І ствараць яго такім дапамагаюць энергічныя працаўнікі энергетычнай сферы! У гэтым цалкам пераканана Валянціна Кучма. Вось ужо два дзясяткі гадоў яна аддана працуе кантралёрам абаненцкага аддзела ў Жабінкаўскім раёне электрасетак, што ўваходзіць у склад філіяла “Брэсцкія электрычныя сеткі” РУП “Брэстэнерга”.

Хутка высветлілася, што наша сустрэча з Валянцінай Іванаўнай адбылася ў вельмі святочны для яе дзень. Аказваецца, з самай раніцы наша суразмоўніца прымала віншаванні ад родных людзей і калег. Прычына самая найлепшая – дзень нараджэння ветлівай жанчыны і выдатнага прафесіянала сваёй справы. Кожны снежань увогуле прыносіць жанчыне мноства прыемных хвілін і шчодра дорыць святочныя моманты. Мо нездарма ў памяшканні роднай арганізацыі гэтак шмат ялінак зіхацяць агеньчыкамі ўжо задоўга да Новага года?.. Ёсць каго павіншаваць, ёсць каму шчасця пажадаць!
Аднак сама Валянціна Кучма больш ахвотна расказвае пра прадпрыемства, у якім працуе ўжо дваццаць гадоў:
– Нашы працаўнікі заўсёды стараюцца надзейна абслугоўваць горад-спадарожнік і яго наваколлі. Яны займаюцца бесперабойным электразабеспячэннем аб’ектаў гаспадарання і насельніцтва. Згадзіцеся: любы дзень становіцца святочным, калі ў хаце цеплыня і гарыць святло! І мне вельмі прыемна, што нашы працаўнікі робяць усё, каб людзі жылі ўтульна, мелі добры і нават выдатны настрой!
Аднак народжаная ў янаўскім краі Валянціна Іванаўна не адразу звязала свой лёс з Жабінкай і працай у электрасетках. Цяпер, праз многія гады, Валянціна Кучма прыгадвае:
– Першая дарога, па якой пашчасціла прайсці, была ў мяне педагагічная. Дзеля гэтага скончыла педвучылішча ў Пінску, а затым давялося прымяніць атрыманыя веды на практыцы, калі займалася непасрэдна з маленькімі гарэзлівымі чамучкамі – выхаванцамі дзіцячага сада.
Падарункі нярэдка прыходзяць пад Новы год. Для Валянціны Іванаўны і яе мужа Леаніда Мікалаевіча такім “падаруначным” стаў 1987-ы, калі яны блізка пазнаёміліся з нашай Жабінкай, якую палюбілі раз і назаўсёды.
– Ціхая і нейкая вельмі хатняя Жабінка нас паланіла адразу, – прызнаецца Валянціна Кучма, – тут неўзабаве і дачка-першыніца Юля нарадзілася, а за ёю і сынок Аляксандр. Цяпер ужо не магу нават уявіць свайго жыцця без гэтага куточка зямлі. Ніякіх слоў не хопіць, каб перадаць усю радасць, што адчуваю, калі крочу па блізкіх майму сэрцу добраўпарадкаваных вуліцах.
Вельмі прыемна, што значная заслуга ў гэтым, на думку Валянціны Іванаўны, належыць жабінкаўскім электрыкам. На тое, каб перайсці на працу ў Жабінкаўскі РЭС, жанчыну натхніў муж, які на той час узначальваў прадпрыемства. І гэта стала яе другой дарогай у жыцці, выбранай у 2005 годзе. Таму гаворыць:

– Пасля таго, як аднойчы ўлілася ў гэты дружны калектыў, ужо і не ўяўляю іншага месца, дзе магу рэалізаваць свае навыкі і ўменні, назапашаныя за гады.
Як кантралёр абаненцкага аддзела, які працуе пад кіраўніцтвам Аляксея Балюка, яна штодня ў кантакце са спажыўцамі электраэнергіі. Кожны разумее, наколькі няпроста бывае ўсталяваць паразуменне з чалавекам, выслухаць яго пажаданні, заваяваць давер і пры гэтым ні на хвіліну не згубіць яркую прыгожую ўсмешку на вуснах. У Валянціны Іванаўны ўсё атрымоўваецца на выдатна. Найперш таму, што існуе ўсведамленне: ад спраў, якімі займаецца яна і яе калега Вольга Саўчук, залежыць у арганізацыі нямала.
Яе кіраўнік Аляксей Балюк з задавальненнем пералічвае добрыя якасці, уласцівыя Валянціне Кучме. Найбольш каштоўныя сярод іх, на думку кіраўніцтва, – гэта адказнасць, добрасумленнасць і, вядома ж, вялікае працалюбства. Нездарма мноства пацвярджэнняў гэтаму – ва ўзнагародах. Апошняй па часе стала грамата філіяла “Брэсцкія электрычныя сеткі” РУП “Брэстэнерга”. Гэтае вельмі прыемнае ўганараванне адбылося летась, але яго магло б не быць без падтрымкі з боку калег, лічыць наша суразмоўніца. Таму Валянціна Іванаўна гаворыць з бачным задавальненнем і прыгожай усмешкай:
– Люблю сваю працу, мой калектыў, які ўзначальваюць кампетэнтныя кіраўнікі – начальнік Жабінкаўскага РЭС Дзяніс Алегавіч Шышчыц, яго намеснік Аляксей Васільевіч Балюк і галоўны інжынер Васіль Васільевіч Братчук. Кожны дзень іду сюды з задавальненнем, бо выдатна ведаю: адкрыўшы дзверы, сустрэну тут ветлівых людзей, сапраўдных прафесіяналаў.
У іх адрас не шкада цёплых і светлых слоў (усё як электрыкі любяць!), і іх Валянціна Іванаўна дорыць калегам, жадае ім моцнага здароўя, дабрабыту ў кожны дом і міру – самага дарагога, што ёсць на зямлі. Вельмі хутка ў хатах і кватэрах жабінкаўцаў зазіхацяць агенчыкі, абвяшчаючы надыход Новога года і Раства Хрыстова.
– Прыемна, што ў гэтым сваю дапамогу аказваюць энергетыкі – яны таксама трошкі чараўнікі, і мне прыемна працаваць у гэтым чароўным калектыве, – гаворыць на развітанне Валянціна Кучма.
А ёй самой ёсць ад каго непасрэдна прымаць віншаванні, спачатку з днём нараджэння, а затым і з навагоднімі святамі. У ліку першых “калядоўшчыкаў”, тых, хто абавязкова павіншуе бабулю, два ўнукі і дзве ўнучкі: Жэня і Дзіма, Каця і Ася. Юнакі добра вучацца ў ліцэі і першай гарадской школе, а яшчэ – танцуюць у “Каруначках”. Ну, а Каця і Ася цяпер у першым класе, таксама вельмі радуюць бабулю, якая гаворыць з задавальненнем:
– Кожным з іх ганаруся, побач з імі маладзею! Свята павінна быць светлым. І гэтак бывае, калі і ў сям’і лад, і на працы парадак.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
