Сярод першых уваходзіў у Афган

Авеянае славай імя нашага земляка гвардыі палкоўніка Івана Комара (1956 – 2004) годнае нашай памяці на доўгія часы. Іван Генадзьевіч адзначыўся ў многіх гарачых кропках. А пачынаўся яго баявы шлях на афганскай зямлі, куды наш зямляк разам з аднапалчанамі ў ліку першых уваходзіў у 1979 годзе.

Яго малая радзіма мае ласкавае і вельмі мірнае імя – Жыцінь. Хоць лёсам Івану Генадзьевічу было наканавана не раз пазіраць у твар смерці, прайсці праз шматлікія ваенныя канфлікты, на якія аказалася багатым ХХ стагоддзе, ён даскону зберагаў любоў да вёсачкі, што захоўвала ў сваёй назве слова “жыць”.

Яшчэ ў дзяцінстве Ваня Комар быў у захапленні ад папулярнага кінафільма “Афіцэры”. І калі ў канцы сярэдняй школы ў юнака склалася неадольнае жаданне стаць вайскоўцам – бо “ёсць такая прафесіія – Радзіму абараняць”! – ён накіраваўся ў 1974 годзе ў Разань, у вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча. Яго паклікалі рамантыка неба і высокі абавязак. Чатыры гады навучання праляцелі амаль непрыкметна, тым больш, што вайсковай справе хлопца з Жабінкаўшчыны вучылі такія прафесіяналы сваёй справы, як Аляксандр Лебедзь і Павел Грачоў (тады – лейтэнанты, пазней – праслаўленыя генералы і палітычныя дзеячы Расійскай Федэрацыі).

Аляксандр Іванавіч і Павел Сяргеевіч выхавалі ў нашым земляку якасці сапраўднага афіцэра і патрыёта сваёй Радзімы. Ён, у сваю чаргу, вучыўся сумленна, узмоцнена займаўся спортам, меў першы разрад па чатырох яго відах.

Пасля заканчэння вучылішча лейтэнанта Івана Комара прызначылі камандзірам разведвальнага ўзвода 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Яго падраздзяленне вызначылася падчас вучэнняў “Беразіна”, што праводзіліся ў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акрузе.

У самыя апошнія дні 1979 года Іван Генадзьевіч і яго байцы былі паднятыя па трывозе і прыбылі ў Віцебск. Малады камандзір уводзіў сваю асобную разведвальную роту ў Афганістан. У рэжыме строгай сакрэтнасці Іван Комар дабіўся поспеху пры выкананні розных разведвальных задач у Кабуле падчас звяржэння рэжыму Аміна. Вясной 1980 года рота, якая без страт выконвала свае баявыя задачы, была ўзнагароджана граматай як лепшая ў дывізіі. А праз год гвардыі капітан Комар (новае званне ён атрымаў датэрмінова) узначаліў батальён, што вызначыўся ў баях у правінцыях Кандагар і Гільменд на мяжы Афганістана з Іранам і Пакістанам. Усяго Іван Генадзьевіч непасрэдна браў удзел амаль у сямідзесяці баявых аперацыях супраць душманскіх фарміраванняў. За гэта адважны камбат быў прадстаўлены да высокага звання “Герой Савецкага Саюза”, аднак вышэйшае камандаванне вырашыла адзначыць яго дзеянні іншай баявой узнагародай.

У 1982 – 1985 гадах Іван Комар вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя М.В. Фрунзэ, а затым стаў начальнікам штаба 234-га парашутна-дэсантнага палка. У 1989-м наш зямляк зноў апынуўся на афганскай зямлі. Як некалі, амаль дзесяць гадоў раней, ён у званні лейтэнанта са сваімі байцамі ўваходзіў ў ліку першых ў гэтую неспакойную і вогненную краіну, так цяпер падпалкоўнік Іван Комар быў адным з апошніх, хто пакідаў яе ў якасці камандзіра 357-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка.

У неспакойныя 90-я гады мінулага стагоддзя, якія вызначаліся распадам Савецкага Саюза, нараджэнцу Жабінкаўшчыны давялося неаднойчы аказвацца ў так званых гарачых кропках, якіх было тады шмат на пастсавецкай прасторы і ў былой Югаславіі. Прынамсі, яго байцы выконвалі міратворчыя місіі ў вайне Арменіі і Азербайджана, Грузіі і Абхазіі, а ў разгар асеціна-інгушскага канфлікта ад Пскоўскай дывізіі быў сфарміраваны зводны парашутна-дэсантны полк. Камандзірам яго стаў Іван Комар, які неўзабаве датэрмінова атрымаў званне гвардыі палкоўніка.

Многія выхаванцы нашага земляка сталі палкоўнікамі, генераламі і Героямі Расійскай Федэрацыі. Апошняя высокая пасада, якую займаў Іван Генадзьевіч у 1999 – 2002 гадах – старшыня навукова-тэхнічнага камітэта паветрана-дэсантных войск. У гэты час сумесна з канструктарскімі бюро абаронных прадпрыемстваў і навукова-даследчымі інстытутамі Міністэрства абароны ён займаўся стварэннем новых узораў тэхнікі, узбраенняў і экіпіроўкі. Быў прадстаўлены да Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі.

Баявы шлях Івана Комара адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. У іх ліку – ордэны “За ваенныя заслугі”, Чырвонай Зоркі, “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ і ІІ ступені, “За асабістую мужнасць”.

Памёр наш зямляк заўчасна 17 снежня 2004 года. Быў пахаваны на Кузьмінскіх могілках у Маскве.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота з архіва аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.