Вуліца МАШЭРАВА, або Герой на вайне і ў працы Герой

У 2001 годзе на карце Жабінкі з’явілася вуліца імя Пятра Міронавіча Машэрава (на здымку). Гэтак у горадзе-спадарожніку быў увекавечаны чалавек-легенда, што пакінуў глыбокі след у гісторыі Беларусі. Пётр Машэраў неаднойчы бываў на Жабінкаўшчыне, дзе яго дасюль памятаюць і паважаюць.

Летам 1944 года за гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Пётр Машэраў (1918–1980) стаў Героем Савецкага Саюза, а ў 1978-м за поспехі ў мірны час абвешчаны Героем Сацыялістычнай Працы.

Пётр Машэраў нарадзіўся на Віцебшчыне, да вайны настаўнічаў у Расонах. Калі выбухнула ліхалецце, стаў адным з кіраўнікоў партызанскага руху, што разгарнуўся на малой радзіме. Пад яго началам народныя мсціўцы наносілі ўдары па тылах акупантаў, у якіх літаральна зямля гарэла пад нагамі. У баях адважны камандзір быў двойчы паранены. Менавіта за сваю актыўную дзейнасць Пётр Міронавіч атрымаў 80 гадоў таму Залатую Зорку Героя і першы свой ордэн Леніна. А ўсяго Пётр Машэраў сем разоў быў уганараваны найвышэйшай узнагародай СССР. Да слова, сярод беларусаў гэта самы вялікі паказчык (другі радок падзялілі знакаміты савецкі дыпламат Андрэй Грамыка і наш зямляк – акадэмік Андрэй Трафімук, якія мелі па шэсць ордэнаў Леніна).

Брэстчына стала часткай біяграфіі Машэрава ў 1955 годзе, калі ён стаў першым сакратаром Брэсцкага абкама КПБ. Аднак і пазней, калі Пётр Міронавіч фактычна ўзначаліў рэспубліку ў якасці першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, ён нярэдка бываў у рэгіёне №1. Прыкладам, 25 верасня 1971 года пры адкрыцці мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой” уласнаручна запаліў Вечны агонь, які дасюль нагадвае аб памяці і славе.

Чатыры разы (у 70-я гады) кіраўнік Беларусі прылятаў на Жабінкаўшчыну. Пётр Міронавіч рабіў гэта не толькі з “інспектарскай праверкай”, але для размовы з кіраўніцтвам раёна, з жаданнем пагутарыць з вяскоўцамі і выслухаць іх набалелыя думкі пра справы надзённыя, жыццёвыя.

Пра адну такую сустрэчу згадваў у сваіх мемуарах былы дырэктар саўгаса “Рагазнянскі імя 50-годдзя СССР” і старшыня райвыканкама, Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна Мікалай Прасмыцкі.

Тое адбылося ў верасні 1975 года. Стаяла непагадзь, з пахмурнага неба ліло як з вядра. Раптам у небе над жніўным полем саўгаса “Беларусь” (тады цэнтрам яго былі Пятровічы) з’явіўся верталёт, а з яго спусціўся на зямлю ўсмешлівы першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі. Першае пытанне, што задаў Машэраў пры сустрэчы з камбайнерамі, якія ў вагончыку чакалі, пакуль скончыцца лівень:

– Якія ёсць у вас пытанні?

– Патрэбна надвор’е! – хорам адказалі земляробы, а Машэраў засмяяўся і весела прамовіў: – Я так і ведаў і прывёз вам надвор’е!

Яшчэ прыемна ўразіла, што высокі госць пацікавіўся здароўем Яўгеніі Ушкар, назваўшы жанчыну па імені.

– Ну і памяць у вас, Пётр Міронавіч, – сумелася Яўгенія Іванаўна. – У рэспубліцы столькі камбайнераў, а вы ведаеце нас па імені.

– Ты, Жэнечка, такая адзіная, – падкрэсліў Машэраў, – працуеш на камбайне лепш, чым многія мужчыны. Не ведаць цябе проста немагчыма.

Такім быў гэты чалавек. Між іншым, менавіта Пётр Машэраў паспрыяў выданню ў Беларусі кніг “Памяць”, і калі ў 1999 годзе выйшаў том, прысвечаны Жабінкаўшчыне, у раздзеле “Іх шлях пралёг…” першым сярод знакамітых людзей, што бывалі ў нашым раёне, названы Пётр Машэраў. А пазней і вуліца яго імя з’явілася ў горадзе, дзе памятаюць зорнага героя вайны і працы.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.