“Няхай пляцоўка служыць доўга…”

“Няхай пляцоўка служыць доўга…”

Святлана КІСЛАЯ.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Сапраўдным падарункам да Дня горада стала адкрыццё пляцоўкі для варкаўта ў гарадскім парку. Дарэчы, англійскае слова “варкаўт” даволі новае і азначае “трэніроўка”. Зараз ім называюць вулічную гімнастыку, пры якой усе практыкаванні выконваюцца пераважна на спартыўных канструкцыях на свежым паветры. У свеце гэты маладзёжны рух набыў папулярнасць і масавы характар у пачатку двухтысячных гадоў.
Што тычыцца Жабінкі, то дзякуючы падтрымцы райвыканкама работнікі Жабінкаўскай ЖКГ зманціравалі спецыяльную пляцоўку з усімі неабходнымі спартыўнымі снарадамі для трэніровак на свежым паветры. Яна выдатна “ўпісалася” ў прыродны інтэр’ер побач з гарадскім стадыёнам і дзіцячай пляцоўкай ля возера ў гарадскім парку, і тут можна выконваць цэлы комплекс практыкаванняў. На пляцоўцы ёсць рознаўзроўневыя турнікі для адцісканняў і падцягванняў, паралельныя брусы, шведская сценка, дошкі для прэса з дадатковымі перакладзінамі, двух-узроўневы рукаход, комплексы для расцяжкі. “Разынка” пляцоўкі — комплекс для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (інвалідаў-калясачнікаў).
Адкрываючы пляцоўку, кіраўнік раёна Віталь Кулак выказаў упэўненасць, што кожны жабінкавец разумее ўплыў фізічнай культуры на здароўе чалавека. Асабліва гэта тычыцца падрастаючага пакалення, вольны час якога павінен быць запоўнены не толькі забавамі, але і клопатам аб здароўі. Віталь Уладзіміравіч падзякаваў былому старшыні райвыканкама Дзмітрыю Гарадзецкаму за з’яўленне такога важнага і неабходнага аб’екта ў горадзе, а калектыву ЖКГ — за зладжаную і якасную работу. “Няхай пляцоўка служыць доўга на карысць усіх жыхароў горада!” — падкрэсліў Віталь Кулак.
Ад імя моладзі, улюбёнай у спорт, выступіў Яўген Такарчук. Ён з задавальненнем сам займаецца варкаўтам і з радасцю дзеліцца сваімі ўменнямі з юнымі жабінкаўцамі. Яўген падкрэсліў, што гэтая пляцоўка — выдатны падарунак гораду і займацца тут можа ў любы час любы жыхар абсалютна бясплатна з карысцю для здароўя.
Нарэшце гучаць доўгачаканыя фанфары. Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку прадастаўляецца старшыні райвыканкама Віталю Кулаку, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанне Стаціўка і намесніку дырэктара Жабінкаўскай ЖКГ Аляксандру Ганчуку.
Потым усе госці змаглі пабачыць паказальныя выступленні юных выхаванцаў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 6 г. Брэста.
Што толькі ні выраблялі на брусах хлопчыкі! Жабінкаўцы з задавальненнем сачылі за адточанымі рухамі гімнастаў. Пад’ёмы з разгінаннем, высокі вугал, пераходы, саскокі, сальта наперад і назад, пад’ёмы з пераваротамі, стойка на руках і многія іншыя элементы — гледачам здавалася, што Ягор Гадзінскі, Дзяніс Старавойтаў, Антон Калтунчык, Максім Парфеявец і самы маленькі Уладзік Басаргін пырхаюць, нібы матылькі, на брусах. І гэта не дзіўна, усе гэтыя хлопчыкі маюць спартыўныя разрады, але й крывавыя мазалі на далонях таксама (а Уладзік у свае 9 гадоў нават выканаў дарослы разрад).
Як расказаў іх старшы трэнер Андрэй Дарафяйчук, у школе бясплатна займаюцца спартыўнай гімнастыкай, акрабатыкай і скачкамі на батуце 420 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дарэчы, дзеці з Жабінкі ў іх таксама ёсць. І цяпер з адкрыццём у нашым горадзе новай пляцоўцы для варкаўта (а юныя спартсмены з Брэста ацанілі яе як класную), можа, загарыцца яшчэ не адна гімнастычная “зорачка”? А адна з іх — Дзмітрый Прышчэпа з Дзяменічаў — ужо асляпіла прысутных сваім неверагодным выступленнем.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top