Свята кнігі “Усё на свеце выпадкова…”, прысвечанае 70-годдзю з дня нараджэння нашага земляка, слыннага паэта Васіля Сахарчука, сабрала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прыхільнікаў яго творчасці, былых калег, сяброў. На сустрэчы прысутнічала і жонка Васіля Якаўлевіча Людміла Іванаўна.
Гучалі ўспаміны пра Васіля Сахарчука, вершы і песні на яго словы. Яны – доказ таго, што паэты не паміраюць, яны жывуць вечна ў сваіх творах, у людской памяці.
Чытальнікі Марыя Пратасюк і Ларыса Поўх, Расціслаў Бензярук і Вячаслаў Фядотаў дазволілі прысутным дакрануцца душой да бессмяротных радкоў Васіля Сахарчука.
Вядучыя імпрэзы не абмінулі ўвагай ні адной іпастасі жабінкаўскага мастака слова – паэта, перакладчыка, журналіста.
Працоўная дзейнасць Васіля Якаўлевіча з 1979 па 2003 год была цесна звязана з раённай газетай “Сельская праўда”, дзе ён быў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, затым – адказным сакратаром і ўзначальваў літаб’яднанне Плынь”, якое і зараз актыўна дзейнічае пры раёнцы.
Гэта ён, Васіль Сахарчук, адкрыў незвычайнага паэта-самародка Васіля Гадульку і ўсяляк падтрымліваў яго, турбаваўся за яго творчы і чалавечы лёс. Васіль Якаўлевіч не толькі друкаваў свае кнігі, але й дапамагаў маладзейшым паэтам набыць імя ў літаратурных колах.
Напэўна, многія жабінкаўцы ведаюць верш Васіля Сахарчука “У горадзе маім спакой і чысціня”, прысвечаны любімай Жабінцы, і песню “Усё на свеце выпадкова” ў выкананні “Сяброў”.
Прайшло больш чым 20 год, як пайшоў з жыцця мастак беларускага слова Васіль Сахарчук, аднак ён нібыта прысутнічаў у зале бібліятэкі, дзе гучалі яго радкі: “Няма існей таго, што аджыло, няма жывей таго, што стала словам”.
Наталля ВАЛОШКА
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%