Гучала мілагучная беларуская мова і народныя песні над полем ля вёскі Пруска, дзе сёння прайшоў абрад “Зажынкі”для працаўнікоў адкрытага акцыянернага таварыства “Жабінкаўскі”.
Артысты з Якаўчыцкага сельскага клуба і Залуззеўскага дома народнай творчасці віталі рупліўцаў “Жабінкаўскага” і ў першую чаргу гаспадара сельгаспрадпрыемства Міхаіла Вячорку.
Міхаіл Мікалаевіч прыняў каравай і сноп, зжаты падчас абраду “Зажынкі”, і пажадаў усім хлебаробам здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой.
Благаславіў работнікаў ААТ “Жабінкаўскі” і тэхніку на пачатак добрай справы, на высокі ўраджай настаяцель Свята-Вазнясенскага храма святар Уладзімір Кандрашчук.
Гучалі песні для хлебаробаў, пажаданні “Дай жа, Божа, многа збожжа, дай, Божа, пагодачку дый на вашу работачку, каб у добрую пару жніво пачаць і ў добрае надвор’е своечасова скончыць”.
А затым наступіў урачысты момант: Міхаіл Вячорка перарэзаў чырвоную стужку і даў старт уборачнай кампаніі ў гаспадарцы.
Камбайнеры-капітаны занялі месцы за штурваламі сваіх “караблёў” і пачалі жніво.
У добры шлях! Спрыяльнага надвор’я!
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%