У ААТ «Хмелева» вырошчваюць бульбу дзевяці гатункаў

Жыццё без бульбы для беларуса гэта не жыццё. Нездарма нас называюць бульбашамі. І, як пяецца ў вядомай песні, беларусы “бульбу пякуць, бульбу вараць, бульбу ядуць, бульбу хваляць”. На Жабінкаўшчыне ўжо больш за 15 гадоў вырошчваннем “другога хлеба” займаюцца ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Хмелева”.

Сёлета пад бульбу ў гаспадарцы адведзена 80 гектараў. На дзень, калі мы завіталі ў сельгасарганізацыю, былі ўбраны 52 гектары.

Аграном-насеннявод ААТ “Хмелева” Таццяна Міхнікевіч падзялілася, што сярэдняя аддача палёў – 142 цэнтнеры з гектара.

– Ураджайнасцю “другога хлеба” пахваліцца не можам, затое гатункі ў нас на любы густ – аж дзевяць разнавіднасцяў: “мія” і “вектар”, “скарб” і “рэд Скарлет”, “крона” і “брыз”, “адрэта”, “лель” і “маніфест”.

– Кожны з іх смачны па-свойму і знаходзіць сваіх спажыўцоў. Камусьці “скарб” падавай, іншыя “вектар” ці “маніфест” просяць, – далучаецца да размовы малады аграном Максім Шуст.

Тым часам бульбаўборачны камбайн, якім па-майстэрску кіруе механізатар Аляксандр Бобрык, перакопвае рады на полі ля вёскі Рудка, і клубні рухаюцца па канвеерах да прыёмнага стала. Наверсе – чатыры сарціроўшчыкі, якія ачышчаюць клубні ад рознага смецця, у тым ліку і камення. Па правілах бяспекі яны забяспечаны не толькі спецадзеннем, але і рэспіратарамі, бо праца ў іх даволі пыльная.

Праз некалькі хвілін назапашвальнік поўны – пара выгружаць клубні ў грузавікі, якія чакаюць на краі поля. На адвозцы бульбы ў гаспадарцы працуюць вопытныя вадзіцелі Мікалай Марыніч, узнагароджаны сёлета Падзякай прэм’ер-міністра Беларусі, і Віктар Жучык. Яны дастаўляюць ураджай у бульбасховішча. Там клубні праходзяць яшчэ адзін адбор – па памеры, загружаюцца ў велізарныя адсекі па гатунках на захоўванне і ў сеткі – на продаж. Некандыцыйную бульбу адпраўляюць на корм жывёлам.

Дарэчы, у бульбасховішчы, пабудаваным па сучасных патрабаваннях і разлічаным на 3400 тон, падтрымліваецца неабходная тэмпература і вільготнасць паветра, таму клубні маюць таварны выгляд да позняй вясны.

Аграном-насеннявод Таццяна Міхнікевіч расказала, што хмелеўская бульба карыстаецца вялікім попытам на штогадовых восеньскіх кірмашах. Сёлета хмелеўцы вазілі “каралеву ў мундзіры” на кірмаш у Брэст.

– Наша бульба разыходзілася, як гарачыя піражкі, – задаволена кажа Таццяна Аляксандраўна. – Аднак жабінкаўцам не трэба хвалявацца: “другога хлеба” хопіць усім: і на піражкі, і на дранікі, і на таўканіцу. Галоўнае – не спаць у шапку, а завітаць 19 кастрычніка з самага ранку на кірмаш або прыехаць у любы дзень у Хмелева – гасцінны край, дзе бульбяны рай.

Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.