Навуковец на чыгунцы: Уладзімір Ігнацюк з Жабінкаўскага краю

Дзень беларускай навукі, які будзе адзначацца сёння, для Уладзіміра Ігнацюка – асаблівае свята, паколькі выдатны працаўнік, аўтар шматлікіх вынаходніцтваў, якімі цяпер карыстаюцца на чыгунцы, цудоўна разумее: без навукі не існуе развіцця. Яна – той экспрэс, што рухае прагрэс.

Сваю жыццёвую дарогу выпускнік 1970 года вызначыў адначасова з апошнім званком, які прагучаў для Уладзіміра і яго аднакласнікаў у Жабінкаўскай сярэдняй школе №2. Са школьнай пары юнак прагнуў ведаў і, як толькі атрымаў атэстат сталасці, без ваганняў падаў дакументы ў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Ён жадаў працаваць і прыносіць карысць на сталёвых магістралях, а для гэтага патрабаваліся жалезныя веды! Сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову Уладзімір Ігнацюк скончыў з чырвоным дыпломам.

Гэта быў далёка не апошні дыплом з адзнакай, атрыманы Уладзімірам Міхайлавічам. Ён ніколі не спыняўся ў пошуку ведаў і значна пашырыў іх, калі летам 1979 года бліскуча закончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Гэтая ВНУ мела заслужанае прызнанне ва ўсім Савецкім Саюзе. Яе выпускнікі выдатна працавалі ў многіх кутках неабсяжнай краіны літаральна ад станцыі Брэст да Байкала-Амурскай магістралі. Такая перспектыва чакала і Уладзіміра Ігнацюка.

Перад абаронай дыплома ён паехаў у Маскву. У сталіцы сустрэўся з дачкой вядомага інжынера Івана Рудога, які разам з Якавам Гакелем унёс значны ўклад у развіццё айчыннага цеплавозабудавання. Ксенія Іванаўна напісала рэцэнзію на навуковую работу беларуса і пахваліла:

– Для кандыдацкай, малады чалавек, вельмі добра напісана, аргументавана, думаю, вашыя напрацоўкі будуць мець і практычную карысць.

– Дык гэта не кандыдацкая работа, а ўсяго толькі дыпломная, – паправіў Уладзімір Ігнацюк і гэтым вельмі здзівіў Ксенію Іванаўну.

Тая прапанавала юнаку заставацца ў Маскве на кафедры, паколькі яго ідэя пры ўвасабленні ў жыццё дазволіла б значна эканоміць паліва на чыгунцы.

Навука і перспектыва застацца ў сталіцы былі, вядома, вельмі прывабнымі. Уладзімір Міхайлавіч сур’ёзна задумаўся, і ўсё ж родныя мясціны аказаліся ў яго вачах больш прыцягальнымі. Хацелася стаць карысным перш-наперш у Беларусі, на роднай Брэстчыне, у маленькіх Рачках – жабінкаўскай вёсачцы, дзе спрадвеку жылі дзяды і прадзеды.

Ды і жаданне звязаць лёс з чыгункай у юнака выспела не на пустым месцы. На станцыі Жабінка шчыраваў бацька Міхаіл Мікалаевіч, які пачынаў сваю працоўную біяграфію яшчэ да вайны і меў стажу на чыгунцы больш за 60 гадоў. Брат Валянцін таксама быў машыністам цягніка. Таму Уладзімір адчуваў сябе прадаўжальнікам працоўнай дынастыі, якая, да слова, працягваецца і зараз.

Аднак пра тое згадаем у самым канцы, а пакуль зноў вернемся ў гады юнацтва нашага героя, напоўненыя перспектывамі. Вельмі многія з іх спраўдзіліся.

Пасля вышэйшай навучальнай установы Уладзімір Ігнацюк атрымаў вольнае размеркаванне і абраў першым месцам працы Брэсцкую механізаваную дыстанцыю разгрузачна-пагрузачных работ. Затым на працягу дваццаці гадоў яго біяграфіі былі прысвечаны Брэсцкаму аддзяленню Беларускай чыгункі. Вышэйшая пасада – намеснік галоўнага інжынера – начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела.

Уладзімір Ігнацюк сапраўды высока цэніць навуку. З яго непасрэдным удзелам упершыню ўкаранілі піролізныя катлы, якія запрацавалі на адыходах драўніны. Гэта не толькі дало эканомію, але й прынесла прыбытак. Сталі таксама ўжываць мікрапрацэсарную тэхніку ў прыладах СЦБ (“Сігналізацыя – цэнтралізацыя – блакіроўка”), што ўжываюцца ў перавозачных працэсах. Гэта прыкметна павысіла бяспеку руху цягнікоў.

У красавіку 2015-га Уладзімір Міхайлавіч пакінуў прадпрыемства, але не развітаўся з роднай чыгункай, якая стала вялікай часткай жыцця. Ветэран-чыгуначнік з цеплынёй успамінае калег-сяброў, заўсёды радуецца іх поспехам, ахвотна наведвае святочныя мерапрыемствы.

За гады адданай плённай працы наш зямляк меў шмат важкіх узнагарод. У іх ліку – нагрудныя знакі “Выдатнік Беларускай чыгункі” і “Лепшы арганізатар тэхнічнай творчасці Беларускай чыгункі” (апошнюю адзнаку сваёй выдатнай дзейнасці Уладзімір Ігнацюк паміж 2003 і 2009 гадамі атрымоўваў ажно пяць разоў!). Узнагароды – за ўвядзенне перадавых тэхналогій, рацыяналізатарства, навуковыя распрацоўкі – адным словам, за ўсё тое, што спрыяе прагрэсу і дазваляе ўпэўнена рухацца ў глыб ХХІ стагоддзя.

– Я сябе заслужаным не лічу, – гаворыць суразмоўца, – але ўсё ж прыемна, што адным з нямногіх у аддзяленні, дзе працуюць больш за дзесяць тысяч чалавек, атрымаў у 2006 годзе званне “Ганаровы чыгуначнік”. Уявіце: некалі падобны знак упрыгожваў грудзі нават першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Сяргеевіча Хрушчова.

Яшчэ большую радасць у нашага героя выклікае факт, што не перарвалася працоўная дынастыя чыгуначнікаў. Сын Андрэй свядома пайшоў дзедавай і бацькавай дарогай і зараз займае пасаду першага намесніка – галоўнага інжынера вакзала “Брэст-Цэнтральны”. Нявестка Юлія таксама звязала лёс са сталёвай магістраллю. Іх дачка, пяцігадовая Сафія, пераканана:

– Мой тата – самы галоўны інжынер у свеце!

Дачка Уладзіміра Міхайлавіча таксама пятнаццаць гадоў прысвяціла чыгунцы, а яе сын Сяргей зараз грызе граніт навук у ліцеі. Хто ведае, мо з часам і ў яго біяграфіі загучыць песня, якую пакідаюць гонкія рэйкі. Сённяшні час і навука даюць зялёнае святло новым пакаленням.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва Уладзіміра ІГНАЦЮКА

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.