Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны АНДРАСЮК.
Сёлетняй вясной стартаваў рэспубліканскі конкурс “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Напрыканцы верасня ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці ладзіўся чарговы этап спаборніцтва, у якім надзвычай годна паказалі сябе навучэнцы Жабінкаўскай школы-інтэрната.
На старце конкурсу былі 29 устаноў Брэстчыны, у фінальную групу прабіліся толькі восем. У іх ліку – жабінкаўцы, якія ўпершыню бралі ўдзел у падобным творчым спаборніцтве. Ім не проста ўсміхнулася ўдача, як жадалі ўдзельнікам перад пачаткам мерапрыемства арганізатары, паспяховае выступленне стала вынікам напружаных рэпетыцый, крэатыўнага мыслення, шматдзённай падрыхтоўкі, у якой быў задзейнічаны ўвесь дружны калектыў школы-інтэрната на чале з дырэктарам Аляксандрам Кавальчуком.
Аднак спынімся падрабязней на той запамінальнай дзеі, што разгортвалася на сцэне ЦМТ.
Ганаровае месца ў зале занялі пастаянныя партнёры і сябры падобных яркіх фэстаў: дырэктар Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Зоя Троцкая, прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі “Новае пакаленне” Таццяна Дардзюк і Ілона Панеўская, а таксама педагагічныя работнікі з усіх раёнаў Брэстчыны. Каб “пахварэць” за сваіх, высадзіўся і прадстаўнічы “дэсант” настаўнікаў Жабінкаўшчыны, якія шчыра суперажывалі таму, што адбывалася на сцэне. А на ёй на працягу некалькіх гадзін разгортваліся сапраўдныя творчыя баталіі за права звацца лепшымі з лепшых.
Зразумела, усялякі конкурс – гэта найперш напружаная работа не толькі для ўдзельнікаў, але й журы, якое працавала пад кіраўніцтвам намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірыны Паповай. Сёлета судзейства ажыццяўлялі надзвычай аўтарытэтныя і кампетэнтныя асобы: кандыдат псіхалагічных навук Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Ірына Валітава, спецыяліст сектара аховы дзяцінства ўпраўлення адукацыі Вольга Плескацэвіч, дырэктар абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяна Жук, начальнікі вучэбна-метадычных цэнтраў інстытута развіцця адукацыі Наталля Фяцісава і Ганна Лявіцкая. Што казаць, яны і самі прызнаваліся: на іх плечы лягла цяжкая ноша – вызначыць “пераможцаў сярод тых, хто, па сутнасці, ужо ёсць пераможца, бо адолеў у сабе і страх сцэны, і ўласнае недамаганне”.
Паводле ўмоў конкурсу, для вызначэння найлепшых патрабавалася прадставіць відэапрэзентацыю сваёй навучальнай установы і абараніць на вачах патрабавальнага журы ды шматлікіх гледачоў адукацыйны праект.
Лейтматывам выступлення жабінкаўцаў стала сівая як свет мудрасць: “Калі ты плануеш будучыню на год – расці зерне, як жадаеш зазірнуць на дзесяцігоддзі наперад – саджай дрэва, калі разлічваеш на сотню гадоў – вучы дзяцей”. Сапраўды, на працягу доўгага часу выхаванцы ДУА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат” дэманструюць добрыя вынікі ў шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх творчых мерапрыемствах. У паказаным відэароліку не толькі распавядалася з іскрыстым гумарам, як настаўнікі са сваімі навучэнцамі рыхтаваліся да конкурсу, але згадвалася і пра поспехі самадзейнага тэатра “Глорыя”, арганізаванага настаўніцай замежнай мовы Аксанай Уласюк. Нездарма лацінскае слова “глорыя” перакладаецца як “слава”. Сваімі выступленнямі ўдзельнікі тэатральнай трупы (а сярод іх ёсць і невідушчыя) неаднойчы радавалі гледачоў. Менавіта работа тэатра стала тым адукацыйным праектам, які жабінкаўцы сёння абаранялі на абласных падмостках. І рабілі гэта, трэба сказаць, вельмі ўдала. Як вынік – скарбонка юных артыстаў дый усёй школы папоўнілася чарговай, цалкам заслужанай узнагародай – дыпломам ІІ ступені і каштоўнымі падарункамі.
Шчыра віншуем землякоў з поспехам. Ён несумненна стане яшчэ адной прыступкай на шляху іх творчасці, што спрыяе развіццю дзяцей, якія “бачаць” навакольны свет нярэдка толькі праз свае пачуцці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%