
Яна носіць прыгожае імя і мае мілагучны голас, які бярэ ў палон з першых хвілін, калі чуеш песні ў выкананні гэтай чароўнай дзяўчыны. У дружнай кагорце культурных работнікаў Жабінкаўшчыны яна ўсяго паўгода, але заслужыла павагу калег, знайшла сапраўдных сяброў і прыхільнікаў сваёй творчасці.
Размова ідзе пра маладога спецыяліста Жабінкаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, кіраўніка народнага хору “Скарбніца” Вераніку Сераду. І хоць нарадзілася яна не ў сераду, а ў іншы дзень тыдня, перад самым Купаллем 2005 года, але вельмі любіць сераду, якую называюць “маленькай пятніцай”.
Сярэдзіна працоўнага тыдня дорыць нам пачуццё палёгкі, бо праз два дні выхадныя. А для Веранікі і яе калег субота і нядзеля звычайна працоўныя дні: выступленні, канцэрты, удзел у розных мерапрыемствах. Адно з апошніх, на якім дзяўчына пранікнёна выканала песню “Помнім”, – жалобна-ўрачысты мітынг, прымеркаваны да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Глыбока і кранальна – да мурашак па скуры – гучала кампазіцыя “Шагни в огонь”, з якой Вераніка выступіла на мерапрыемстве, прысвечаным Дню выратавальніка ў студзені.
А ў пачатку лютага Вераніка Серада прадставіла наш раён на абласным этапе Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.

На сцэне Брэсцкага грамадска-культурнага цэнтра кіраўнік народнага хору “Скарбніца” з Жабінкі патрыятычна-рамантычна выканала дзве кампазіцыі – “Азярцо” і “Зямля з блакітнымі вачамі”. Вераніка не прайшла ў рэспубліканскі этап, але не засмуцілася з гэтай нагоды.
– Перамаглі эстраднікі, а я народніца, спецыялізуюся на народных песнях, – падзялілася мая суразмоўніца. – А ўвогуле Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў – гэта не толькі магчымасць заявіць пра сябе, але й важны крок у кар’еры кожнага артыста на шляху да сэрцаў слухачоў.
А першыя крокі да іх сэрцаў маленькая Ніка пачала рабіць у зусім юным узросце. У родным горадзе Іванава наведвала музычную школу па класе скрыпкі, займалася вакалам, спявала ў хоры.
– Мае таленты – ад бабулі Раісы Міхайлаўны і матулі Кацярыны Вітальеўны – уладальніц мілагучных моцных галасоў, — кажа Вераніка.
Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р. Шырмы, дзе атрымала спецыяльнасць “Дырыжыраванне, народны хор”. Прыкладам, узорам для Веранікі былі выкладчыкі Людміла Кучур і Уладзімір Літвінчук. У Людмілы Мікалаеўны дзяўчына вучылася, як кіраваць хорам, Уладзімір Іванавіч узначальваў калектыў “Спадчына”, у якім Вераніка спявала. Гэтыя два педагогі каледжа пакінулі глыбокі след у душы нашай гераіні, а з Уладзімірам Іванавічам яна падтрымлівае сувязь і сёння.
Паводле размеркавання Вераніка Серада прыехала працаваць у Жабінку, дзе яе цёпла сустрэў калектыў гарадскога Дома культуры. З першых дзён выдатныя адносіны ў нашай гераіні склаліся з Ганнай Макавецкай і Ангелінай Бойка.
– Бачу ў Веранікі цудоўныя задаткі кіраўніка калектыву. Сама спяваю ў народным хоры “Скарбніца”, якім яна зараз кіруе, і скажу, што, нягледзячы на малады ўзрост, Вераніку ўспрымаюць сур’ёзна, падтрымліваюць, прыслухоўваюцца, – разважае Ангеліна Бойка.
Акрамя таго, Вераніка Серада спявае ў народным вакальным ансамблі “Каларыт” пад кіраўніцтвам “жабінкаўскага салаўя” Валерыя Няменьшага і выкладае ўрокі музыкі для дашкольнікаў у дзіцячай школе мастацтваў.

– Вучуся ў Валерыя Пятровіча, як кіраваць калектывам, мне падабаецца рэпертуар “Каларыта” і яго ўдзельнікі – таленавітыя, як на падбор, – дзеліцца Вераніка Серада.
Самыя светлыя дзіцячыя ўспаміны нашай гераіні – пра ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “ЛьВёнак”, дзе яна знайшла шмат сяброў, з якімі падтрымлівае сувязь і цяпер, набралася вопыту і смеласці не баяцца сцэны.
– Гэта была магчымасць на іншых паглядзець і сябе паказаць, – кажа Вераніка.
Мая суразмоўніца прызнаецца, што вельмі любіць праводзіць час з сям’ёй, родныя часта прыязджаюць да яе з Іванава ў Жабінку, наведваюць канцэрты, дораць Вераніцы падтрымку і апладысменты.
А затым усе разам едуць у Брэст, пагуляць па яго вуліцах, наведаць крэпасць-герой, дакрануцца да гісторыі, узгадаць продкаў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне і здабылі Вялікую Перамогу. Імя Веранікі таксама перакладаецца з грэчаскай мовы, як “тая, што прыносіць перамогу”. Іх у жыцці дзяўчыны было нямала, і ўсе, дзякуй Богу, мірныя, творчыя.
Любімая пара года нашай гераіні – лета. Менавіта з ім і асацыюецца “паветраная”, лёгкая на пад’ём Вераніка. Ад яе сыходзіць летняе цяпло і святло, і, гледзячы на дзяўчыну, прыгадваюцца радкі Янкі Купалы “Як сама царыца ў залатой кароне йдзе яна ў вяночку сярод спелых гоняў…”
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара і з архіва Веранікі СЕРАДЫ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
