Прысвяцілі жыццё барацьбе

Дзень народнага адзінства, што адзначаем 17 версня, – самае маладое з дзяржаўных святаў у Беларусі, але яно мае адсылку ў даўнія часы, калі краіна стала адзінай. На шляху да ўз’яднання, якое прыйшло восенню 1939 года, былі свае героі і свае ахвяры, паколькі здабыць свабоду заўжды няпроста, выключна праз барацьбу. Пра тое дасюль сведчаць архівы.

Пару гадоў таму давялося пабываць у Пінску. З якой павагай і любасцю расказвала экскурсавод пра Веру Харужую (1903-1942)! Каля помніка Героя Савецкага Саюза экскурсавод нават не стрымалася і назвала гераіню “нашай Верай Захараўнай”. Гэткая павага – за самаадданасць, бо адважная жанчына ўсё сваё жыццё прысвяціла барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа і загінула ў змаганні супраць нацызму. Аднак не толькі ў Пінску – па ўсёй Брэстчыне жыве памяць пра Веру Харужую. Яна тым больш узрастае ў гэтыя дні пры набліжэнні 120-годдзя з часу нараджэння Веры Харужай (Вера Захараўна прыйшла на свет 14(27) верасня 1903 года).

Ёсць і ў горадзе над Бугам вуліца, што носіць яе імя. Сярод будынкаў, размешчаных на гэтай вуліцы, вылучаецца Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці. У яго сховішчах назапашаны справы, якія адсылаюць нас у часы, калі паплечнікі па барацьбе Веры Харужай змагаліся “за волю ды лепшую долю”. Крыніцы дазваляюць скласці хроніку барацьбы, што не спынялася на працягу 20-х і 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта патрэбна, каб не забываліся справы людзей, што набліжалі, як маглі, сённяшні Дзень народнага адзінства.

Жабінкаўшчына не стаяла ў баку ад тых падзей, меліся і ў нас свае героі, найчасцей звязаныя з камуністамі і камсамольцамі Заходняй Беларусі. Пажоўклыя архіўныя паперы распавядаюць, як у лютым 1927 года паблізу Булькоўскай царквы яны правялі масавую дэманстрацыю, патрабуючы роўнасці і справядлівасці ў дачыненні да мясцовага люду. Гэта было далёка не першае выступленне, але па-сапраўднаму масавае.

Адным з цэнтраў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі стала вёска Ракітніца, дзе 27 чэрвеня 1928 года патаемна ладзілася раённая канферэнцыя. На ёй абмяркоўвалася, як праводзіць агітацыю супраць падаткаў і за адкрыццё школ на роднай мове. А летам у Жабінцы запрацаваў райкам “Сельраба” (усе яго члены былі камуністамі). Ячэйкі арганізацыі, што выступала за правы вяскоўцаў, дзейнічалі ў Багуславічах (Залуззі), Рачках і Сцяброве.

Сапраўдную паніку адчулі ўлады, калі паблізу Мышчыцкай царквы былі адшуканы лістоўкі, надрукаваныя ў брэсцкай падпольнай друкарні жабінкаўцам Іванам Валошкай. У справаздачы паліцэйскі чын таксама выказваў непакой: хуткае развіццё камуністычных арганізацый у краі адбываецца пры дапамозе бібліятэк-чытальняў, “пранізаных шкоднымі ідэямі”. А вось стаўленне да ўкраінскай “Прасвіты” было больш памяркоўным, прынамсі, арганізацыі дазволілі ў 1929 годзе паставіць спектаклі – “Няшчасную” ў Жабінцы і “Хмару” ў Якаўчыцах, дзе прысутнічалі 200 гледачоў і было сабрана 90 злотых.

Грошы (вядома, ужо патаемна) збіралі і для палітзняволеных, увязненых у турмах Кобрына, Брэста і Бярозы. Вясной 1930-га з Жабінкаўскай гміны на іх патрэбы было перададзена больш за сотню злотых. Асобна ў Саках, Сцяброве, Булькове, Рачках і Сцяпанках адзначылі так званы дзень “Трох Л”, прысвечаны Леніну, Лібкнехту і Розе Люксембург.

Вялікі розгалас напярэдадні Калядаў 1928 года атрымаў “Працэс 24-х” над членамі Жабінкаўскага райкама КПЗБ (арганізацыя аб’ядноўвала 20 ячэек і лічылася польскімі ўладамі вельмі небяспечнай). Працэс праходзіў у Кобрыне. У ліку асуджаных – Іван Бандарук, Васіль Бура, Іван Клімук і Аляксей Дзмітрук (адзін з будучых стваральнікаў жабінкаўскай міліцыі), якія нібыта моцна спрыялі таму, што ў Кобрынскім павеце назіраліся “выразныя змены настрою насельніцтва ўлева”.

Жабінкаўская моладзь прымала актыўны ўдзел у розных акцыях. Прыкладам, на першамайскае свята 1933 года ў Якаўчыцах і суседніх населеных пунктах на бачных месцах залуналі 22 транспаранты, было расклеена шмат лістовак, а на могілках, дзе пахаваны чырвонаармейцы, што загінулі ў 1920-м на савецка-польскай вайне, з’явіліся зялёныя галінкі.

Барацьба часам набывала ўзброены характар, таму паліцыя актыўна шукала тых, хто ў красавіку 1933-га скраў з цягніка каля станцыі Жабінка зброю. Верагодна, яна выкарыстоўвалася ў жніўні, калі ўспыхнула вядомае Навасёлкаўскае паўстанне. У ім бралі ўдзел і жабінкаўцы – Лявонцій Багдановіч і Міхаіл Чарнак (будучыя старшыні Азяцкага і Старасельскага сельсаветаў). Пасля задушэння выступлення яны былі асуджаны. Прычым, пракурор патрабаваў найвышэйшай меры. На яго думку, “смяротнае пакаранне праз павешанне будзе добрым урокам для ўсёй кампартыі”. Увогуле, сялянскі бунт і судовы працэс над паўстанцамі атрымалі шырокі грамадскі рэзананс. Яны ўвайшлі ў гісторыю як адзін з найбольш вядомых эпізодаў барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.

У далейшым паліцыя жорстка падаўляла ўсялякія пратэсты. Так, 6 сакавіка 1936 года ў Федзькавічах у час аблавы быў забіты камуніст Сцяпан Зінчук. А праз два месяцы двойчы разагнана дэманстрацыя работых, занятых на расчыстцы ракі Мухавец. Нягледзячы на тое, улады адзначалі ўзрастанне дзейнасці КПЗБ на Жабінкаўшчыне.

Архіўныя дакументы сведчаць: каб супрацьстаяць гэтаму, на працягу 1935-1938 гадоў суды проста запаланілі працэсы над удзельнікамі руху за ўз’яднанне “ўсходніх крэсаў” з Савецкай Беларуссю. Аднак іх памкненні, што знаходзілі шырокую падтрымку найперш сярод сялян, спыніць было ўжо немагчыма. Кожным сваім крокам тыя жабінкаўцы, што ўсталі на небяспечны шлях барацьбы, набліжалі час уз’яднання беларускай зямлі ў адзінай дзяржаве. А затым у верасні 1939-га ў Хадасах і Жабінцы са шчырай надзеяй віталі чырвонаармейцаў, якія неслі доўгачаканае адзінства.

Анатоль БЕНЗЯРУК

На здымку: Жабінка 22 верасня 1939 года ў чаканні прыходу Чырвонай Арміі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.