У Хмелеве “Куста” вадзілі, з Сёмухай усіх віншавалі, дабрабыту жадалі

Вялікае свята Тройцы з размахам адзначылі ў нядзелю, 23 чэрвеня, жыхары аграгарадка Хмелева. Па традыцыі ў мясцовым Спаса-Праабражэнскім храме адбылася святочная служба, а затым у дзясяты раз прайшла “Хмелеўская Сёмуха”.

У аснове народнага свята – адроджаная традыцыя ваджэння Куста на Тройцу, або Сёмуху. Хмелеўцы перанялі яе ў залуззеўцаў, якія спрадвеку шанавалі гэты ўнікальны старажытны палескі абрад і перадавалі ад пакалення да пакалення. Яго сутнасць у тым, што на Тройцу галоўную прыгажуню вёскі апраналі ў імправізаванае адзенне з дубовых, бярозавых і ліпавых галінак, рабілі кляновы вянок на галаву і ў такім выглядзе дзяўчыну вадзілі па сяле, каб пажадаць шчасця і дабрабыту аднавяскоўцам.

“Ваджэнне Куста” заўсёды суправаджаецца самабытнымі песнямі і танцамі, прыпеўкамі і жартамі. Сёлета да мясцовых калектываў “Дараносіца” і “Хмелеўскія валацугі” са сваім “Кустом” далучыўся народны фальклорны ансамбль “Кротаўскі гармонік” з іванаўскага Дастоева.

Загадчык метадычнага аддзела Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый Уладзімір Фалітарык, які прывёз “Кротаўскі гармонік” у Хмелева, расказаў, што іх абрад таксама не дастоеўскі і не кротаўскі, а запазычаны ў вёсцы Застружжа Іванаўскага раёна, дзе традыцыя падтрымліваецца штогод. Янаўскі абрад адрозніваецца ад нашага тым, што ў “Куста” апранаюць дзяўчыну, якая ў гэтым годзе пойдзе замуж. Пасля Тройцы яна вешае вянок з кляновых лістоў на ікону да самага вяселля, а затым апранае яго на галаву разам з вэлюмам.

– “Куст” – гэта маладосць, прыгажосць, жыццё, таму звычайна ў яго пераўвасабляюць маладую дзяўчыну, а не сталую жанчыну, – патлумачыў Уладзімір Фалітарык.

Мясцовыя жыхары, да якіх завіталі адразу два “Кусты” ў суправаджэнні артыстаў, шчыра гасцей віталі, шчодра частавалі.

А тыя ў адказ не шкадавалі для сем’яў Навуменкаў і Шалтанюкоў, Яцэвічаў і Гарохавых, Іванюкоў і Трафімукоў, Абрамавых, Зіміных ды многіх іншых самабытных песень, танцаў і заліхвацкіх прыпевак.

Пра тое, чым прадоўжылася «Хмелеўская Сёмуха», чытайце ў бліжэйшым нумары «Сельскай праўды» за 26 чэрвеня.

Наталля ВАЛОШКА

Фота аўтара

Відэа па спасылцы ГЛЯДЗІЦЕ ТУТ .

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.