Мікалай Рынчук: жыццёвы шлях прафесійнага аўтамабіліста і дарожніка

Для Мікалая Рынчука свята, што адзначаецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка, у поўнай меры прафесійнае: ён і аўтамабіліст з вялікім стажам, і дарожнік вельмі заслужаны. Ужо ў юнацтве ён зразумеў сэнс слоў пісьменніка О. Генры: “Тое, што ўнутры нас, прымушае выбіраць дарогу”. Аднойчы і назаўжды Мікалай Уладзіміравіч вызначыў свой шлях, каб упэўнена рухацца па жыцці.

Упершыню юнак узяўся за руль бацькавага “Іжа-Планеты” і неяк адразу адчуў: быццам уся планета кладзецца пад колы матацыкла, аснашчанага магутным маторам!

У старэйшых класах Мікалай атрымаў у Чыжэўшчыне ў вучэбна-вытворчым камбінаце “корачку” трактарыста. Таму адразу пасля заканчэння ў 1978 годзе Ленінскай сярэдняй школы уладкаваўся на працу ў сельгастэхніку. А ўжо пасля войска паспрабаваў свае сілы ў дарожна-эксплуатыцыйным участку, размешчаным у кобрынскіх Песках. Адначасова малады трактарыст вывучыўся на катэгорыі “В” і “С”, якія дазвалялі кіраваць легкавымі і грузавымі машынамі.

Далей значны адрэзак працоўнай біяграфіі Мікалая Уладзіміравіча быў прысвечаны меліярацыі. Нашаму ПМК-19 ён аддаў тузін гадоў. Разам з тым і ў вадзіцельскім плане працаўнік не забываў развівацца, таму адкрыў яшчэ і катэгорыі “D” і “Е”, што дазваляла сесць за абаранак аўтобуса і грузавіка з прычэпам.

Па справах давялося шмат пападарожнічаць у розныя канцы Беларусі. Былі камандзіроўкі і ў Расію, дзе жабінкаўскія меліяратары будавалі каля Ельні водаправод. А як прыйшла на родную зямлю бяда, звязаная з аварыяй на Чарнобыльскай атамнай станцыі, справа рук вопытнага шафёра таксама спатрэбілася. На аўтобусе ён дастаўляў будаўнічыя брыгады на Гомельшчыну, каб тыя ў хуткі час змаглі ўзвесці дамы для вымушаных перасяленцаў. Уся краіна ўспрымала гэты агульны боль і імкнула дапамагчы людзям, перажыўшым трагедыю.

Памятным у біяграфіі Мікалая Рынчука застаецца 16 сакавіка 1999 года, калі ён перайшоў на працу у Жабінкаўскі асфальтна-бітумны завод. З таго часу і па сённяшні дзень лепшым сябрам для вадзіцеля стаў магутны “МАЗ”. На надзейных машынах Мінскага аўтамабільнага завода Мікалай Уладзіміравіч шчыруе вось ужо чвэрць стагоддзя!

У рэшце рэшт, вясной 2013 года ў працоўнай кніжцы з’явіўся апошні запіс, і быў ён прысвечаны Жабінкаўскаму ДРБУ № 103. Як і адпавядае назве прадпрыемства, за гэтае дзесяцігоддзе давялося паўдзельнічаць у будаўніцтве шматлікіх дарог. Мікалай Рынчук згадвае, як праз балаты цягнулі шляхі ў Гомельскай вобласці, патрэбныя найперш пагранічнікам. А ўжо родны і навакольныя раёны ніколі не абыходзяць сваёй увагай дарожнікі з Жабінкі.

Вось і ў той дзень, калі давялося паразмаўляць з вопытным вадзіцелем “МАЗа”, яны абодва (кіроўца і яго магутны аўтамабіль) спяшаліся з асфальтна-бітумнага завода ў Булькова. Там шчыравала брыгада старшага майстра Юрыя Сахарчука, што ўкладвала надзейную дарогу ў накірунку вёскі, размешчанай на беразе Мухаўца.

З дапамогай дарожнікаў хутка апраналася ў асфальт дарога. Яна вядзе да стараўняга сяла і Булькоўскага храма, які праз месяц будзе адзначаць свой юбілей. Час прыспешвае, патрэбна ўладкаваць усё, як належна, пакуль восеньскія дажджы не парушылі рытм работ. Пагэтаму для размовы – хвіліна, на працу – гадзіны!

Такую адданасць справе нельга не ацаніць. Лічы, нездарма штогод не абыходзіцца Рынчук без узнагарод. Не раз яго прызнавалі лепшым па прафесіі ў родным дарожна-будаўнічым упраўленні, а сёлета на прафесійнае свята яго чакае ўганараванне і на раённым узроўні.

Ці ёсць з кім падзяліць поспех? Вядома, знойдзецца тая, з кім Мікалай Уладзіміравіч даўно поруч ідзе па жыццёвай дарозе, дзеліць усё з тае пары, як сорак два гады назад дзялілі вясельны каравай.

Так, у сям’і Рынчукоў сённяшні дзень – не будзённы, а якраз наадварот – вельмі памятны і надзвычай святочны. Бо менавіта 23 кастрычніка 1982 года Мікалай Уладзіміравіч і Тамара Пятроўна сталі мужам і жонкай, рушылі агульнай дарогай у адным накірунку. Нездарма сёння з самага ранку яны атрымоўваюць віншаванні ад дзяцей Леаніда і Ірыны ды чатырох унукаў Аляксандра, Насці, Арцёмкі і наймалодшага Вані.

Галава сям’і напярэдадні прафесійнага свята, са свайго боку, таксама назапасіў віншаванняў у адрас калег, якім зычыць:

– Мірнага ўсім неба, моцнага здароўя, і, як у нашым вадзіцельскім асяродку кажуць, не цвіка вам, не жазла ў дарозе! Няхай яна, тая дарога, заўжды роўнай стужкай кладзецца пад колы!

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.