
Кастрычнік для Ільі Савіцкага напоўнены святамі і адметнымі датамі. Толькі паспеў павіншаваць з Днём маці каханую жанчыну, якая падаравала яму трох цудоўных дзетак, як час і самому прымаць віншаванні: сёння ва ўсім свеце ў 45-ы раз адзначаецца Дзень харчавання (да гэтай справы Ілья Фёдаравіч мае непасрэднае дачыненне!), а ўжо не за гімалайскімі гарамі і Татава свята, якое завяршае Бацькоўскі тыдзень. А яшчэ раней, 19 кастрычніка, трэба не забыцца павіншаваць з юбілеем матулю Людмілу Васільеўну.
Словы “Смачна есці!” – жыццёвы лозунг Ільі Савіцкага. Нешта прыгатаваць і прыгожа на стол падаць ён умее з дзяцінства. Мама працавала ў гандлі, нярэдка затрымлівалася на працы, і сын рана навучыўся самастойна сталавацца. А калі ў брэсцкай школе № 15 для яго прагучаў развітальны званок, Ілья атрымаў ад маці блаславенне на паступленне ў прафесійна-тэхнічны каледж гандлю. Скончыў яго паспяхова, атрымаўшы прафесію повара і кваліфікацыю тэхніка-тэхнолага ў грамадскім харчаванні. Пазней, калі малады чараўнік кухні ўжо радаваў сваімі далікатэсамі наведвальнікаў розных кафэ і рэстаранаў Брэста, ён адвучыўся і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій, адкуль прывёз дыплом інжынера-тэхнолага. Ілья Фёдаравіч ішоў упэўнена да пастаўленай мэты, памятаючы наказ маці: “Гэта твой выбар і адказнасць твая!”
Не меншая адказнасць кладзецца на плечы, калі час прыйдзе адшукаць сярод мільёнаў людзей роднасную душу, сваю палавінку, якой не толькі прыемна будзе нешта фірменнае прыгатаваць, але і дзяцей разам гадаваць, пражыць у згодзе і радасці ад маладосці да глыбокай старасці.
Будучую жонку ён ведаў са школьнай пары. Аня і Ілья былі аднакласнікамі. Некалі хлопчык цягаў дзяўчынку за косы, а ў старэйшых класах юнака і дзяўчыну наведала закаханасць. Але ж далёка не заўжды (тым больш на доўгія гады!) гэтае першае пачуццё перарастае ў сур’ёзнае каханне. У іх атрымалася, і 16 красавіка 2010 года маладыя пакляліся ў загсе дарыць адзін другому шчасце.
Ганна працуе таксама ў сферы паслуг. Яна цырульнік ад Бога.
– Пад маім чуйным кіраўніцтвам яна прайшла сапраўдную поварскую акадэмію, – весела гаворыць шчаслівы муж, – і цяпер гатуе – пальчыкі абліжаш, а стрыжэ – яшчэ лепш!
І ўсё ж галоўны кухар у хаце – тата. Нездарма ён універсальны повар 6-га разраду. Але ж галоўнае: ёсць каму ацаніць бацькава кухарства. Дом ягоны, як гаворыцца, поўная чаша. Акрамя Ільі і Ганны – дзетак тройца. Старэйшая – Сафія – ужо васьмікласніца, юная мастачка, што скончыла ў Жабінцы школу мастацтваў. Аднаго разу прызналася: “Хачу стаць кандытарам”. Ці пойдзе дзяўчынка па жыцці татавай дарогай – час пакажа, бацька падкажа… А пакуль, лічыць Ілья Фёдаравіч, няхай расце Сафія прыгожай і разумнай, бо мудрасць нават у яе імені закладзена.
Радуе бацькоў і сын Серафім, якому праз пару тыдняў споўніцца 11 гадоў. Як і тата, ён мае матэматычны склад розуму і такі самы зацяты рыбак. Разам, дружна бацька з сынам гатовы гадзінамі бавіць час на беражку ды спадзявацца налавіць карасікаў на юшку.
А ў Надзі-першакласніцы іншае захапленне. Родных вельмі цешыць яе спеўны галасок-званочак. Надзейка прыйшла на свет у самым пачатку 2018 года.
Той год адзначыўся яшчэ адной важнай сямейнай падзеяй: на Дзень маці Савіцкія ўзялі зямельны ўчастак па вуліцы 17 Верасня. Жабінка толькі-толькі стала горадам-спадарожнікам, а таму станавілася прыцягальным магнітам для многіх брастаўчан. Ілья і Ганна пажадалі будавацца ў нашым райцэнтры. У маі 2019 года залілі фундамент, а ўжо праз 13 месяцаў новы гожы дом, як у народзе кажуць, дарос “да квіткі”.
Ілья Фёдаравіч быў на добрым рахунку ў Брэсце, неаднаразова станавіўся лепшым работнікам года, у тым ліку быў адзначаны за сваё кулінарнае майстэрства па выніках правядзення ІІ Гульняў краін СНД летам 2023 года.
Аднак цяпер стала відавочна: прыйшоў час не толькі абжыцца ў Жабінцы, але й працу пашукаць па душы ў горадзе-спадарожніку. Ілья Савіцкі даведаўся, што спецыялісты яго ўзроўню вельмі патрэбныя ў Брэсцкай гандлёвай міжрайбазе, і паўгода таму ўладкаваўся начальнікам аддзела грамадскага харчавання. Цяпер у падпарадкаванні Ільі Фёдаравіча кафэ “Легенда” ў горадзе Высокае, рэстараны “Вясёлка” ў нашым райцэнтры і “Белая Вежа” ў Каменцы. Спраў нямала, яны адказныя, але вырашальныя, калі ты арганізаваны, крэатыўны, умееш працаваць з людзьмі і ўвесь час скіраваны на дасягненне пастаўленых мэтаў. Усе гэтыя характарыстыкі ўласцівыя нашаму герою.
І каб усё ў яго жыцці атрымалася, вельмі важна адчуваць падтрымку вялікай сям’і, дзе ўсе, як мушкецёры, “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!” Разам – паўсюль: па грыбы, на возера, да вежаў Мірскага замка, у заапарк, а яшчэ – папрацаваць у агародзе і нешта смачненькае згатаваць, каб потым паспытаць, – таксама разам!
Сёлета 18 ліпеня Ільі Фёдаравічу споўнілася 35. І гэты юбілей запомніцца надоўга, бо праз чатырнаццаць гадоў сумеснага жыцця Савіцкія вырашылі замацаваць свае адносіны не толькі перад людзьмі, але і перад Богам. У Свята-Пакроўскім храме яны вянчаліся, каб быць заўсёды разам.
Ілья Савіцкі лічыць сябе шчаслівым чалавекам і раіць іншым:
– Не бойцеся нешта мяняць, чакайце новых адкрыццяў, прыслухоўвайцеся адзін да аднаго. Тады ўсё будзе добра і нават выдатна!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%