
Нездарма Новы год завуць казачным і чароўным. Журналісты спыталіся – не стрымаліся ў “дзяжурных па Новым годзе” (а гэта прадстаўнікі тых прафесій, якія працуюць, калі іншыя святкуюць), пра самы запамінальны Новы год у іх жыцці.
Віктар ПРАТАСЕВІЧ, колішні работнік аддзела культуры:

– У нашай справе так нярэдка бывае, што даводзіцца быць на працы ў Новы год. Хто ж без культработніка арганізуе святочны карагод? Доўгі час загадваў майстэрнямі, дзе вырабляліся каляровыя стэнды не толькі для аддзела культуры, але для ўсіх, каму яны патрабаваліся. Кожны Новы год абавязкова выстаўлялі вакол галоўнай ёлкі Жабінкі на радасць дарослым і дзецям шчыты з вясёлымі малюнкамі.
Адразу прыгадваю вельмі прыемны момант, які адбыўся 31 снежня 1997 года. У поўдзень, не чакаючы навагодняй поўначы, дачка Оля нарадзіла мне ўнука Мішку. Самі разумееце, якая радасць дзеду трымаць на руках першага ўнука! Вось і атрымалася свята святаў.
А сёлета, дзякуючы гэтаму “прыемнаму моманту”, які вырас і памужнеў, я стаў прадзедам, калі 4 ліпеня нарадзіўся праўнук Марк Міхайлавіч. Мой унук нярэдка бывае ў дарозе, бо працуе, перавозячы грузы. Таму ўяўляеце, наколькі радасным бывае для яго вяртанне дамоў, дзе яго чакаюць жонка Юля і сынок Марк. Для іх 31 снежня – падвойнае свята: развітанне са старым годам і сустрэча дня нараджэння любімага таты.
Дзіяна ДУБІНА, служыць у Жабінкаўскім РАУС:

– Успамінаў з Новага года многа. Найчасцей сустракала яго ў сям’і з традыцыйнай ёлкай, прамовай Прэзідэнта, гукамі курантаў і шматлікімі віншаваннямі. І ўсё ж аднойчы, у 2009-м, сустрэча Новага года выдалася незвычайнай. Было тое ў невялічкім гарадку, падобным на Жабінку, але не ў Беларусі, а ў Бельгіі. Нас, дзяцей, якія аздараўліваліся па праекце “Чарнобыль і дзеці”, прымалі ў бельгійскіх сем’ях. І вось калі “пачуліся” крокі Новага года, увесь горад літаральна ператварыўся ў сталіцу карнавалу. Раптам падалося, што ў тую чароўную ноч нават незнаёмцы станавіліся блізкімі знаёмымі. Усе былі ў касцюмах. Пераапранулася і я ў Джэка Вераб’я, героя папулярнай кінастужкі “Піраты Карыбскага мора”. Не, плыць на караблі не давялося, але акунуцца ў хвалі карнавалу атрымалася. Жадаю ўсім, каб 2024 год прынёс здароўе, бадзёрасць і карнавальны настрой!
Сяргей СЕМЯНЮК, вадзіцель Жабінкаўскага РАНС:

– Хацелася б, каб навагоднія ночы праходзілі без надзвычайных здарэнняў, аднак прыгадваецца такі выпадак. Гадоў колькі таму ў маю дзяжурную змену незадоўга да бою курантаў дыспетчару нашага аддзела паступіў званок. Пажарных выклікалі на ўзгаранне маёмасці каля сарая ў мікрараёне цукровага завода. А адбылося яно з-за петарды, запушчанай аматарамі вострых адчуванняў. Мы вельмі хутка ліквідавалі ўзгаранне і выратавалі тым самым сарай. Напярэдадні навагодніх і калядных святаў раю ўсім асцярожна абыходзіцца з піратэхнічнымі сродкамі, каб не давялося выклікаць выратавальнікаў.
Апытвалі і фатаграфавалі Анатоль БЕНЗЯРУК і Наталля КАВЯРГОВІЧ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 2%
