Шмат гадоў у Занальным дзяржаўным архіве горада Кобрына адпрацаваў Стэфан Аляксандравіч Камендант (1913 – 1992). Ёсць у архіве і яго ўласная справа, якая сведчыць: ветэран пражыў славутае жыццё, у ім значнае месца займалі Кобрын і Жабінка.

Стэфан Аляксандравіч паходзіў з Віцебшчыны, нарадзіўся ў сакавіку 1913 года ў Чашніках. За месяц да пачатку вайны ён скончыў паскораныя курсы камсаставу. Ужо быў адчувальным навальнічны подых ліхалецця, калі 14 мая 1941 года малады шыфравальшчык прыбыў у Кобрын у штаб 4-й арміі. Яго абавязак быў перасылаць і атрымоўваць сакрэтныя тэксты.
Вечарам 21 чэрвеня Стэфан Камендант заступіў на дзяжурства. Раптам а другой гадзіне ночы пагасла святло і змоўк тэлефон. Гэта спрацавалі перад уварваннем дыверсанты, а затым пачаўся моцны авіяналёт. Адна бомба патрапіла ў штаб і параніла шыфравальшчыка. Другое раненне ён атрымаў праз некалькі дзён у Бярозе таксама пры бамбардзіроўцы горада нямецкімі самалётамі.
Гэтак, з ран і пакут адступлення, для нашага героя пачалася вайна. Да восені 1941-га лячыўся ў шпіталі ў Тамбове. Там фарміравалася 323-я стралковая дывізія, накіраваная бараніць савецкую сталіцу. За тое многія байцы і афіцэры пазней атрымалі медаль “За абарону Масквы”. У іх ліку быў і Стэфан Камендант.
Праз год ён здзейсніў сапраўдны подзвіг. У баі за станцыю Думічы пад Калугай загінуў камбат, і шыфравальшчык узначаліў батальён. За тое атрымаў медаль “За адвагу”. А за выкананне спецыяльнага задання ўжо па сваёй прамой спецыяльнасці ў верасні 1944 года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Ордэн быў цалкам заслужаны: з удзелам Стэфана Каменданта быў выратаваны цэлы корпус, які праводзіў рэйд па тылах ворага.
Літаральна назаўтра пасля Дня Перамогі капітан Стэфан Камендант быў накіраваны на радзіму, у распараджэнне ЦК Кампартыі Беларусі. Рэспубліка ляжала ў руінах, трэба было адраджаць разбураную вайной гаспадарку. Для гэтага ў кастрычніку 1945 года ветэран скіраваўся ў Жабінку, дзе заняў пасаду намесніка старшыні райвыканкама, затым стаў другім сакратаром райкама партыі і, нарэшце, да жніўня 1950-га ўзначальваў Жабінкаўскі раённы выканаўчы камітэт.
На пяцігодку, калі Стэфан Камендант кіраваў нашым раёнам, прыходзіліся надзвычай важныя падзеі, у тым ліку суцэльная калектывізацыя, аднаўленне і развіццё школ і медыцынскіх устаноў. У выніку Жабінкаўшчына павольна залячыла раны, пакінутыя ліхалеццем, а яе кіраўнік быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Гэты ордэн за мірную працу суседнічаў на яго грудзях з узнагародамі, атрыманымі за ратныя подзвігі. Да ранейшых 9 мая 1945 года дадаўся медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”, а праз 40 гадоў і юбілейны ордэн Айчыннай вайны І ступені.
Пасля Жабінкі арганізатарскі талент і ўменні ветэрана спатрэбіліся ў суседнім Кобрыне, дзе некалі для яго пачыналася вайна. Стэфан Аляксандравіч у 1952 – 1956 гадах узначальваў Кобрынскі райвыканкам, стаў Ганаровым грамадзянінам горада Кобрына і Персанальным пенсіянерам Беларускай ССР.
Пра яго справы ведаюць і памятаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве, дзе жывуць нашчадкі ветэрана. Напярэдадні свята Перамогі прапраўнучка Яна Кірушкіна з сярэдняй школы № 709 напісала сачыненне “Гісторыя салдата”, прысвечанае лёсу Стэфана Аляксандравіча.
У творы, між іншым, ёсць такія словы: “Мой прапрадзед пражыў годнае жыццё прыстойнага чалавека. У апошнія свае гады ён актыўна ўдзельнічаў у ветэранскім руху, праводзіў ваенна-патрыятычную працу сярод моладзі. Яго жыццёвы шлях з’яўляецца прыкладам для ўсіх наступных пакаленняў маёй сям’і”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
