “Дажынках” узнагародзілі Ганаровымі граматамі райсавета дэпутатаў. А камбайнеры Арцём Мінаеў і Мікалай Андраюк па выніках жніва занялі першае месца сярод маладзёжных экіпажаў.
– Парадаваў нас у гэтым годзе рапс: атрымалі рэкордныя намалоты ў 48,7 цэнтнера з гектара супраць леташніх 35,3 ц/га, – расказала дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Ганна Плытнік. – Ураджайнасць азімай пшаніцы засталася прыкладна такой жа – 47,1 цэнтнера на круг. Добры вынік дало і вырошчванне грэчкі – 28,3 цэнтнера з гектара. Валавы збор кукурузы на зерне сёлета склаў 2313 тон пры ўраджайнасці 96 цэнтнераў з гектара.
Восень – работ восем
У той дзень, калі мы завіталі ў ААТ “Рагазнянскі”, да фінішу падыходзіла ўборка цукровых буракоў. Галоўны аграном Віктар Трафімук расказаў, што пасеяна іх было сёлета 290 гектараў, ураджайнасць склала 449 цэнтнераў на круг.

Фота Наталлі Валошкі
На магутным буракаўборачным камбайне “Холмер” ураджай салодкіх караняплодаў збіралі механізатары Васіль Кот і Юрый Лысковіч.

– На пагрузцы буракоў у нас працуе Валерый Міхальчук на “Амкадоры 352”, адвозяць буракі два МАЗы, – падзяліўся Віктар Трафімук.

Галоўны аграном прыгадаў вядомую прымаўку “Восень – работ восем” і расказаў, што асноўныя з іх у ААТ “Рагазнянскі” зараз – унясенне арганічных і мінеральных угнаенняў пад ураджай будучага года ды падняцце зябліва. Гэтым займаюцца механізатары Іван Краўчук, Максім Данілюк і Мікалай Тарасюк, на пагрузчыку працуе Ігар Церабейчык. Аруць глебу трактарысты-машыністы Аляксандр Краўчук і Аляксандр Місіюк.
Аляксандр Місіюк, які ў дзень нашага прыезду падымаў зябліва на полі ля Вулькі, у сельскай гаспадарцы шчыруе звыш трох дзясяткаў гадоў і ўвесь гэты час у “Рагазнянскім”. Яго бацька Анатоль Макаравіч быў трактарыстам сельгастэхнікі, часта браў сына з сабой на працу. Тады Саша і зразумеў, што хоча пайсці бацькавай дарогай – араць, сеяць, збіраць ураджай.

Фота Наталлі Валошкі
Сёння Аляксандр Анатольевіч – універсальны, вопытны працаўнік: на яго плячах увосень сяўба азімых зерневых, рапсу, прасаванне саломы, ворыва. І любую даручаную справу ён выконвае бездакорна. Таму і не дзіўна, што кожны год Аляксандр Місіюк за сваю старанную працу атрымлівае ўзнагароды рознага ўзроўню. Сёлета яму ўручылі Грамату Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
– Многія з нашых работнікаў заслугоўваюць слоў падзякі і ўзнагарод, – кажа дырэктар сельгаставарыства Ганна Плытнік. – Усіх не пералічыш. Жадаю рагазнянцам напярэдадні нашага прафесійнага свята здароўя, дабрабыту, міру на зямлі і ладу ў сям’і.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 2%