Книг заветные страницы
Помогают людям жить:
И учиться, и работать,
И Отчизной дорожить.
Нядаўна сустрэла Ганну Пракопаўну Давыдоўскую – вопытнага і мудрага чалавека. На пытанне, ці памятае яна першую бібліятэку ў нашым горадзе, атрымала адказ: “Канечне, памятаю гэты маленькі домік на вуліцы Кірава і дзіўнага чалавека Пашу з адной рукой, якая цудоўна валодала бібліятэчным фондам і аператыўна магла дапамагчы абаненту”. Ганна Пракопаўна мае абанемент з пасляваеннага 1948 года і да гэтай пары лічыць, што бібліятэка – гэта храм, святое месца, і з павагай адносіцца да людзей, якія працуюць у ім. Само слова “бібліятэка” прыйшло да нас з Грэцыі і абазначае “збор кніг”, установу, якая выдае кнігі для чытання.
Ганна Пракопаўна прыгадала 50-я гады ХХ ст.: пасляваенная разруха адыходзіла, жыццё паляпшалася, інтарэсы і патрэбы людзей змяняліся, запыты чытачоў раслі.
У тым доміку № 50 на вуліцы Кірава, дзе месцілася бібліятэка, было цесна: адчыніў знадворныя дзверы – перад табою стол, і двум-тром наведвальнікам увайсці цяжка. Узніклі нязручнасці, бібліятэкары шукалі выйсце. Адбылося раздзяленне бібліятэкі на дзве: для дарослых і дзяцей. Для дзіцячай перавезлі домік з хутара, што ля вёскі Панцюхі. Гаспадаром гэтага дома быў багаты чалавек Уладзімір Васілюк. Яго раскулачылі і выслалі з сям’ёй у Сібір. У канцы 50-х гадоў ён вярнуўся, атрымаў жыллё ў вёсцы Пятровічы.
Бібліятэка для дарослых размясцілася ў будынку былога банка на вуліцы Піянерскай, дом 29. Была абсталявана маленькая чытальная зала, дазволены свабодны доступ для выбару кніг па тэме і жаданні, павялічыўся штат работнікаў.
Але жыццё не стаяла на месцы, прагрэс пераважаў над цяжкім мінулым, і зноў адбыліся змены. Новае месца “жыхарства” раённая і дзіцячая бібліятэкі знайшлі на вуліцы Савецкай. Цяпер прыходзяць чытачы ў гэтыя храмы і адчуваюць дух святла, чуласці, дабрыні, ведаў і розуму.
Колькі станоўчых эмоцый атрымалі сябры клуба “Суразмоўнік”, што працуе пры раённай бібліятэцы, за 50 гадоў! Кіраўніком клуба першапачаткова была Людміла Аляксандраўна Астроўская, потым – Алена Лявонцьеўна Бельская. Яны ўмела стваралі атмасферу цеплыні і ўтульнасці, арганізоўвалі сустрэчы з цікавымі людзьмі, наладжвалі паездкі па гістарычных мясцінах Жабінкаўшчыны і суседніх раёнаў: Пружанскага, Камянецкага і Кобрынскага. Разам мы вывучалі свой родны край, дзе нарадзіліся, выраслі, жылі і працавалі, а часам і не ведалі пра цікавыя мясціны і людзей, якімі славіцца наша зямля. Калі прысутнічалі на сустрэчах у раённай бібліятэцы, заўсёды бачылі згуртаванасць калектыву, жаданне дапамагчы адзін аднаму, натхненне і адказнасць у працэсе падрыхтоўкі мерапрыемстваў, выстаў, стэндаў і вітрын да юбілейных дат. Заўсёды ўсё падрыхтавана з густам і глыбокім зместам. Пасля такіх сустрэч у бібліятэцы не хочацца разыходзіцца. Такое адчуванне ў многіх, хто знаходзіцца ў зале. Вось яна, сіла духоўнага свету!
У раённай бібліятэцы чыста і ціха, толькі чутна шапаценне кніжных старонак і часопісаў. Такім багаццем трэба даражыць!
Раіса МАРГЕВІЧ.
Вул. Кірава, 50
Вул. Піянерская, 29
Вул. Савецкая, 10
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%