Мішы, Машы і іншыя нашы

Пачатак года – своеасаблівы парог. Калі пераступіш праз яго, дык хочацца падвесці вынікі мінулых дванаццаці месяцаў. Што яны прынеслі ў нашай “сонечнай” справе, на колькі дзіцятак папоўніўся горад-спадарожнік і раён? Якія імёны найчасцей давалі бацькі сваім дзеткам?

Адразу зазначым, што таты і матулі вызначаліся вынаходлівасцю, выбіраючы імёны сваім нованароджаным малышам. Абсалютным лідарам сярод хлопчыкаў у 2025 годзе стала імя Міхаіл. Ажно ў дзевяці сем’ях з’явіліся свае Мішкі. На другім месцы апынуліся Маркі (іх пяцёра). Акрамя таго, на чатыры Арцёмы і чатыры Раманы стала больш у Жабінкаўскім раёне. Усяго 38 варыянтаў імя было прысвоена нашым маленькім багатырам. Найбольш рэдкія – Амір і Гардзей, Платон ды Іосіф.

У дзяўчынак бясспрэчны лідар – Марыя. У сямі жабінкаўскіх сем’ях нарадзіліся прыгажуні Машанькі. Акрамя таго, з’явіліся па чатыры Варвары, Евы, Соф’і, па тры – Ганны, Васілісы і Дар’і. Усяго 39 варыянтаў імені было прысвоена юным прыгажуням. Самыя рэдкія і арыгінальныя з іх – гэта Ліліт, Эбігейл і Эстэр.

Дарэчы, сёлетні год у загсе ўжо пачаўся з рэгістрацыі радасных і шчаслівых падзей у сем’ях нашых землякоў. Першым дзіцём, якое атрымала пасведчанне аб нараджэнні ў 2026 годзе, стаў хлопчык Максім. Ён нарадзіўся ў самы апошні дзень мінулага года. Гэткім чынам Максімка максімальна пазітыўна завяршыў 2025 год і адкрыў дзверы перад 2026-м.

З новым шчасцем, жабінкаўцы! Жадаем усім маленькім і іх мамам здароўя, радасці, весялосці!

Наталля ВАРАТНІКОВА, начальнік Жабінкаўскага загса; Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.