Раман + Насця + Мішка = шчасце: маладая сям’я з Жабінкі аб’ядноўвае народы

Сёння мы святкуем дзяржаўнае свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Блізкасць нашых роднасных народаў пацвярджаюць сваім гарманічным жыццём Раман і Анастасія Міхалойць, што летась пакляліся ў Жабінкаўскім загсе быць разам і ў горы, і ў радасці. Мы ўжо спаткаліся год таму і дамовіліся зноў сустрэцца праз 12 месяцаў, каб даведацца, як расце маладая сям’я, створаная ў Жабінцы расіянкай і беларусам.

Былы артыкул у раёнцы называўся “Рома + Насця = шчасце” і завяршаўся шчырымі пажаданямі маладым мець працяг, быць адзінымі ў сваіх марах і непаўторнымі ў каханні.

Усё спраўдзілася. Іх яднанне прынесла толькі плюсы. Пасля марша Мендэльсона, які прагучаў для маладых у нашым загсе на Вадохрышча 2024 года, прыгожая жыццёвая формула пашырылыся.

Было: “Рома + Насця”.

Стала: “Раман + Анастасія + Мішка”.

І ўсе яны – жыхары горада-спадарожніка, які лічаць прыгожай часткай сваіх лёсаў.

Хто ж яны, маладыя жабінкаўскія жыхары?

Раман Вячаслававіч – будаўнік дарог, на якіх ён пакідае белыя разметкі. Прычым, не толькі ў Беларусі, але і ў суседняй Расіі, дзе яго арганізацыя таксама нярэдка выконвае работы.

Анастасія Сяргееўна марыць стаць юрыстам і сваю мару ўвасабляе на правазнаўчым факультэце Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Літаральна на днях яна прайшла студэнцкую практыку пад кіраўніцтвам старшыні суда Жабінкаўскага раёна Людмілы Рубашэўскай. У гэтыя дні маладая матуля здае чарговую сесію ў сваёй альма-матар.

Ну а цяпер пазнаёмімся з тым, хто таксама прысутнічаў на мінулагодняй сустрэчы, але толькі, як гаворыцца, у мамы ў жывоціку. Цяпер Міхаілу Раманавічу ўжо восьмы месяц, і ён актыўна вывучае навакольны свет.

– Наш Мішка развіваецца даволі хутка, поўзае, любіць песні паспяваць, – трымае “справаздачу” шчаслівая матуля.

Малодшы Міхалойць нібы зразумеў яе словы і завёў сваю песеньку без слоў.

А тата дадаў:

– Галоўнае, ён – не капрызнае дзіцё.

“Арыгінальнае” імя – Міхаіл Міхалойць – прыдумала сыну Насця. А Раман згадаў, што і яго самога, і яго бацьку ў школе называлі Мішкам (па прозвішчы), а Мішку і так аднакласнікі будуць зваць Мішкам (па імені ды прозвішчы).

Год таму напярэдадні Дня яднання народаў Настачка палічыла: хутчэй за ўсё нараджаць давядзецца ў канцы ліпеня, на Дзень горада Жабінкі.

Раман успамінае:

– Я тады працаваў у Казані. Ляцеў дамоў, каб паспець сустрэцца з сынам. А ён “заўпарціўся” і нарадзіўся толькі 9 жніўня, за некалькі гадзін да майго дня нараджэння.

Сёлета ў маладой інтэрнацыянальнай сям’і свята будзе два дні – 9 і 10 жніўня, а на торціках розная колькасць свечак: тату – 26, сыну – адна. Вось дык свята – два дні, і ўсе вельмі радасныя!

Пажадаем, каб да формулы “Раман + Анастасія + Мішка” дадаваліся і іншыя плюсы. Бо, як гавораць здаўна беларусы: “Адно дзіця – не дзіця, два дзіцяці – паўдзіця, а вось тры дзіцяці – гэта і ёсць сапраўднае дзіця!”

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.