Калектыў Жабінкаўскага РАНС праводзіў на заслужаны адпачынак старшага вадзіцеля Мікалая Шчэрбіна

Калектыў Жабінкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — зладжаная каманда прафесіяналаў. Яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ў любы час сутак, у любое надвор’е. Жабінкаўскія выратавальнікі — гэта адна сям’я, у якой існуюць пэўныя традыцыі. Адна з іх — урачыста і цёпла праводзіць на заслужаны адпачынак сваіх калег.

На гэты раз героем дня стаў старшы прапаршчык унутранай службы Мікалай Шчэрбін — старшы вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 РАНС. Больш за два дзясяткі гадоў жыцця ён прысвяціў службе выратавання, надышоў час крыху адпачыць.

Усе цёпла віншавалі “пенсіянера”, жадалі не забываць родны аддзел, завітваць на агеньчык як мага часцей.

Але найгалоўнейшае віншаванне прагучала, канечне, ад начальніка Жабінкаўскага РАНС Алега Бутрыма. Алег Анатольевіч прыгадаў, як навабранцам калісьці Мікалай Канстанцінавіч прыйшоў у аддзел, наколькі вырас прафесійна за многія гады самаадданай службы. Кіраўнік выратавальнікаў адзначыў, што за значны ўклад у папярэджанне і ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый, узорнае выкананне службовых абавязкаў і дасягненне высокіх вынікаў у службе Мікалай Шчэрбін неаднойчы ўзнагароджваўся граматамі і падзякамі раённага і абласнога ўзроўняў, нагруднымі знакамі МНС “Выдатнік”, “165 год пажарнай службе”, “15 год органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь”, медалямі “За бездакорную службу” ІІІ і ІІ ступеняў, “20 год органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь”.

Гэтым разам Мікалая Канстанцінавіча чакалі Грамата Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Падзяка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, а таксама падарунак.

Расчулены ад увагі, віншаванняў ды пажаданняў герой дня ў сваю чаргу расказаў, як прыйшоў у пажарную службу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі.

– З 1995 года я з вадзіцельскімі правамі. У войску служыў на аўтамабілі, пасля гэтага на грамадзянцы таксама працаваў вадзіцелем. У Жабінкаўскі РАНС у 2003 годзе ўладкаваўся кіроўцам, а ў 2012-м мяне прызначылі на пасаду старшага вадзіцеля. Маёй задачай была спраўнасць і боегатоўнасць усіх машын, каб падраздзяленні МНС у любы момант без прамаруджання маглі выехаць на выклік, – падзяліўся Мікалай Канстанцінавіч.

За час службы ён набыў не толькі вялікі вопыт, але і добрых сяброў. Сярод іх – вадзіцель пажарнага аўтамабіля Сяргей Семянюк і былы старшына групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віктар Кавярговіч. Разам яны прайшлі і агонь, і ваду, і медныя трубы. Колькі разоў выязджалі на выклікі, дзе лік ішоў не на хвіліны, а на секунды, дзе трэба было яшчэ да прыбыцця на месца пажару прадумаць кожны крок, кожны рух.

На працягу ўсяго працоўнага шляху Мікалай Шчэрбін клапаціўся аб тэхніцы, як аб сваёй асабістай маёмасці. Машыны заўсёды былі вымытыя, у спраўным стане. Большую частку свайго свядомага жыцця старшы вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Жабінкаўскага РАНС Мікалай Шчэрбін працаваў з тэхнікай. З ёй жа звязана і яго хобі. Мікалай Канстанцінавіч калекцыяніруе аўтамабілі. Цяпер у яго дома 271 адзінка тэхнікі: грамадзянскія машыны, розных службаў, вайсковыя, сельскагаспадарчыя, матацыклы. Амаль уся тэхніка савецкага аўтапрама розных мадыфікацый і гадоў выпуску.

Мікалай Шчэрбін лічыць выратаванне справай свайго жыцця, а калектыў жабінкаўскіх агняборцаў – роднай сям’ёй, якую ён будзе праведваць і ў далейшым.

Калегі падрыхтавалі Мікалаю Канстанцінавічу яшчэ адзін сюрпрыз: завяршылі цырымонію праводзінаў на заслужаны адпачынак фантастычнай воднай феерыяй. Калі наш герой няспешна выйшаў з вадзяной аркі, вочы былі на мокрым месцы ў многіх прысутных, але, упэўнена, то былі слёзы радасці, а не зайздрасці.

Любоў ВАЙТОВІЧ, спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.