80-я вясна Настаўніцы, якая праслаўляла Жабінкаўскі край

«Сёння ў нашай хаце свята». Гэты радок знакамітай песні міжволі прыгадваўся ў кватэры паважанай Ніны Трафімаўны Мартынчук, якая 7 сакавіка святкавала свой 80-ы дзень нараджэння.

Адбыўся сапраўдны дзень адкрытых дзвярэй. У госці да шаноўнай юбіляркі, якая жыве на ўскрайку Чыжэўшчыны, завітаў з музычнымі віншаваннямі ансамбль “Натхненне” пад кіраўніцтвам загадчыцы Ленінскага СДК Валянціны Хмарук. Сюды прыйшлі, каб павіншаваць шаноўнага педагога, дырэктар Ленінскай школы Ірына Гурская і старшыня прафкама навучальнай установы Ала Панасюк, настаяцель Свята-Уладзімірскага храма Аляксандр Сыцін і кіраўнік раённай арганізацыі таварыства інвалідаў Анжэла Шыкунец. Вядома, і прэса не магла абмінуць увагай такую выдатную падзею.

Ніна Трафімаўна ажно прамянілася ад увагі і шматлікіх ветлівых пажаданняў, выказаных у яе адрас. Яна і сама не хавала ўдзячнасці, чытала без запінкі гарэзлівыя вершы – цэлую “паэму”, што пачыналася словамі: “Вось і мне прыйшла пара вынікі падвесці”. Так-так, чытала на памяць доўгі твор і ніводнага разу не збілася. І гэта – толькі ўявіце! – у восемдзесят гадоў. А яшчэ юбілярка бясконца ўсміхалася людочкам, якія не забыліся пра яе свята, і пражытым гадочкам, багатым на запамінальныя сустрэчы.

Найперш зберагае жаночае сэрца ўдзячнасць да родных буснёўскіх краявідаў, да бацькоў, якія падаравалі ёй жыццё ў часы, калі яшчэ шугала смяротным агнём вайна. Ніна Трафімаўна з вялікай прыемнасцю згадвае калег-настаўнікаў і сваіх шматлікіх маленькіх вучняў, якім першая настаўніца некалі даравала азы ведаў, сваю шчырую любоў і блаславенне быць сумленнымі, жыць з розумам.

Пачынала піянерважатай у школе-інтэрнаце, затым настаўнічала ў Мышчыцкай і Філіпавіцкай пачатковых школах (маладыя цяпер і не здагадваюцца, што некалі былі такія), больш за пятнаццаць гадоў узначальвала перадавую на свой час васьмігодку ў Чыжэўшчыне. Ніна Мартынчук двойчы (у 1977 і 1978 гадах) станавілася пераможцай у сацыялістычным спаборніцтве, першай на Жабінкаўшчыне адкрыла ў сваёй школе лінгафонны кабінет. На такі цуд (як бы цяпер сказалі: навацыю) прыязджалі паглядзець і павучыцца калегі зблізу і здалёк. З Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна прысылалі ў Чыжэўшчыну па трыццаць студэнтаў, каб тыя на практыцы вучыліся, як працаваць у лінгафонным класе з маленькімі дзецьмі. Прыязджала нават прадстаўнічая дэлегацыя з Растова Вялікага, а сама Ніна Мартынчук паўдзельнічала ва Усесаюзным семінары, дзе разбіраліся праблемы вясковых школ. На тым семінары Ніну Трафімаўну запрасілі ў прэзідыум і папрасілі выступіць, каб настаўніца з Беларусі, з невялікай вясковай навучальнай установы, і іншых павучыла, чым павінна жыць школа будучага.

Вядома, скарбонка асабістых узнагарод у старшай настаўніцы (гэтае званне яна атрымала ў 1982 годзе ад Міністэрства асветы БССР) папаўнялася год ад году. Вышэйшай адзнакай творчай дзейнасці Ніны Мартынчук на настаўніцкай ніве стала дзяржаўная ўзнагарода – медаль “За працоўную доблесць”.

Апошні тузін гадоў сваёй “педагагічнай паэмы” Ніна Трафімаўна прысвяціла Ленінскай сярэдняй школе. Аднак на тым спыняцца не збіралася, і калі для настаўніцы пачатковых класаў нарэшце прагучаў апошні школьны званок, яна ўладкавалася ў мясцовы сельскі Дом культуры, дзе вяла гурток народнай песні і танца.

Слухаючы натхняльныя песні ў выкананні “Натхнення”, толькі пра адно пашкадавала юбілярка:

– Эх, дзяўчаты, шкада, што ўжо не магу з вамі выступаць… А так жыву – не скарджуся. Я ж заўжды заставалася неабыякавым чалавекам – і калі была дэпутатам райсавета, і старастай у Чыжэўшчыне. Вось і зараз дабілася, каб крыху перанеслі месца, дзе спыняецца аўталаўка. І гэта не толькі таму, што мне з кіёчкам цяжка далёка хадзіць, – скардзіліся і маладзейшыя. Тыя, хто мог гэтую праблему вырашыць, прыслухаліся, зрабілі, як людзі просяць. Дзякую за тое.

Разам з айцом Аляксандрам юбілярка прысела на канапу, разгарнула “Сельскую праўду” з вялікім віншаваннем, прысвечаным ёй. Святар чытаў, а яна шчасліва ківала галавой. Пачыналася доўгае пасланне словамі: “Драгоценная ты наша тётя Нина, у тебя сегодня юбилей”, – а ўнізе стаяў подпіс: “Племянники, 15 человек”.

– Сёння надвячоркам яны прыедуць з Брэста, Мінска, Гродна, з родных Буснёў. Будзе ў свята працяг!

Кожны, хто віншаваў нашу гераіню, не прамінуў пажадаць жанчыне сустрэць 100 год і пры гэтым заставацца бадзёрай і радаснай, каб зноў прачытаць за святочным сталом шматлікім гасцям без аніякай запінкі: “Вось і мне прыйшла пара вынікі падвесці…”

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.