СТАРОЕ СЯЛО: час юбілеяў на радзіме Чарнака

Людзі, што век пражылі, расказваюць пра Старое Сяло: “Нашы продкі былі добрыя хлебаробы, ды аднойчы зямля збяднела, і яны перасяліліся ў лес, заняліся паляўніцтвам”. Пра тое сведчаць шматлікія курганы ва ўрочышчах Смалярня і Руслаўка, Грады і Воўчы Брод. Аднак не было спакою і на новым месцы. Неўзабаве ўзнік пажар і навалілася невылечная хвароба, тады вяскоўцы вырашылі вярнуцца на стары надзел. З таго часу і завецца вёска Старым Сялом. Зараз яго жыхары стаяць на мяжы выдатных юбілеяў: у пачатку наступнага года старасельцы адзначаць 515-я ўгодкі свайго сяла, а ўлетку – 85-годдзе атрада імя Міхаіла Чарнака (1911 –1943). І што цікава: жыхары, з кім пашчасціла сустрэцца, таксама аказаліся юбілярамі. Адны згадвалі ўласную круглую дату, іншыя –час, калі Старое Сяло стала часткай іх біяграфіі. Так, суцэльныя юбілеі на радзіме легендарнага Чарнака.

Два юбіляры ў адной сям’і

У сярэдзіне верасня свой залаты юбілей адзначыў стараселец Фёдар Пшык. Яшчэ раней віншаванні з сорак пятым днём нараджэння прымала ў коле дружнай сям’і яго жонка Валянціна (у дзявоцтве Козіч). У тым коле родныя людзі трымаюцца за рукі і падтрымліваюць адзін аднаго. На чале роду Козічаў – працавітая матуля Ганна Сямёнаўна, якая выгадавала траіх дзяцей: Надзею, Аляксандра і наймалодшую Валю.

Валянціна Мікалаеўна расказвае, што разам з Надзяй вывучылася на бухгалтара, і цяпер сёстры працуюць па спецыяльнасці ў сельскай гаспадарцы: старэйшая – у Камянецкім раёне, а малодшая ў нашым, Жабінкаўскім, – у СУП “АграАзяты”.

Для Валянціны Пшык Старое Сяло – малая радзіма, дзе жанчына прыйшла на свет і куды з радасцю вярнулася пасля вучобы ў Столінскім аграрным каледжы, каб аддана працаваць і стварыць вялікую сям’ю. А ў ёй – муж Фёдар Фёдаравіч (таксама карэнны стараселец) і трое дзяцей. Старэйшая Ірына (цяпер Янчук) працуе ў Жабінкаўскай ЖКГ інжынерам-тэхнолагам, сярэдняя дачка Таццяна – студэнтка ўніверсітэта. Ёсць ужо і сын – радасць бацькоў, асабліва таты, які бачыць у маленькім Сёме сапраўдны працяг роду.

Усе яны сёлета двойчы збіраліся за сямейным сталом, каб павіншаваць бацькоў з юбілеямі.

Жыццё прысвечана гандлю

У наступным годзе адзначыў бы юбілей яшчэ адзін выдатны стараселец. Міхаілу Козічу споўнілася б 70, ды громам сярод чыстага майскага неба стала ў 2018 годзе вестка пра яго смерць. Цяпер велічны помнік на могілках нагадвае пра нараджэнца Старога Сяла, які з’яўляўся генеральным дырэктарам вялікай сеткі оптавага і рознічнага гандлю. Ён уваходзіў у спісак буйнейшых бізнесменаў краіны, актыўна ўдзельнічаў у жыцці Брэста, быў дэпутатам гарсавета і актыўным членам “Белай Русі”. Апошні спачын жыццярадасны і энергічны чалавек знайшоў побач з бацькамі, на роднай зямлі…

Пры сустрэчы з Надзеяй Козіч спытаўся, ці ёсць у яе роднасныя сувязі з Міхаілам Міхайлавічам. Высветлілася: гендырэктар ААТ “Прадтавары” меў сваяцтва з мужам суразмоўніцы, а яна сама – блізкая яму хіба па прафесіі, бо ўсё жыццё прысвяціла гандлю. У гэтым Надзея Пятроўна ўзяла прыклад з матулі Ганны Еўдакімаўны, якая 33 гады адпрацавала ў магазінах у Сычове і Старым Сяле. Яе эстафету падхапіла дачка, а цяпер і ўнучка Таццяна. Яны разам дораць радасць землякам, што пераступаюць парог вясковай крамы.

Сёлета Надзея Пятроўна адзначыла сваё 60-годдзе, а яе малодшая сястра Наташа 15 кастрычніка будзе святкаваць 55-я ўгодкі. Калі спытаў, як поўнасцю пісаць імя, суразмоўніца адказала:

– Менавіта Наташа! Так па ўсіх дакументах. Як сястра нарадзілася, сакратар сельсавета Мікалай Алясюк разважыў: “І навошта вам Наталля ці Наталія? Наташа – лепш”. Так і пайшло-павялося. Для нас Старое Сяло – утульны дом. Тут і могілкі, а на іх ляжаць блізкія людзі. Балюча пра тое гаварыць, ды такое жыццё… Зойдзеш на клады, і як Наташа кажа: “Добры дзень, вёска”. Бо нас, карэнных, усё менш. На шчасце, людзі з іншых краёў да нас селяцца, таму будзе ў Старога Сяла працяг, будзе новае жыццё.

І гэта гаворыць сямікратная бабуля! Старэйшай унучцы Насці 20 год, а найменшаму Даніку – 10… (тут суразмоўніца загадкава зрабіла паўзу) і дадала з усмешкаю: “Месяцаў. А гэта за юбілей лічыцца?..”

100 + 100 + 5

Гэты арыфметычны прыклад стаў дамашнім заданнем для Наталлі Кузьміч, і настаўніца пачатковых класаў справілася з ім на выдатна. Яна палічыла агульны стаж сям’і, што вось ужо 205 гадоў стварае сваю “Педагагічную паэму”. У гэтай суме – дасягненні на настаўніцкай ніве цёці Ніны і дзядзі Міхаіла (дзяцей ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Яраса Казачэнкі), роднай сястры Святланы і стрыечнай сястры Наталлі Сізоненка. Сама Наталля Васільеўна таксама дадае важкі ўнёсак у агульны педстаж: вось ужо 20 год яна “другая мама” для старасельскіх, азяцкіх, сычоўскіх дзетак. Матуліным следам, дарогай вялікай педагагічнай дынастыі ідзе і дачка Наталлі Кузьміч Карына, таксама настаўніца пачатковых класаў у суседнім Брэсцкім раёне.

Звязалі свой лёс са Старасельскай школай і Ірына ды Мікалай Вантухі, якія выказваюць свае адносіны да месца, дзе выпала жыць і працаваць:

– Старое Сяло – самае роднае і блізкае. Яго нельга памяняць на іншы куток. Толькі тут прыемна, цёпла, радасна. У вёсцы нарадзіліся нашы сыны.

Вось ужо сорак пяць гадоў, з восені 1980-га, званок кліча на ўрок Людмілу Каржук і яе вучняў. Пасля Брэсцкага педінстытута выпускніца рускага філагагічнага аддзялення атрымала блаславенне ад тагачаснай загадчыцы райана Ніны Парфянюк на працу ў Старасельскую школу.

– Многія пасады прайшла, найбольш упадабала весці ўрокі літаратуры, беларускай і рускай моў, – гаворыць Людміла Васільеўна. – Мне пашанцавала на вучняў, разумных і таленавітых.

Сярод тых, кім ганарыцца настаўніца, – Вольга Друшчыц.

– Воленька здала іспыты на 400 балаў і цяпер паспяхова вучыцца ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў, – адначасова з павагай і гонарам гаворыць педагог, якая старалася дапамагчы дзяўчыне паверыць у свае сілы.

У тым ліку яна перадавала творы ад вучаніцы ў раённую газету для публікацыі ў літстаронцы “Плынь”. Увогуле, Людміла Васільеўна разам з мужам Сяргеем Мікалаевічам – даўнія і верныя сябры нашай газеты, адкуль чэрпаюць тутэйшыя звесткі пра справы людзей, што праслаўляюць нашу зямлю. Да яе настаўніца прызнаецца ў любові:

– Пражыла ў Старым Сяле большую частку жыцця. Было такое: запрашаў нас з мужам да сябе двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля. Узважылі ўсё і тут засталіся.

І мы, калі б не хуткаплынны час, яшчэ крыху мелі б прыпынак у Старым Сяле. Ды ўжо чакалі далейшая дарога і чарговая вёска з птушынай назваю. Іншымі словамі: буслы рухаюцца ў вырай, а мы – у Бусні!

АФІЦЫЙНАЯ НАЗВА — вёска Старое Сяло (русск. Старое Село).

МЕСЦАЗНАХОДЖАННЕ — Азяцкі сельсавет.

КААРДЫНАТЫ52°05′14″ пн. ш. 24°05′57 у. д.

АДЛЕГЛАСЦЬ ДА ЖАБІНКІ — 20 кіламетраў.

ПЕРШАЯ ПІСЬМОВАЯ ЗГАДКА — 1511 год.

НАСЕЛЬНІЦТВА — 318 чалавек (на 2025 год).

БЫЛЫ СТАТУС — у XVI – XVII стагоддзях была цэнтрам войтаўства Брэсцкай каралеўскай эканоміі, за часамі Расійскай імперыі (з 1866 года) існавала асобнае сялянскае таварыства, у 1940 – 1954-я гады – Старасельскі сельсавет.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.