Ліда ў чаканні: берасцейцы едуць!

Сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства стане горад Ліда. Традыцыйна актыўна ў свяце кнігі і прыгожага пісьменства бяруць удзел паэты і празаікі Брэстчыны. Пра тое распавяла старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.

Таццяна Анатольеўна, што прадставяць пісьменнікі першага рэгіёна ў цудоўнай Лідзе 6 і 7 верасня?

– Нашы творцы рыхтуюць насычаную, поўную незабыўных разынак праграму пад агульнай назвай “Узнагародай – памяць і жыццё…” Плануем буккросінг, дзе кожны жадаючы зможа памяняць свае кнігі на кнігі брэсцкіх аўтараў.

На інтэрактыўнай выставе гледачоў чакаюць гульні, кожны жадаючы зможа зрабіць своеасаблівы званок у мінулае да пісьменнікаў, якіх ужо, на жаль, няма сярод нас, але дасюль жывыя і запатрабаваныя іх выдатныя творы. На друкарскай машынцы можна будзе надрукаваць ліст у будучыню, ажыве скрынка са старымі дыяфільмамі. А на вялікім ватмане мы чакаем, што кожны жадаючы напіша радкі з вершаў класікаў. Ёсць у планах правесці павольныя чытанні па творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, у тым ліку Сцяпана Крываля, якому споўнілася б 90 гадоў (да слова, ён быў сярод заснавальнікаў “Сельскай праўды” і першым старшынёй літаб’яднання “Плынь”, якое і сёння дзейнічае пры жабінкаўскай газеце).

Канешне, не абыдзецца без аўтограф-сесій. Свае кніжныя навінкі, творчыя набыткі прадставяць празаікі Зінаіда Дудзюк, Анатоль Брытун, Анатоль Бензярук, Ірына Фаміна і Алена Гневушава, а таксама паэты Васіль Барысюк, Аксана Валуй, Васіль Казачок, Любоў Дзікавіцкая, Андрэй Мазько, Наталля Кандрашук, Святлана Сцепанчук.

Упершыню плануем правесці музычны батл паміж Берасцейскім і Гродзенскім абласным аддзяленнямі СПБ “Літаратурны экспрэс «Гродна – Брэст»”.

– Ого! Батл – гучыць грозна і крэатыўна, тым больш паміж гаспадарамі і гасцямі.

– Так, Ліда ў чаканні: берасцейцы едуць!

– А якія яшчэ цікавыя мерапрыемствы спадзеяцеся наведаць у святочныя дні?

– У віры падзей на сваёй пляцоўцы пастараемся ахапіць усю агульную насычаную праграму. Напрыклад, у гісторыка-мастацкім музеі пройдзе рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Лідскія чытанні – 2025”, брэсцкія пісьменнікі наведаюць круглы стол “80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты” і творчую сустрэчу з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом. А яшчэ нашы паэты паўдзельнічаюць у літаратурным марафоне каля Кургана бессмяротнасці, абавязкова наведаюць гала-канцэрт творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, дзе штогод у пераможцах юныя артысты з Брэстчыны.

Наша вобласць мае багатую літаратурную спадчыну. Чым сёння жыве творчая арганізацыя, якую вы ўзначальваеце?

– Найперш – цікавымі праектамі, сустрэчамі, ініцыятывамі. Напрыклад, ужо пасля свята ў Лідзе мы рыхтуемся да фестывалю дзіцячай кнігі. У верасні таксама пройдуць прэзентацыя новай кнігі Аксаны Валуй “Жар-птушка” і вечар памяці паэта Анатоля Гарая. Пісьменнікі з задавальненнем прымуць удзел у літаратурным флэш-мобе да Дня беларускага пісьменства. У мяне яшчэ ёсць мара: вельмі хачу падарыць сваю кнігу “Пакуль ліхтаршчык спіць…” яе прататыпу – брэсцкаму ліхтаршчыку Віктару Кірысюку. З вялікім нецярпеннем заўсёды чакаем нараджэння кніг. Зусім хутка навінкамі нас парадуюць Алена Гневушава, Наталля Кандрашук, Васіль Барысюк і Ірына Фаміна. А кнігу паэзіі Ніны Гарагляд мы ўжо трымаем у руках!

– Хочацца, каб патрымалі ў руках і галоўны прыз кніжнага фестывалю. Ці ёсць у нас сёлета шанцы на атрыманне прэстыжнай нацыянальнай літаратурнай прэміі?

– Ужо на ўрачыстым адкрыцці XXXII Дня беларускага пісьменства ўся краіна даведаецца, хто стаў пераможцам нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. У гэтым годзе ў фінал трапілі кнігі нашых празаікаў Аляксандра Валковіча “Дзень шэпту траў”, Зінаіды Дудзюк “Сыны Рарога” і Расціслава Бензерука “Сардэчны абярэг”. Пажадаем слынным аўтарам поспеху, а кожнаму, хто завітае на вялікае свята, – асалоды ад сустрэч з пісьменнікамі і іх кнігамі.

– Дзякую, Таццяна Анатольеўна, за добрыя словы.

Інтэрв’ю браў Анатоль РОСТАЎ

Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.