
Марына Дулевіч, калі пытаешся пра яе жыццёвыя дасягненні, амаль адразу пачынае расповед пра дзяцей. Марына Мікалаеўна працуе ў культуры, а яшчэ, як гаварыла гераіня аднаго вядомага фільма, мамай. Сваю сям’ю з Дзмітрыем Сцяпанавічам яна стварыла ў першы год новага стагоддзя, і гэты век стаў для іх надзвычай шчаслівым, бо ў іх доме на вуліцы Лесапаркавай у Жабінцы заўсёды гучаць дзіцячыя галасы. Старэйшыя падраслі, крыху аддаліліся ад сямейнага гнязда, але ніколі не забываюцца падзяліцца з матуляй сваімі навінамі.
З вуснаў Марыны Мікалаеўны ніколі не сыходзіць усмешка. Яна ў яе свеціцца, нават калі жыццё раптам паварочваецца невясёлым бокам. Зірне жанчына на сямейныя фотаздымкі – і адразу вяртаюцца ў сэрца спакой і ў душу радасць. Асабліва калі гэтыя фота зрабіла старэйшая дачка Лізавета, якая захапляецца мастацтвам, што завецца “ціхім паляваннем”.
Дачка Ульяна сёлета паступіла ў Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы. Гэта не пачатак, а працяг, паколькі раней дзяўчына паспяхова скончыла Жабінкаўскую дзіцячую школу мастацтваў, а таму родны дом здаўна напаўняецца цудоўнымі гукамі. Тым больш, што і яе сястра-сямікласніца Алеся працягвае музычную традыцыю, асвойваючы ігру на фартэпіяна.
А далей у сям’і Дулевічаў пачалі нараджацца “летнія” хлопчыкі: у чэрвені 2013-га Святаслаў, а сёлета ў ліпені і наймалодшы Даніл. Старэйшаму сыну ўжо дзесяць, ён вучыцца ў трэцяй гарадской школе, дзе актыўна займаецца футболам. А наймалодшаму Даніку сёння спаўняецца роўна тры месяцы, і ён толькі пачынае пазнаваць прыгожы свет, які адкрылі для яго бацькі. І трэба сказаць, робіць ён гэта вельмі гучна, па-мужчынску.
Акрамя таго, Дулевічы лічаць яшчэ адной сваёй дачкой Аню, якую апекавалі шмат гадоў. З ёю і дасюль падтрымліваюць вельмі блізкія стасункі. Ганна вучыцца ў Брэсцкім універсітэце імя А. С. Пушкіна. Як прыйдзе час, дзяўчына ўвойдзе ў клас, каб вучыць дабрыні і розуму самых маленькіх школьнікаў. Яна будзе перадаваць сваім будучым “чамучкам” многае з таго, што атрымала ад сваёй названай мамы.
Вядома, існуюць у гэтай прыгожай сям’і і свае традыцыі. Найперш, адпачываць дружным карагодам на прыродзе, выбірацца на вялікія святы ў храм і пячы смачны сямейны пірог. І кожнаму, для каго блізкая гэтая “7 Я”, абавязкова дастанецца салодкі кусочак. Зроблена смаката ўмелымі жаночымі рукамі. Можна і па дабаўку падыходзіць і матулі абавязкова дзякаваць!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%