Вось і наблізіўся ў чарговы раз той цудоўны час, калі трэба старому году з удзячнасцю сказаць “Бывай!”, а з Новым годам шчыра павітацца. Мінулыя 12 месяцаў аказаліся багатымі на запамінальныя даты. Аднак і 2026 год абяцае быць насычаным на важныя падзеі. Пару тыдняў таму мы ўжо пачалі пералік жабінкаўскіх юбілеяў і свят, цяпер час зноў перагарнуць каляндарныя старонкі.

1746 год – выдатная дата для свята, паколькі згодна з архіўнымі дакуменамі ў гэты час упершыню згадваецца вёска Жабінка (альбо Здзітавец-Жабін), размешчаная на рэчцы Жабінцы. А гэта значыць, што ў годзе, які вось-вось надыходзіць, нашаму населенаму пункту спаўняецца 280 гадоў з часу самай даўняй згадкі, выящленай у архивах на гэты час.
Сярэдзіна лета стане святочнай для бібліятэкараў, паколькі споўніцца роўна паўвека з таго дня, як 1 ліпеня 1976 года была створана раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Да слова, свята адно не ходзіць – яно і другое з сабою прыводзіць: у 1936-м (або 90 гадоў назад) ў Жабінцы ўзнікла першая грамадская бібліятэкі.
Вельмі важны дзень у нашай гісторыі адбыўся 30 ліпеня 1966 года. Гэту дату па праве называюць другім днём нараджэння Жабінкаўскага раёна, адроджанага ў сучасных межах 60 гадоў таму.
16 жніўня 1911 года ў вёсцы Федзькавічы прыйшоў на свет выдатны геолаг, першаадкрывальнік шматлікіх радовішчаў нафты і газу акадэмік Андрэй Трафімук (1911 – 1999). Справы Андрэя Аляксеевіча, які стаў сапраўднай зоркай першай велічыні ў навуцы, былі ацэнены высокім званнем Героя Сацыялістычная Працы, трыма дзяржаўнымі прэміямі СССР і Расіі, стаў кавалерам ажно шасці ордэнаў Леніна, які з’яўляўся найвышэйшай узнагародай краіны Саветаў.
Наступнай па часе нашай зямлячкай, уганараванай ордэнам Леніна, стала славутая свінарка калгаса “Жабінкаўскі” Аўдоцця Калішук (1896 – 1971). Гэта адбылося ў пачатку 1950-х гадоў. Аўдоцця Антонаўна нарадзілася 28 жніўня 1896 года ў Сцяброве (гэтая вёска зараз уваходзіць у межы горада Жабінка).
У першы восеньскі дзень супрацоўнікі і выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Жабінкаўскага раёна змогуць адзначыць 60-годдзе гэтай вучэбна-спартыўнай установы, заснаванай 1 верасня 1966 года.
У гэтым асеннім месяцы таксама адзначыў бы сваё 90-годдзе вядомы механізатар саўгаса “Жабінкаўскі” Павел Кузнец (1936 – 2007). Павел Рыгоравіч нараджэнец вёскі Курпічы, якая зараз уваходзіць у гарадскія межы. Ён з’явіўся на свет 12 верасня 1936 года. Сваёй выдатнай працай Павел Кузнец заслужыў званне “Выдатнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР”, удзельнічаў у Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве. За высокія вытворчыя паказчыкі, працавітасць і майстэрства стаў у 1971 годзе наступным кавалерам ордэна Леніна.
Яшчэ адзін брыльянтавы юбілей будзе святкавацца ў горадзе-спадарожніку ў сярэдзіне восені: 12 кастрычніка 1966 года ўтварылася ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
А на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, 14 кастрычніка, 265-годдзе свайго храма, пабудаванага ў 1761 годзе, адзначаць жыхары Арэпічаў і прыхаджане гэтай царквы з навакольніх вёсак.
Прыхаджане яшчэ адно храма, размешчанага на Жабінкаўшчыне, будуць адзначаць юбілейную дату. У 1896 годзе (або 130 гадоў назад) быў асвечаны храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Булькова. Царква перажыла няпросты лёс: у ліпені 1944-га яна сур’ёзна папакутавала ад выбуху і пажару. Намаганнямі вернікаў храм адрадзіўся для царкоўнай службы толькі праз паўвека.
У першы лістападаўскі дзень споўнілася б 115 гадоў Міхаілу Чарнаку (1911 – 1943). Міхаіл Мікітавіч нарадзіўся 1 лістапада 1911 года ў Старым Сяле, вызначыўся як удзельнік барацьбы за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, стаў арганізатарам савецкай улады ў нашым краі, кіраўніком разведкі Старасельскага партызанскага атрада, які пасля яго гібелі атрымаў імя Міхаіла Чарнака.
Шэсць дзясяткаў гадоў з часу свайго заснавання адлічыць таксама Жабінкаўская ПМК-10. Нагадаем, што прадпрыемства ў якасці міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі было ўтворана 16 лістапада 1966 года.
Ну і вядома, немагчыма нават уявіць сённяшняе жыццё Жабінкі без чыгункі. Рухух па асноўнай магістралій з Масквы да Брэста праз невялічкую на то час Жабінку распачаўся 28 лістапада 1871 года. Гэткім чынам вось ужо 155 гадоў чыгуначная станцыя Жабінка з’яўляецца сапраўднай візітоўкай нашага краю.
Завяршаем пералік юбілейных дат наступаючага года згадкаю пра 75-я ўгодкі з дня нараджэння паэта і перакладчыка Алеся Каско (1951 – 2017). Аляксандр Канстанцінавіч нарадзіўся 10 снежня 1951 года. Ён доўгі час працаваў у нашай раённай газеце, быў вядомы як лаўрэат прэстыжных літаратурных прэмій імя Аркадзя Куляшова і імя Уладзіміра Калесніка.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
