У апошні летні месяц праваслаўныя вернікі паслядоўна адзначаюць тры важныя святы, устаноўленыя царквою ў гонар Хрыста-Збавіцеля, што пазбавіў людзей ад граху, вечнай смерці і пекла. У народзе 14, 19 і 29 жніўня называюць трыма Спасамі – мядовым, яблычным і арэхавым. За доўгія стагоддзі ў гэтых святах шчыльна перапляліся хрысціянскія і народныя традыцыі, якія ўжываюцца паміж сабою.
Мядовы, або Спас “На вадзе”
Першы Спас прыпадае на 14 жніўня і ўсталяваны з нагоды падвойнай перамогі: у гэты дзень у 1164 годзе старажытнарускі князь Андрэй Багалюбскі атрымаў перамогу над волжскімі булгарамі, а візантыйскі імператар Мануіл Комнін – над сарацынамі (арабамі).
Абодва – і рускі князь, і грэчаскі ўладар – мелі ў сваіх войсках Святы Крыж Гасподні. Яны старанна маліліся крыжу з просьбай дапамагчы ў бітвах. Абодва правіцелі раптоўна пабачылі цуды: ад узятых на вайну ікон Збавіцеля і Божай Маці сыходзіла яркае святло, што ахінала іх войскі. Натхнёныя гэтым байцы адважна кінуліся на варожыя палкі і перамаглі сваіх праціўнікаў.
У царкоўным календары гэтае свята адзначана як Паходжанне сумленных дрэў Жыватворчага Крыжа Гасподняга. Яно суправаджаецца вынасам крыжа, хрэсным ходам і ўрачыстым асвяццем рэк, азёр ды іншых вадаёмаў. Таму першы Спас часам завуць яшчэ мокрым, або Cпасам “На вадзе”.
А вось у народзе ён больш вядомы як мядовы. Нездарма гэты дзень – свята пчаляроў. З ім звязана шмат беларускіх прыказак і прымавак. Напрыклад, у народзе часам кажуць, што “на першы Спас і жабрак мядку паесць”. Раней сяляне лічылі: з гэтага дня пчолы перастаюць выпрацоўваць мёд. Першыя соты бортнікі звычайна неслі ў царкву: не толькі на асвячэнне, але яшчэ і дзеля памінання продкаў, што сышлі ў іншы свет.
Акрамя таго, з мокрага Спаса, як правіла, пачыналася азімая сяўба. Таму прашчуры гаварылі: “Першы Спас – першы пасеў”, – і абавязкова прыносілі ў свой храм насенне, а святары перад выхадам хлебаробаў на палі акраплялі глебу святой вадой.
Са святам мядовага Спаса супадаў дзень памяці старазапаветных пакутнікаў Макавеяў. Упамінанне пра іх у народным календары было звязана з часам збірання маку.
З 14 жніўня пачынаецца Успенскі пост – апошні са шматдзённых пастоў у годзе, які працягваецца па 27 жніўня. Строгасцю правіл Успенскі саступае толькі Вялікаму пасту. У панядзелак, сераду і пятніцу царкоўны статут прадпісвае падчас Успенскага паста “сухаедства”, у аўторак і чацвер – вараную ежу, але без алею, па суботах і нядзелях дазволены віно ды масла.
Яблычны, або Спас “На гары”
Другі Спас, які адзначаецца сёння, 19 жніўня, нярэдка называюць Вялікім, а таксама Спасам “На гары”. Аднак найбольш папулярнае яго імя – яблычны.
У праваслаўі ў гэты дзень святкуюць Праабражэнне Госпада нашага Ісуса Хрыста . Гэта адно з самых важных, двунадзясятых, святаў. Яно звязана з апісаным у Евангеллях таямнічым “з’яўленнем Боскай велічы і славы Хрыста” перад трыма яго бліжэйшымі вучнямі.
Святое Пісанне распавядае, што Ісус, узяўшы Пятра, Якава ды Іаана, падняўся на гару, каб памаліцца. Падчас малітвы і адбылося Праабражэнне. Твар Хрыста азарыўся святлом, а адзенне яго раптоўна стала бялейшым за снег.
Пасля гэтага ўзніклі прарокі Майсей ды Ілія, якія гутарылі з Ісусам. Вучні, што сталі сведкамі Праабражэння, былі моцна напалоханыя. Збавіцель супакоіў іх, аднак забараніў расказваць пра тое, што адбылося падчас малітвы, пакуль Хрыстос не ўваскрэсне, як яму было наканавана. Гэтае свята заклікае нагадаць людзям аб неабходнасці духоўнага ператварэння.
Вялікі Спас асабліва паважалі ў народзе. У гэты дзень у храмах асвячалі яблыкі ды іншыя плады, пасля чаго дазвалялася ўжываць іх у ежу. Адсюль і народная назва свята. Па традыцыі вернікі пяклі пірагі з яблыкамі, варылі варэнне і частавалі ім адзін аднаго.
Асвячалі на Праабражэнне Гасподняе і каласы новага ўраджаю. У народзе невыпадкова казалі: “Спас – досыць хлеба ў нас”.
Часам Яблычны Спас яшчэ называюць “першымі асянінамі”, гэта значыць сустрэчай восені. Пасля свята, якое з’яўлялася мяжой паміж летнім і восеньскім цыкламі работ, у некаторых мясцінах пачыналі сяўбу азімых, капалі раннюю бульбу. У гэты дзень ладзіліся кірмашы.
Нарэшце, у народзе Яблычны Спас лічылі днём адлёту буслоў. Было заўважана, што калі гэтыя белакрылыя птушкі пачыналі рыхтавацца да вылету за тыдзень перад Праабражэннем, то зіма чакаецца ранняя і марозная, а вясна цёплая. А вось калі буслы збіраюцца ў вырай пасля Спаса, дык восень будзе цёплай, зіма позняй, а вясна халоднай. Адлёт буслоў сведчыў пра набліжэнне зімы. Аб гэтым нагадвалі і беларускія прыказкі: “Прыйшоў Спас – і лета ад нас”, “Спас – бяры рукавіцы ў запас”.
Арэхавы, або Спас «На палатне»
Заключны, трэці, Спас адзначаюць 29 жніўня. Свята ўстаноўлена ў гонар Перанясення Нерукатворнага Абраза Гасподняга ў Канстанцінопаль. Гэта падзея адбылася ў Х стагоддзі, але мела даўнюю перадгісторыю.
Існуе паданне, што падчас зямнога жыцця Ісуса Хрыста князь Едэскі цяжка захварэў. Даведаўшыся пра цуды Збавіцеля, князь паслаў да яго свайго мастака з лістом. Калі жывапісец убачыў Хрыстова аблічча, то захацеў адлюстраваць Збавіцеля на палатне. Аднак усе спробы засталіся марнымі – майстар ніяк не мог улавіць рысы твару Гасподняга. Заўважыўшы гэта, Ісус загадаў прынесці вады, памыўся, выцер твар свой хусткай, і на здзіўленне прысутных на хустцы адразу ж з’явілася выява Хрыста. Гэты свой нерукатворны вобраз Ісус Хрыстос паслаў князю разам з лістом, у якім, між іншым, напісаў: “Шчаслівы ты, што ўвераваў у мяне, нават не пабачыўшы мяне”. Князь атрымаў выяву Хрыста, пакланіўся яму і амаль цалкам пазбавіўся хваробы.
Трэці Спас называецца арэхавым, паколькі да гэтага дня, як правіла, спеюць арэхі. У Беларусі ляшчына спрадвеку лічылася свяшчэннай, бо сімвалізавала радасць жыцця і вялікую пладавітасць.
Акрамя таго, трэці Спас сяляне нездарма празвалі хлебным, паколькі ён азначаў канец жніва і азімай сяўбы – з “дажынкамі”, “дасеўкамі”, а нярэдка і з “засеўкамі”. Таму й існавалі ў народзе адпаведныя прымаўкі: “Добра, калі Спас – на палатне, а хлеб у гумне”, “Трэці Спас хлеба прыпас”, але існаваў і напамін: “Прыйшоў Спас – і лета ад нас”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
