КРЫМІНАЛЬНАЯ ХРОНІКА 

Пільнасць – ваша бяспека…

На якія толькі выдумкі не ідуць махляры для таго, каб адабраць вашы грошы і пакарыстацца імі! Тут кожны чалавек абавязаны праяўляць пільнасць. І яшчэ раз пільнасць! Пра гэта не першы раз папярэджваем мы грамадзян. Напрыклад, невядомы болей за восем гадзін пераконваў Славаміру Д. (тут і надалей імёны змененыя) у тым, што яна, каб захаваць грошы, абавязана свае долары і беларускія рублі задэклараваць. Сума была вельмі значная і перавышала сорак сем з паловаю тысяч рублёў.

Зламысніку здавалася, што ён ужо пераканаў жанчыну, аднак пакарыстацца чужымі зберажэннямі невядомы так і не змог, бо Славаміра ў апошні момант адумалася і грошы па ўказаным адрасе не даставіла. “Добразычліўца” шукаюць: на яго ўзбуджана справа па частцы 1 артыкула 14 і частцы 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

…а даверлівасць – вашы страты

Другі махляр доўга і ўмела ў ходзе размовы з дапамогай месенджэра “WhаtsАрр”, маючы намер завалодаць чужымі грашыма, абяцаў Авяр’яну Д. мець добры куш на гандлёвай біржы, прадаючы валюту. Узятых на сябе абавязацельстваў незнаёмец, канечне, выконваць не збіраўся, а сам абагаціўся больш чым на 78 тысяч рублёў, што належалі Авяр’яну, а цяпер у адзін момант аказаліся ў кішэні хітрага дзялка.

Па дадзеным факце ўзбуджана справа за злачынства, прадугледжанае часткай 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса краіны.

Ведай, з кім гутарку вядзеш

Вікторый Ч. наўмысна аказаў садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці, якая выразілася ў дачы інтэрв’ю групе грамадзян, аб’яднаных пад назваю “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Бо гэтая групоўка забаронена па рашэнні МУС Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2023 года “Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне яго дзейнасці”.

Яго цёзка Вікторый Ж. даў інтэрв’ю другой забароненай групоўцы. Цяпер хлопцы чакаюць позвы ў суд. Хочаш жыць спакойна – будзь сумленны, не парушай законы, думай, з кім гутарку вядзеш, каму інтэрв’ю даеш.

Не гуляй у хованкі з прэвентыўным наглядам

У Агнесы С. даўнія нелады з законам: жанчына не адзін раз прыцягвалася да крымінальнай адказнасці. Адбыўшы пакаранне, яна, аднак, так і не стала на шлях перавыхавання. Болей таго, нават накладзеныя на яе судом абмежаванні далёка не заўжды выконваліся Агнесай. З’яўляючыся асобай, за якой устаноўлены прэвентыўны нагляд, яна на працягу года двойчы за парушэнні падвяргалася адміністрацыйнаму спагнанню.

Павучаннямі і адміністрацыйным пакараннем, на жаль, не была дасягнута пастаўленая мэта: новы год жанчына пачала таксама з парушэнняў. Напрыклад, пункт пяты абмежаванняў патрабаваў не пакідаць сваё жыллё з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы наступных сутак. Праўда, некалькі праверак у лютым паказалі, што Агнеса не начавала ў сваёй кватэры. Болей таго, пункт шосты абавязваў жанчыну тройчы ў месяц па серадах з’яўляцца для рэгістрацыі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі, аднак 11 сакавіка яна без уважлівых прычын на рэгістрацыю не з’явілася. Сабраныя матэрыялы патрабуюць ад суда прымяніць да парушальніцы меры крымінальнага характару. Супраць Агнесы С. узбуджана справа.

3дарэнне на дарозе

Адным не зусім шчаслівым ранкам вадзіцель Дзіянісій Г. каціў па трасе Брэст – Мінск – граніца Расійскай Федэрацыі на сваёй іншамарцы ў напрамку горада над Бугам. Перад пешаходным пераходам прыпыніўся другі аўтамабіль, у які ўрэзалася машына Дзіянісія. У выніку сутыкнення пасажырка з аўтамабіля, што стаяў, атрымала шэраг цялесных траўм. У выніку ў адносінах да Дзіянісія Г. узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Па інфармацыі начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыял да друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.