ЮЛІЯ ЧЫЖЫКАВА: “Тут жывуць добрыя людзі”

ЮЛІЯ ЧЫЖЫКАВА: “Тут жывуць добрыя людзі”

СТАРАСТЫ: ПЕРШЫЯ Ў ВЁСЦЫ

У старасты аграгарадка Хмелева Юліі Чыжыкавай заўсёды хапае спраў. Прыемна зазначыць, што вельмі многія з яе клопатаў тычацца аднавяскоўцаў ды іх паўсядзённых інтарэсаў. І гэта зусім не дзіўна, бо пры сустрэчы з удзельнікамі праекта “Старасты: першыя ў вёсцы” Юлія Васільеўна не раз выказвала сваю шчырую любоў і павагу да старадаўняга сяла, у якім жывуць добрыя людзі. Таму яна пагадзілася не толькі расказаць пра сябе ды ўласныя справы, але й прыгадаць, як мянялася паселішча за апошнія паўвека. А яшчэ – раскрыць, у чым прыцягальнасць старадаўняга Хмелева, якое летась адзначыла ажно 460 гадоў з часу сваёй першай згадкі ў летапісах ды хроніках роднай краіны.

Бацькоўскі мудры вопыт

Малой радзімай, што дала жыццё і блаславіла на шляху ў вялікі свет, стаў для Юліі Васільеўны запаветны столінскі край. Родная кропка на карце – вёска Ямнае.

Заўжды розуму вучыў тата Васіль Аніскевіч. Яму споўнілася ўжо 96 гадоў, дзякуй богу, і зараз жыве старажыл. Да бацькавых парад дачка заўсёды прыслухоўваецца, бо ў словах Васіля Аляксандравіча гучыць шмат жыццёвай мудрасці. Ён і сёння разважліва кажа:

– Цяпер вы жывяце, як у раі, клопату не знаеце, не ведаеце выпрабаванняў такіх, што на нашы плечы жыццё ўсклала.

Пра складаннасці лёсу бацька Юліі Васільеўны нездарма гаворыць. Падлеткам ён адчуў, якой бядой напоўнены гады вайны, калі родны кут пакутаваў ад жорсткай чужынскай навалы. І цяпер памятае, як родную вёску акупанты пачалі паліць па прыкладзе суседняга паселішча, раней ператворанага імі ў попел. Усіх людзей карнікі выгналі з хат. Па словах Васіля Аляксандравіча, толькі шчаслівы выпадак выратаваў Ямнае і яго насельнікаў. Навокал сяла былі густыя непралазныя лясы. Тое, што пачынаецца жорсткая расправа над вяскоўцамі, пабачыў ляснік. Пад дрэвамі стаялі бочкі, у якія збіралі смалу. Мужчына не разгубіўся. Па адной з іх так моцна ўдарыў кіем, што немцы вырашылі быццам прагучаў стрэл. На ўсялякі выпадак яны спынілі рабаванне і знішчэнне сяла, бо, мабыць, уявілі, нібыта ідуць на падмогу жыхарам Ямнага партызаны або чырвонаармейцы. Цяжкімі выдаліся і пасляваенныя гады, бо давялося пасля ліхалецця жыць у зямлянках.

Аднак час далей ішоў, дапаўняючы сямейныя фотаальбомы здымкамі з жыццёвымі шчаслівымі момантамі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя Васіль Аляксандравіч стварыў надзейны саюз з Марыяй Сцяпанаўнай. Разам яны пражылі больш за 65 гадоў. Аніскевічы далі жыццё, а затым, як у народзе кажуць, вывелі ў людзі, сыноў Леаніда і Аляксандра ды дочак Юлію, Галіну і Любоў. Для сваіх дзяцей бацькі былі выдатным прыкладам, мо нават ніколі не сварыліся.

– Такіх бацькоў, як мае, яшчэ пашукаць трэба! – гаворыць у захапленні суразмоўніца. – У нас яны сапраўды залатыя.

Нездарма і цяпер дня не праходзіць, калі іх сыны і дочкі не сазвоньваюцца, каб пацікавіцца, як жыццё ідзе, якімі падзеямі напоўнена.

– Гэтак тата з мамай прывучылі, што паміж сабою мы адной крыві – няма радней людзей, а таму і трымацца нам патрэбна моцна адзін за аднаго.

З малой радзімы – у калгас “Радзіма”

– Я ніводнага дня ў школе не прапусціла, паколькі тата сказаў: “Твая праца – вучыцца!” Мела толькі выдатныя адзнакі, – успамінае Юлія Васільеўна часы дзяцінства і юнацтва.

Пасля восьмага класа яна была маленькая – і расточкам, і ўзростам. Таму як узнікла жаданне вучыцца ў горадзе Пінску, бацька запярэчыў, не пусціў дачку далёка ад роднага парога. А вось Столін знаходзіўся побач. Туды і павезла яна дакументы, каб набываць бухгалтарскія веды ў сельскагаспадарчым тэхнікуме.

Вучоба прыйшлася даспадобы, таму і навука лёгка давалася (нездарма яшчэ са школьнай парты матэматыка для дзяўчыны была любімым прадметам).

На размеркаванне студэнтаў прыехала спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі Жабінкаўскага райвыканкама. Яна і пераканала Юлію паехаць у ціхі і ўтульны гарадок паблізу Брэста.

На двары было лета 1976 года.

– Нават крыху не верыцца: вось ужо паўвека мінула з той пары, а здаецца, што зусім нядаўна ўсё пачыналася. Калгас, дзе мяне чакалі, насіў гордую назву “Радзіма”, – гаворыць пра сваё знаёмства з хмелеўскай зямлёй наша гераіня.

Яе першым працоўным днём павінна было стаць 21 ліпеня, аднак выйшла на працу раней на тыдзень. Бо пара стаяла асабліва адказная – пачыналася жніво. А ў такі, сапраўды залаты, час кожны чалавек, як вядома, на рахунку. Пагэтаму старшыня калгаса Сцяпан Антановіч папрасіў маладога спецыяліста:

– Юлія Васільеўна, ці можаце раней да нас прыехаць?

І працавітая дзяўчына ахвотна адказала:

– Так!

У Хмелеве яе прынялі вельмі ветліва. Спецыялісты з багатым бухгалтарскім стажам Алімпіяда Кавальчук і Лідзія Кацэвіч дзяліліся вопытам, многаму вучылі, падказвалі – адным словам, апекавалі маладую калегу. Яна і цяпер, праз 50 гадоў, не стамляецца выказваць падзяку Алімпіядзе Васільеўне і Лідзіі Мікалаеўне за тое, што аказалі дапамогу ў самы няпросты пачатковы перыяд працоўнай біяграфіі.

Пасля калгаса Юлія Васільеўна восенню 1990 года ўладкавалася бухгалтарам у Хмелеўскі сельвыканкам, дзе адпрацавала амаль тры дзясяткі гадоў. Гаворыць, што няпроста было пачынаць “у дакамп’ютарны час”, калі даводзілася ўсе паперы афармляць уручную. Ды і аб’ём працы тады быў надзвычай вялікі, бо на балансе сельскага Савета знаходзіліся пачатковыя школы ў Падлессі ды Сакалове, Хмелеўскі і Падлескі фельчарска-акушэрскія пункты, а таксама клубныя ўстановы ў Хмелеве і Падлессі, Саках і Дзяменічах.

Аднак Юлія Чыжыкава хутка ўвайшла ў працоўны рытм і спраўлялася на выдатна са сваімі абавязкамі. Яшчэ і пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак, больш за пяцігодку яна працягвала працаваць, бо спецыялістамі такога ўзроўню не раскідваюцца.

Звяно паміж людзьмі і ўладай

Навыкі і веды, здабытыя раней, аказаліся запатрабаванымі, калі Юлія Васільеўна атрымала давер у аднавяскоўцаў і стала вясковай старастай.

– Хмелеўцы для мяне ўсе, як родныя, – тлумачыць жанчына. – Бывае, нехта спытаецца, як жывуць на Століншчыне, а я толькі пацісну плячыма. Адкуль мне ведаць? На малую сваю радзіму амаль ужо і не прыязджаю… За паўвека гэты край родным стаў.

Яна адчувае сябе сувязным звяном паміж сельвыканкамам і жыхарамі старадаўняга сяла.

– Калі сустракаюся з імі, напрыклад, каля храма, абавязкова цікаўлюся, ці ёсць нейкія праблемы, – гаворыць стараста. – Як даведваюся, што нешта хвалюе людзей, адразу без прамаруджвання звяртаюся ў сельскі Савет дэпутатаў, да яго старшыні Алены Якімчук. Напрыклад, узнікла пытанне з маршруткай. Я перамовілася з Аленай Аляксееўнай: маўляў, жыхары хвалююцца, што транспарт спыніць рух. Старшыня, у сваю чаргу, звярнулася ў райвыканкам, паведаміла пра клопат, які ўсхваляваў жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак. Кіраўніцтва раёна пачула вяскоўцаў, узважліва ўнікла ў іх праблему. У выніку, маршрутка працягвае курсіраваць, задавальняючы патрэбы ўсіх, каму неабходна ехаць хмелеўскім маршрутам.

Альбо вырашылі ў аграгарадку добраўпарадкаваць вясковае возера. Юлія Васільеўна прыгадала, што часткова яго пачысціла мясцовая гаспадарка, аднак сродкаў для заканчэння работы не хапіла. Таму насельніцтва нават выказала згоду сабраць грошы, каб толькі завяршыць гэту добрую справу. У раёне ўхвалілі карысную ініцыятыву хмелеўцаў, у выніку патрэбную палову сродкаў жыхары добраахвотна выдаткавалі самі. Прыемна, адчуваць сябе ўдзельнікам агульнай справы. Цяпер ачышчаны ставок радуе ўсіх сваёй прыгажосцю і прахалодай у спякотныя летнія дні.

БЛІЦ З НАШАЙ ГЕРАІНЯЙ

– У якую пару года адчуваеце сябе найлепш?

– Вельмі восень люблю, мабыць, найперш за тое, што яна прыносіць шмат дамашніх святаў. Пачынаем адзначаць у канцы верасня, калі мой дзень нараджэння, а ў кастрычніку нарадзіліся сыны Сяргей і Дзмітрый, нарэшце, у апошні восеньскі месяц усе віншуем нявестку Святлану.

– Чым займаецеся, калі маеце вольны час?

– Мяне можна назваць надзейным сябрам бібліятэкі. Вельмі падабаецца праводзіць час разам з кнігай. Дзеці падаравалі электронную кнігу, ды гэта не тое, мне патрэбна папяровая. А як восень надыходзіць, цягне ў грыбы, нават калі нічога не знойдзеш, прыемна прайсціся па лесе, падыхаць гаючым паветрам.

– Што вы любіце паесці?

– Я – сапраўдны бульбаш! Дзе бульбачка, там і я! Дранікі, бульба вараная, печаная, смажаная – усё вельмі даспадобы і абавязкова на стале, бо без другога хлеба, здаецца, беларусу і наесціся немагчыма.

– А што падабаецца гатаваць?

– Калі шчыра, стаяць ля пліты не лянуюся. Дзякуй богу, ёсць для каго гатаваць, ёсць каго прысмакамі радаваць, найперш любімых унукаў – Назара, Марынку і найменшага Сашку.

– Ці будзе правільна назваць вас першым чалавекам на сяле?

– Ой, не! Я ж такая, як усе. Калі бачу, што аднавяскоўцам добра, тады і я задаволеная.

– Што пажадаеце чытачам, а асабліва нашым чытачкам у Год беларускай жанчыны?

– Каб усе былі здаровыя, жылі ў шчасці і пад мірным небам.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара