Што жыхары Жабінкоўскага раёна думаюць пра змену назвы газеты?

Два нумары назад мы выказаліся наконт змены назвы газеты. У нашых сацыяльных сетках таксама ідзе апытанне: да 20 кастрычніка будзем падлічваць галасы “за” і “супраць” змяненняў. На нашу рэдакцыйную пошту ўжо дасылаюць прапановы наконт новай назвы раёнкі, а на вуліцы да нас падыходзяць і таксама выказваюцца пра сваё бачанне сітуацыі. Вашай увазе прапануем некаторыя выказванні жыхароў Жабінкі.

Вольга АБРАМЧУК:

– Калі ўбачыла навіну аб змене назвы раёнкі, узрадавалася. Даўно пара! Жабінкаўскі раён далёка крочыў у сваім развіцці. Гаворка не толькі пра Жабінку – нават вяскоўцы імкнуцца да гарадскога ладу жыцця. Так, калісьці мы былі маленькім раёнам, але цяпер нас становіцца больш, горад і раён растуць і робяцца больш сучаснымі. І газета, як люстэрка жыцця, павінна яму адпавядаць. Сёння з назвы газеты пачынаецца знаёмства з навінамі раёна. І нават калі не “Спутник”, то нешта трэба гучнае ў назве, каб кожны жабінкавец бачыў і ведаў, што гэта яго газета, родная.

Мікалай КУЗЬМУК:

– Газету чытаю ўжо доўгі час і, шчыра кажучы, прывык да яе назвы. Раён сельскагаспадарчы, нават калі прыняць пад увагу тое, што ў горадзе два буйныя заводы, сыравіна для іх дзейнасці вырошчваецца на палях. Назва “Сельская праўда” адлюстроўвае вектар раёна, яго накіраванасць і імкненне быць бліжэй да звычайнага працоўнага чалавека. Разумею і тое, што робіцца стаўка на моладзь. Можа, яны прапануюць прывабную назву для газеты, якая адначасова адлюструе спецыфіку раёна? Але мне прыемна трымаць у руках “Сельскую праўду”, менавіта старонкі з інфармацыяй пра раён пад гэтай назвай выклікаюць цёплыя пачуцці. Пажаданне да рэдакцыі: хочацца больш бачыць на старонках газеты чалавека працы.

Марына ПАКАЛА:

– Лічу, што назва “Сельская праўда” ўстарэла. Яна быццам бы не ахоплівае саму Жабінку, якая даўно стала горадам-спадарожнікам, імкліва расце і развіваецца. Наш райцэнтр, на мой погляд, у цэнтры ўсіх падзей, пра Жабінку шмат пішуць, здымаюць многа тэлесюжэтаў. Дзякуючы рэспубліканскаму тэлебачанню пра наш раён і наш утульны невялічкі гарадок ведаюць і на Віцебшчыне, і на Міншчыне, і ў іншых рэгіёнах. Сёння ў Жабінцы могуць пабудаваць кватэру нават жыхары Брэста, і жадаючых нямала. Таму лічу, што пра Жабінкаўшчыну трэба расказваць больш гучна, шырока і прэзентабельна. Хацелася б, каб назва раённай газеты ўключала ў сябе слова “Жабінка” або “Жабінкаўскі”.

Ірына СЯМЁНАВА з мужам Міхаілам Юр’евічам (фатаграфацца адмовіліся):

– Я карэнная жабінкаўчанка, таму цікаўлюся раёнкай з даўніх часоў. З інтэрнэту даведалася, што прыспеў момант, калі яна будзе насіць новае імя. Як мне падаецца, назва “Сельская праўда” для сённяшняй раённай газеты ўжо не зусім актуальная. Канечне, за ёю вельмі даўняя і цікавая гісторыя, аднак на двары ўжо ХХІ стагоддзе, калі ўсё надзвычай хутка рухаецца ды мяняецца. І ўсё ж пераймяноўваць спантанна “СП” на нешта іншае не варта. Гэта, як жанчыне: сто разоў трэба ўзважыць перад шлюбам, каб перайсці на іншае прозвішча (з усмешкай пазірае на мужа). Пагэтаму няхай многія жыхары Жабінкі і раёна выкажуцца. Хочацца, каб у назве гучалі родныя матывы, кшталту “Жабінкаўскі край”, “Родная Жабінка” або “Жабінка маладая (ці новая)”. Нешта іншае пакуль на думку не прыходзіць, мо яшчэ памяркую. Галоўнае, каб газета была цікавая – для людзей і пра людзей. У раёне ж столькі цікавых асоб, што развівалі і развіваюць Беларусь, праслаўляюць Жабінкаўшчыну ў свеце. Усім ім павінна знайсціся месца ў газеце.

Наталля ЛАБАДЗІНСКАЯ:

– Раённую газету “Сельская праўда” люблю, чытаю не першы год, шмат што ў ёй падабаецца. Яна расказвае пра розныя значныя падзеі і людзей, многія з іх мне вядомыя, а таму прыемна даведвацца пра знаёмых са старонак раёнкі. А наконт назвы, мабыць, можна яе ўжо і памяняць: усё ж Жабінка цяпер не вёска, не пасёлак, а сапраўдны прывабны горад, нават спадарожнік Брэста. Пагэтаму і новае імя ў “Сельскай праўды”, лічу, павінна адпавядаць новаму веку, быць больш сучасным. Хочацца, каб у назве неяк быў падкрэслены важны статус Жабінкі. Канечне, даць імя – крок няпросты. Ад сябе прапаную нешта кшталту “Жабінка – спадарожнік” альбо “Навіны Жабінкі”. Хоць у рэшце рэшт права канчаткова вырашаць, як звацца, застаецца за рэдакцыяй, дзе працуюць творчыя журналісты.

Апытанне правялі Наталля КАЎПАНЬКА і Анатоль БЕНЗЯРУК
Фатаграфавала Кацярына ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.