КРЫМІНАЛЬНАЯ ХРОНІКА

КРЫМІНАЛЬНАЯ ХРОНІКА

Калі паквапіўся на дызельнае паліва

Следчым прыйдзецца назваць імя таго, хто ў кар’еры паблізу аграгарадка Ракітніца зліў з бака экскаватара амаль тры сотні літраў дызельнага паліва. І экскаватар, і паліва належалі адкрытаму акцыянернаму таварыству, што ажыццяўляе розныя меліярацыйныя работы ў нашым палескім краі. Такім чынам, гэтай арганізацыі былі нанесены страты на суму больш за 800 рублёў. На невядомага пакуль злодзея ўзбуджана справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Раскошу па чужой картцы не прыдбаеш

Калі Васіліск Д. (тут і надалей прозвішчы і імёны змененыя) завалодаў банкаўскай плацежнай карткай Віктарына Ш., зламыснік, напэўна, марыў параскашаваць на чужыя грошы. А менавіта на сродкі, што знаходзіліся на згаданай картцы. Аднак доўга нажывацца за кошт пацярпелага грамадзяніну Д. не атрымалася, паколькі прапажа была выяўлена ўжо на другі дзень. За гэты непрацяглы перыяд злодзей усё ж паспеў атаварыцца чатыры разы, пры гэтым зрасходаваў 120 рублёў чужых грошай. Цяпер Васіліска Д. чакае суд: дзеянні нячыстага на руку грамадзяніна падпадаюць пад злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса нашай дзяржавы. Такім чынам, раскошу па чужой картцы не прыдбаеш, а вось вялікія непрыемнасці – цалкам магчымыя.

Па інфармацыі начальніка райддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыял да друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК