Трыццаць дзён, што змянілі жыццё: гісторыя ліквідатараў Чарнобыля з Жабінкі

У Жабінцы на вуліцы Каштанавай жывуць людзі, для якіх 26 красавіка 1986 года не проста гістарычны дзень у календары. Ён пакінуў вялікі след у памяці і глыбокія зарубкі на сэрцы. Мікалай Мікалаевіч і Ніна Валянцінаўна Бычакі (на здымку) – ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. А такое бясследна не праходзіць. Аднак, дзякуй богу, чорны боль, падзелены на дваіх, лягчэй пераносіць.

Каб не гэтая бяда…

Малая радзіма для Мікалая Бычака – нашы Азяты. Тут ён прыйшоў у свет у першы дзень 1955 года, таму сёлета разам з Новым годам у коле сям’і адсвяткаваў свой шаноўны юбілей.

Пасля роднай Азяцкай школы Мікалай вырашыў звязаць свой лёс з гандлем, таму і паступіў у Полацкі політэхнічны тэхнікум “Белкаапсаюза”. Вывучыўся на тэхніка-механіка халадзільных машын і кампрэсарных установак і быў размеркаваны на Гомельшчыну, у Нараўлянскае раённае спажывецкае таварыства.

Там, у Нароўлі, малады азятчук знайшоў не толькі працу, але й сваю другую палавінку. Ніна ўладкавалася сюды эканамістам годам раней пасля Маладзечненскага ўлікова-планавага тэхнікума. Не сакрэт: у планах дзяўчыны было, між іншым, стварыць добрую сям’ю з каханым мужчынам. Таму дзявочае сэрца прыемна захвалявалася, калі ў калектыў прыйшоў гожы хлопец.

– На яго многія дзяўчаты заглядваліся, а ён мне дастаўся, – з усмешкай прызнаецца Ніна Валянцінаўна. – Разам на камсамольскія злёты ездзілі, у дабравольнай дружыне спакой нараўлянцаў ахоўвалі. 14 лютага 1981 года распісаліся і бяседу справілі ў нявесты ў вёсцы Абухаўшчына, а праз пару тыдняў і другое вяселле згулялі, ужо ў Азятах, на Міколавай радзіме. І так здарылася, што роўна праз год, дзень у дзень, як нарадзілася наша сям’я, з’явілася у нас першаніца, якую назвалі Марынай.

Нароўля Бычакам вельмі падабалася – харошы, ціхі гарадок. Маладая сям’я ўжо і кватэру займела, планы будавалі на жыццё.

– Бачыць Бог, засталіся б там давеку, – сказала гаспадыня, а гаспадар толькі моўчкі кіўнуў галавой. – І цяпер бы там жылі, каб не гэтая бяда…

– У той дзень было вельмі спякотна, нават млосна неяк. Слупок тэрмометра пераадолеў трыццаць градусаў, – згадвае Мікалай Мікалаевіч. – Прыехаў сусед з вёскі і гаворыць: “Нешта ў Янаве бахнула”. (Янаў – вёска на Прыпяці, паблізу атамнай станцыі). Аднак спярша на слова не паверыў, і толькі вечарам, як з’явілася чарада машын хуткай дапамогі, што рухаліся ў напрамку Кіева, успомніліся суседавы словы.

Першамай адзначылі ў святочных калонах. Хоць размовы пра тое, што здарылася нешта страшнае, толькі памнажаліся. Неўзабаве ўжо ў бок Мазыра пачалі выязджаць людзі.

4 мая Мікалай Мікалаевіч павёз чатырохгадовую Марынку ў Азяты. Бацькі Мікалай Мацвеевіч і Марыя Васільеўна ўжо не раз тэлефанавалі, прасілі-малілі, каб унучку ўбачыць. Наступным днём, вяртаючыся ў Нароўлю, Мікалай Бычак бачыў аўтобусы з дзецьмі, якіх вывозілі, як казалі, “на аздараўленне”. Многія, з трыццацікіламетровай забруджанай зоны, ужо ніколі не вярнуліся дамоў.

Працяг ёсць і будзе

Мікалай і Ніна яшчэ амаль год заставаліся на Гомельшчыне. Мікалай Мікалаевіч да лютага 1987-га працаваў у забруджанай зоне. Нарэшце вырашылі ўсё ж канчаткова змяніць месца жыхарства.

– Паехалі на малую радзіму мужа, да яго бацькоў і нашай Марынкі, – гаворыць Ніна Валянцінаўна. – Мікалай уладкаваўся ў Жабінкаўскую ПМК-10, дзе пятнаццаць гадоў адпрацаваў мулярам, а затым яшчэ тузін гадоў, да самай пенсіі, – вызваленым брыгадзірам у дыстанцыі пуці.

Адна з першых спраў, якую зрабілі, калі атрымалі кватэру ў Жабінцы, – пасадзілі бярозку ля дома. Амаль за сорак гадоў яна значна падрасла. Вырас і сын Валодзя, які нарадзіўся ў 1988-м.

– У Нароўлі з таго часу мы амаль не бывалі, аднак з Гомельшчынай канчаткова сувязь не губляем, – працягвае свой расказ Ніна Бычак. – Найчасцей заязджаем да маёй малодшай сястры Таццяны ў Мазыр. Яна і яе сям’я заўсёды рады сустрэчы. Вось толькі нагодаю для такіх спатканняў найчасцей становіцца Радаўніца. У Абухаўшчыну на гэтае самотнае свята мы ездзім абавязкова.

Праз год – самотны юбілей: будзе роўна сорак гадоў, як “мірны” атам закрануў лёсы мільёнаў беларусаў, украінцаў, расіян. У іх ліку апынуліся і нашы героі, чыё здароўе аслаблена аварыяй, што адбылася спякотным красавіцкім днём 1986 года. Успаміны пра падзеі, якія многіх людзей пазбавілі малой радзімы, жывуць з імі.

Ніна Валянцінаўна і Мікалай Мікалаевіч у двары прыхіліліся да бярозы. Садзілі яе некалі адну, але яна мае цяпер два ствалы. Так і радаводныя дрэвы маюць разгалінаванні ў пакаленнях. У дзецях і ўнуках працяг азяцка-абухаўшчынскага роду, якому, дай бог, не будзе пераводу.

Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.