Наш прагрэсіўны век немагчымы без навуковых адкрыццяў і тэхнічных дасягненняў. Таму асаблівы гонар маюць тыя, хто рухае вялікую навуку. Вельмі прыемна, што амаль сорак жабінкаўцаў абралі ў жыцці гэты пачэсны шлях, на якім дасягнулі вяршынь, сталі вучонымі з гучнымі імёнамі. Напярэдадні Дня беларускай навукі прыгадаем некаторых знакамітых землякоў.

Ці ведаеце вы, што нефармальны гімн нашага горада “Жабінка, Жабінка – мілы гарадок”, быў створаны зусім не музыкантам, а вучоным, нараджэнцам Малых Сяхновічаў Мікалаем Аксюцікам?! Аднак і на навуковай ніве Мікалай Іванавіч (1959 – 2010) пакінуў свой след. Ён стаў дацэнтам, кандыдатам педагагічных навук, аўтарам кніг па культуралогіі, у тым ліку “Арганізацыя гастрольнай дзейнасці вандроўнага цырка”, выдадзенай ужо пасля смерці вучонага.
А вось яго малодшага земляка, таксама сяхновіцкага нараджэнца, Канстанціна Цыбулю прыцягваюць іншыя вандроўкі – касмічныя! Канстанцін Рыгоравіч – кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Інстытута прыкладной геафізікі Росгідрамета ў Маскве. Пад кіраўніцтвам акадэміка Анатоля Петруковіча ён шчыруе ў складзе секцыі “Сонечна-Зямныя сувязі”.
Увогуле, сяхновіцкі куток жабінкаўскага краю багаты на таленавітых сыноў і дачок. Нездарма нават самыя першыя землякі, што атрымалі навуковую ступень, паходзяць адсюль. Імі сталі епіскап Брэсцкі Ігнацій Жалязоўскі (1800 – 1872) і будучы стваральнік Свята-Мікалаеўскага сабора ў Фларэнцыі Уладзімір Лявіцкі (1843 – 1923).
Наступным Віленскую духоўную акадэмію са ступенню магістра (што тады адпавядала кандыдату навук) скончыў знакаміты азятчук Юльян Крачкоўскі (1840 – 1903). Юльян Фаміч – вядомы этнограф, гісторык, фалькларыст, педагог, старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі па вывучэнні старажытных актавых кніг, аўтар фундаментальных манаграфій “Быт заходнерускага селяніна” і “Старая Вільня да канца ХVІІ стагоддзя”.
Цэлая плеяда выпускнікоў колішняй Арэпіцкай сярэдняй школы выбралі сабе шлях у медыцыну, сталі выдатнымі тэарэтыкамі і практыкамі ў гэтай галіне. Найбольшых высот пры гэтым дасягнуў акадэмік Данііл Крыўчэня. Данііл Юльянавіч нарадзіўся вясной 1938 года ў Вярхах. Ён стаў прафесарам, доктарам медыцынскіх навук, лаўрэатам міжнароднай прэміі і Галоўным дзіцячым хірургам Міністэрства аховы здароўя Украіны (у 1989 – 2004 гадах). Наш зямляк стварыў каля 350 навуковых прац, мае 35 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на метады аперацыі і хірургічныя інструменты.
Іншы жабінкавец – акадэмік Рыгор Шорах (1930 – 2013) – праславіўся тым, што першым у Беларусі рабіў многія ўнікальныя для свайго часу аперацыі. Рыгор Паўлавіч стаў прафесарам, доктарам медыцынскіх навук, узначальваў кафедру неадкладнай хірургіі інстытута ўдасканалення ўрачоў, меў званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”.
Надзвычай цікавае жыццё пражыў нараджэнец Сцяпанак кандыдат медыцынскіх навук Васіль Вашчук. Васіль Васільевіч – хірург-практык, які ўзначальваў групу савецкіх урачоў у краінах Экватарыяльнай Афрыкі, з’яўляўся аўтарам шматлікіх навуковых артыкулаў і манаграфій, у тым ліку на французскай мове.
Свой след у прафесіі, звязанай з аховай здароўя, пакінулі яшчэ два нараджэнцы жабінкаўскай зямлі – Уладзімір Астроўскі і Анатоль Кірылюк. Абодва вучоныя абаранілі дысертацыі і сталі кандыдатамі медыцынскіх навук.
Больш за дзясятак землякоў вызначыліся ў развіцці дакладных навук. Прыкладам, распрацоўкі пшанаёўца Яўгена Завулічнага (1937 – 2012) дасюль выкарыстоўваюцца ў асваенні космасу. Яўген Рыгоравіч быў доктарам тэхнічных навук, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Яго фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў галіне цеплафізікі адзначаны сярэбраным медалём ВДНГ у Маскве.
Калі Яўген Завулічны працаваў у Новасібірску, яму пашчасціла мець блізкія зносіны з нараджэнцам вёскі Федзькавічы, адным са стваральнікаў Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР акадэмікам Андрэем Трафімуком (1911 – 1999). Гэта быў, бадай, самы вядомы ў свеце выхадзец жабінкаўскай зямлі. Андрэй Аляксеевіч – выбітны вучоны ў галіне геалогіі і нафтагазаздабычы, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ажно шасці (!) ордэнаў Леніна ды іншых шматлікіх узнагарод, лаўрэат дзяржаўных прэмій Савецкага Саюза і Расійскай Федэрацыі, атрыманых за працу на карысць Радзімы. Андрэй Трафімук быў знаёмы і сябраваў са многімі выдатнымі асобамі свайго часу. Напрыклад, з кіраўніком Акадэміі навук СССР акадэмікам Анатолем Аляксандравым, які не раз прыязджаў да Трафімука. Стары здымак, які вы бачыце, захаваў момант зацікаўленай размовы двух выдатных вучоных у новасібірскім Акадэмгарадку, дзе Андрэй Аляксеевіч (на фота справа) дэманстраваў калегу дасягненні сібірскіх геолагаў. Зараз імя Андрэя Трафімука носіць інстытут геалогіі, геафізікі і мінералогіі ў Расіі. Яму пасмяротна прысвоена званне “Грамадзянін ХХ стагоддзя Новасібірскай вобласці”.
Часам навука станавілася сямейнай справай. Гэтую думку пацвярджаюць браты Секяржыцкія і Цыбулі.
Уладзімір і Станіслаў Секяржыцкія нарадзіліся ў Жабінцы, дасягнулі вышынь у дакладных навуках. Альма-матар і месцам працы для іх стаў Брэсцкі педінстытут імя А.С. Пушкіна (сённяшні ўніверсітэт). Старэйшы брат Уладзімір Станіслававіч – прафесар фізіка-матэматычных навук, а малодшы, Станіслаў Станіслававіч, паспяхова трэніраваў нацыянальную каманду беларускіх школьнікаў, што не раз перамагала на Міжнародных алімпіядах па астраноміі і астрафізіцы.
А вось Мікалай і Леў Цыбулі прыйшлі на свет каля Арэпічаў. Леў Арцем’евіч – кандыдат геолага-мінералагічных навук, даследчык Паўночна-Ледавітага акіяна і рэсурсаў Мурманскай вобласці. А яго старэйшы брат стаў кандыдатам тэхнічных навук, працаваў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце шляхоў зносін. Рацыяналізатарскія вынаходніцтвы Мікалая Арцем’евіча (1928 – 2013) дасюль выкарыстоўваюцца на чыгуначным транспарце.
Як бачым, розныя шляхі прыводзілі нашых землякоў у вялікую навуку, але кожны з іх пакінуў у ёй адметны след.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
