
Усе трое нашых герояў працавалі ў аператыўна-дзяжурнай службе Жабінкаўскага РАУС. Але гэта не адзінае падабенства ў лёсах: калі на волю вырваўся цмок чарнобыльскай бяды, яны былі ў ліку тых, каго завуць ліквідатарамі, бо ўсталі ў шэрагі адважных, каму было суджана супрацьстаяць невядомай і небяспечнай трагедыі.
Сёння Леанід Курдзюк – капітан міліцыі ў адстаўцы, хутка адсвяткуе сваё 70-годдзе. Шмат было падзей у жыцці, якія варта ўспомніць і нельга забыць. Адна з найбольш памятных падзей – месячная камандзіроўка 1986 года ў зону адчужэння.
Паўвека таму Леанід Аляксандравіч праходзіў тэрміновую службу ў Жабінцы. Тут нараджэнец Слуцкага раёна сустрэў сваю другую палавінку, таму і звязаў лёс з нашым горадам, дзе ўладкаваўся ў міліцыю.
Памятнай вясной восемдзесят шостага года выбухнуў Чарнобыль, які атруціў воды, землі, перавярнуў многія чалавечыя лёсы. У сярэдзіне лістапада Леаніда Курдзюка выклікаў начальнік райаддзела міліцыі Аляксей Клімчук і прапанаваў маладому супрацоўніку стаць ліквідатарам. Ён быў адзіным з Жабінкі, хто ў ліку першых далучыўся да зводнага атрада №1 Брэсцкага аблвыканкама. Атрад ажыццяўляў кантроль на посце ДАІ ў Нароўлі на выездзе з забруджанай зоны. Сачылі, каб не з’яўляліся выпадковыя людзі. З дапамогай дазіметраў правяралі тэхніку, спынялі спробы вывезці яе з забруджаных тэрыторый. Дзяжурылі суткамі папарна. Леанід Аляксандравіч меў добрага напарніка – берасцейца Сцяпана Навумчыка, з якім і пазней, калі скончыўся тэрмін камандзіроўкі, меў зносіны. На такіх сустрэчах і зараз ёсць што прыгадаць.
– Хто ж тады нават прыблізна ведаў узровень трагедыі? І ўявіць было нельга, да чаго прывядзе аварыя на ЧАЭС праз гады ці дзесяцігоддзі, – разважае Леанід Курдзюк. – Канечне, нас папярэджвалі пра небяспеку радыяцыі, але ж прасцей змагацца з тым, што бачыш. А тут – толькі трывожныя адчуванні, калі радыяцыя казыча ў горле. Бяда ёсць бяда. Перамагчы яе можна толькі разам, таму зусім не вагаўся, калі прапанавалі ехаць. Так нас выхавалі.
– Інакш і быць не магло, – падхоплівае размову маёр міліцыі ў адстаўцы Мікалай Дзмітрук. – Уявіце: у восемдзесят сёмым скончыў Арлоўскую школу ДАІ, уладкаваўся ў Жабінцы. 9 мая 1988 года, на Дзень Перамогі, ажаніўся з Тамарай, дзяўчынай са Старога Сяла, а ўжо 15 чэрвеня паехаў у раён Чарнобыльскай станцыі, прабыў пару месяцаў на Гомельшчыне пад Нароўляй.
Мікалай Мікалаевіч успамінае, што службу галоўным чынам даводзілася несці на двух пастах у 30-кіламетровай зоне, прычым, ад самага блізкага было рукой падаць да небяспечнага рэактара, які 26 красавіка 1986 года вельмі многія жыцці падзяліў на дзве няроўныя паловы – “да” і “пасля”.
Наймалодшы з суразмоўцаў – старшы прапаршчык міліцыі ў адстаўцы Вячаслаў Джыга – служыць і зараз, але ўжо кантралёрам у Дэпартаменце аховы. На працу ў міліцыю Вячаслаў Пятровіч прыйшоў у 1988 годзе. Вядома, і ў яго біяграфіі выразным радком прапісаны час, калі давялося стаць ліквідатарам.
Яго падраздзяленне несла службу на кантрольна-прапускным пункце, які аддзяляў дзесяці- і трыццацікіламетровыя зоны адчужэння. Вячаслаў Пятровіч дасюль прыгадвае бязлюдныя дамы ў апусцелых вёсках, што зарасталі пустазеллем. Між іншым, даводзілася змагацца з тымі, хто спрабаваў займацца незаконным “промыслам”. Аднойчы Вячаслаў Джыга заўважыў, як невядомыя разбіралі лазню, каб вывезці з зоны бярвенні. Міліцыянер перадаў дзяжурнаму, і аператыўная група хутка затрымала групу марадзёраў.
…Тыя, каму давялося ўстаць у шэрагі ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, згадвалі таксама багатую прыроду: рэкі, напоўненыя рыбай, шматлікія статкі дзікіх кабаноў і табуны здзічэлых коней, няскошаныя лугі і пачарнелыя лясы – усё, што перакрэсліў “мірны” атам. Людзі, якія бачылі твар бяды, асабліва цэняць мір і спакой на гэтай зямлі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%